Подсчитываем расходы
gazeta 6-08-2013, 10:01 0 Навіны
Па інфармацыі БЕЛТА сёлета бацькам, каб сабраць дзіця ў школу, спатрэбіцца ад 860 тысяч да 4,3 мільёна рублёў. Ці магчыма ўкласціся ў такую суму жыхарам нашага раёна, вырашыла праверыць я, карэспандэнт газеты, адправіўшыся ў рэйд па магазінах райцэнтра. Паколькі ў самой расце дачка, якая праз два гады пойдзе ў школу, арыентуюся на дзяўчынку-першакласніцу. Рост прыблізна каля 130 сантыметраў, сярэдняга целаскладу, памер абутку — 31.
Пад нумарам адзін у спісе пакупак — набыццё спадніцы або сарафана і пінжака са штанамі. Аддаём перавагу вырабам айчынных вытворцаў, таму першай справай наведваемся ў аддзел "Дзіцячы свет" ва ўнівермагу. Неабходныя мадэлі ёсць, але выбар невялікі. Загадчыца аддзела Вольга Паўлаўна Шокель запэўніла: хутка будзе прывоз. А пакуль прыйшлося здавольвацца тым, што ў асартыменце. Колеры адзення стрыманыя, класічныя: чорны, шэры, цёмна-сіні і карычневы ў клетку. За сарафан трэба аддаць ад 185 да 200 тысяч рублёў. Касцюмаў нашага памеру пакуль не было. Белая святочная блузка каштуе 158-250 тысяч. На кожны дзень купляем рознакаляровыя вадалазкі, патрэбны як мінімум дзве. Іх кошт вагаецца ў межах 64-93 тысяч рублёў.
Наступная ў спісе пакупак — спартыўная форма. У сярэднім касцюмы каштуюць 247 тысяч рублёў. Асобна за спартыўныя штаны трэба заплаціць ад 62 да 98 тысяч. Для заняткаў фізкультурай можна купіць яшчэ дзве футболкі. Цэны ад 25 да 62 тысяч за адну. Спартыўны абутак выбіраем асабліва старанна. Ён павінен быць лёгкім, на светлай гумовай падэшве (цёмны пакідае след на падлозе). Асаблівага выбару няма: нічым не прыкметныя тапачкі за 22 тысячы. Красоўкі не танныя — ад 343 да 382 тысяч рублёў за пару, прычым, яны цяжкія, дзіця будзе адчуваць сябе ў іх нібы ў кайданах.
Далей выбіраем туфлі. Нам даспадобы абутак фірмы "Шагавіта". Патрэбны памер у асартыменце. Мяркую, што 255-260 тысяч за пару — прымальная цана. На змену нагледзелі элегантныя туфелькі за 235-250 тысяч рублёў. Не танна, але з густам.
Прыцаніліся і да чаравікаў. За зімовыя трэба аддаць не менш за 500 тысяч рублёў, за асеннія — каля 400.
Запасаемся калготкамі. "Контэ" каштуюць 32-35 тысяч, брэсцкія вырабы — каля 10000. Бяром тры пары: белую і дзве рознакаляровыя. Заадно купляем дзве пары шкарпэтак за 9-10 тысяч рублёў, два камплекты ніжняй бялізны за 30-50 тысяч.
На цёплыя восеньскія дні спатрэбіцца вятроўка. На тонкім флісе каштуе 373 тысячы рублёў. На сезон восеньскіх халадоў ёсць паліто ад 485 да 520 тысяч. Зімовых куртак у асартыменце пакуль няма. Са слоў прадаўца, за іх трэба будзе заплаціць не менш за 800 тысяч рублёў.
У аддзеле ўнівермага ёсць ранцы беларускай вытворчасці ад 225 да 250 тысяч рублёў. Сярод іх адзін "кітаец", аднак, са слоў загадчыцы аддзела, нашы патрабавальныя пакупнікі аддаюць перавагу айчынным таварам.
У працэсе гутаркі да нас падышла жанчына з Расіі, якая адзначыла, што ўжо не першы год прыязджае ў Міёры апранаць дзяцей да школы, прычым аддае перавагу таварам з універмага. Яе задавальняюць якасць і цэны, а таксама выбар.
