Местная традиция — богатый стол
gazeta 16-09-2015, 16:15 0 Навіны
Выстава творчасці кухараў на сёлетнім абласным свяце нацыянальных культур, што традыцыйна праходзіць у Міёрах на паўвоставе ў рамках Рэспубліканскага фестывалю, атрымалася не такой маштабнай, як у папярэднія гады. Відаць, на абласны этап пасля пэўнага адбору наведаліся толькі тыя калектывы, майстры і выканаўцы, якія прэтэндавалі на ганаровае прадстаўленне нашай Віцебшчыны ў Гродне. А вось журы было самае высокае пад апекай мастацкага кіраўніка дзяржаўнай установы "Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча" Міхаіла Дрынеўскага. У судзейскай брыгадзе працавалі людзі заслужаныя і вядомыя ў творчым асяроддзі.
Іх знаёмства з удзельнікамі свята традыцыйна пачалося з ацэнкі страў нацыянальных кухняў. Першай прэзентаваў башкірскую народны клуб нацыянальных культур Ільюшынскага СДК з Ушацкага раёна пад кіраўніцтвам Вольгі Візгалавай. Пасля дэгустацыі многія ўдзельнікі свята потым цікавіліся рэцэптамі круглага пірага так-бяляш, дэсерту чак-чак (гарошынкі з цеста на яйках гатуюцца ў алеі і абліваюцца мёдам), бліноў бучмакоў (на кіслым малацэ і яйках) і кастыбаю (на малацэ, пякуцца на сухой патэльні), напою айран (з кіслага малака і мяты ці мелісы) і іншага. Але калі гэтая смаката крыху ад экзотыкі, то майстрыхі Паліна Далгалёва і Юлія Мядзведзь з "Іказненскай крыніцы" прапаноўвалі больш знаёмае са стараверскай кухні—вядома ж, у першую чаргу знакамітыя сканцы з тварагом, яблыкамі ці рыбай.
Багаты стол беларускіх страў падрыхтаваў Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў з г.п. Копысь Аршанскага раёна. Дырэктар Лілія Кухарэнка і яе памочніцы Людміла Старавойтава, Алена Сухаварава, Алена Старарусава і Алена Бараноўская дэманстравалі стравы з бобу і фасолі, квашаніну, запечаную рульку, розныя бліны і мачанку да іх, кулеш, бабку… Усё нават цяжка пералічыць, не тое што пасмакаваць.Красамоўна называецца клуб беларускай кухні і гульні з Докшыц—"Смачна есці". А як інакш адносіцца да клёцак з душамі (знатакі сцвярджалі, што такіх больш няма нідзе!), вясковага сыру і сала, розных пірагоў, яблыкаў з курацінай (прызнаюся, такога раней не бачыў), бліноў з брусніцамі… Адным словам, стравы Святланы Каляга і Ірыны Штоль мелі павышаную цікавасць.Песняй пад баян Дзімы Крывёнка сустрэлі журы прадстаўніцы Глыбокага Таццяна Будрэвіч, Вольга Бацянкоўская, Вольга Андзілеўка, Таіса Фацеева і Зоя Градзюшка. А яшчэ ватрушкамі, пернікамі, пірагамі і піражкамі, дранікамі са смятанай, бульбай са шкваркамі. Нібы і знаёмае ўсё з дзяцінства, ды арыгінальнае і вельмі смачнае.
"Заборская гасцёўня" з Расонскага раёна парадавала бярозавым квасам, бабкай з грыбамі, дамашнімі яешняй і пячэннем, пірагамі з розным начыннем, іншымі традацыйнымі беларускімі стравамі, што прыгатавалі Вольга Картавенка, Тамара Макулевіч, Вольга Валкавец і Алена Карнеева.Багаты стол быў ад Шумілінскага дома рамёстваў "Разынка"—з крупнікам, дранікамі, тушанай морквай, блінамі з грыбамі, яблыкамі і капустай, бутэрбродамі з салам, а вось асабліва запомнілася самае звычайнае—надта смачны хлеб. Сцвярджаюць майстрыхі Наталля Сцержанкова, Анжэла Сяргеева, Кацярына Барабанава і Вольга Загвоздава, што пякуць яго самі на кляновых ці капусных лісцях. А кіруюцца яны дэвізам "Прыняць, накарміць і з сабой даць".Насупраць гэтай смакаты размясціліся выставы вырабаў народных майстроў. Багатымі былі прапановы Міёрскага народнага клуба "Святліца", які прадстаўляла Алена Батарчук.
Разьбу па дрэве дэманстраваў Яўген Ананіч і пляценне з лазы—Аляксей Краўчанка з Шаркаўшчыны. Пра сімволіку самаробных лялек Зернавуху (з зерня новага ўраджаю), Траўніцу (з напаўненнем духмянымі зёлкамі), Масленіцу (з блінамі) і іншых апавядала метадыст Глыбоцкага Дома рамёстваў Марына Дземяшкевіч. Тут жа не толькі дэманстравалі роспісы па палатне і дрэве, але і праводзілі майстар-класы для юных міёрскіх мастачак Святлана Скавырка і Святлана Кавальчук.Кацярына Фадзеева з Шуміліна і на нашым паўвостраве займалася вышываннем традыцыйнымі ўкраінскімі стылямі, перанятымі ад маці. Наколькі яны народныя, наглядна можна было прасачыць па ўзорах ручніка з сямейнага збору, якому больш за стагоддзе. А Аляксандра Краўчанка з Сянно запэўніла, што апранула таксама стогадовую бабуліну ўкраінскую кашулю, а ў нас дэманстравала даўняе майстэрства вышывання "пяцелькамі-вузельчыкамі" шоўкам і мулінэ розных матылькоў, стварала штучныя галінкі бэзу і бярозы. Ды так, што адразу з'явіліся жадаючыя купіць гэтыя вырабы.
Толькі расонскі мастак Анатоль Васюнькін адзначаў: створаныя ім партрэты, бытавыя сцэнкі і пейзажы, роспіс алеем па дрэве нацыянальнага каларыту не маюць. Але ж на іх такія знаёмыя матывы!З мясцовым уплывам польскай культуры знаёміў удзельнікаў свята настаўнік гісторыі СШ №3 Вітольд Ермалёнак.Цяпер рэспубліканскае журы вызначае, хто з удзельнікаў абласнога свята ў Міёрах будзе прадстаўляць Віцебшчыну ў Гродне.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.