Цяпер наведаемся ў гандлёвыя буцікі. "Буся" зачынена. У магазіне "Наталі" ёсць што трэба. Усё ў купе: спадніца, сарафан, штаны і пінжак каштуюць 450-500 тысяч рублёў. І вось, нарэшце, мы знайшлі жаданы бардовы колер! Туфлі святочныя каштуюць 210 тысяч рублёў, а на кожны дзень — 150-160. Зменны абутак — да сотні. Ёсць выбар спартыўных касцюмаў цаной ад 280 да 300 тысяч рублёў. Футболкі па 50-60. Спартыўныя тапкі можна купіць за 90-120, а вось красоўкі за 150-160 тысяч. Вадалазкі на кожны дзень абыдуцца ў 45-55 тысяч, белая святочная блузка — 150-200. Вятровак няма, але вялікі выбар вязаных кофт па 150-250 тысяч рублёў.
У магазіне "Таццяна" багаты асартымент і адзення, і канцылярскіх тавараў. Не хапае толькі абутку. Сарафан каштуе ад 193 да 250 тысяч рублёў, касцюм са штанамі — 178-250, са спадніцай — 200. Плюс белая блузка — 120, вадалазкі па 70. Тапачкі — 55-60 тысяч. А вось фізкультурная форма патрабуе 175-235 тысяч. Футболкі па 40 тысяч. Прыемна здзіўляе коштам ранец — усяго 100 тысяч, аднак ён кітайскай вытворчасці.
У "Беларускім абутку" выбар невялікі: туфлі па цане 222 тысячы, на змену можна падабраць сімпатычныя тапачкі за 50-120.
У магазіне "Вікторыя" большы выбар. Туфлі абыдуцца ў 190-330 тысяч, прычым самыя дарагія — з натуральнай скуры. "Змену" мы знайшлі за 75-180, а спартыўныя падабралі за 85 тысяч (тапачкі), ёсць і красоўкі (140).
Нарэшце, мы ўжо апранутыя і абутыя! Засталося купіць толькі канцылярскія прылады. Для гэтага наведваем кніжны магазін універмага, "Таццяну", "Вясёлку". Пакупкі робім па спісе, параўноўваючы кошт. У наяўнасці прыгожыя дзённікі для пачатковай школы, асобна для хлопчыкаў і дзяўчынак. Каштуюць яны 4,5-5,1 тысячы. Бяром па 10 сшыткаў у звычайную і касую лінейку, — у розных магазінах кошт вагаецца ад 16 да 30 тысяч, у залежнасці ад вашых магчымасцяў і густу дзіцяці. За вокладкі для іх трэба заплаціць ад 1,9 да 10 тысяч за дзясятак, за папку — 14-25. А вось "вопратка" для адной кнігі каштуе 3,4, ёсць спецыяльныя камплекты па класах, — 42 тысячы. Прыглядаемся да пеналаў: іх лепш браць без напаўнення, хаця ёсць і ўкамплектаваныя, якія каштуюць 80 тысяч. Простыя абыдуцца ў 9-31.
Дзве сінія ручкі каштуюць ад 2 да 10 тысяч, неабходна і некалькі каляровых — яшчэ ад 4 да 10. За два простыя алоўкі давядзецца заплаціць ад 2 да 5. Тачылка і гумка — 5-10 тысяч рублёў. Кардонная лінейка каштуе 0,5 тысячы рублёў, пластыкавая да 7. Асобных трохвугольнікаў няма, аднак ёсць яны ў наборах — каля 12 тысяч. Аказваецца, нетанна ў наш час займацца матэматыкай! Неабходны атрыбут для першакласніка — лічыльныя палачкі — каштуюць 8-13 тысяч. Матэматычнага набору мы не знайшлі нідзе, аднак знаёмыя падказалі, што за яго трэба аддаць каля 80 тысяч. Веер з лічбамі да 20 каштуе на 8-20, з літарамі — 6-13. Знаёмая з савецкіх часоў каса літар каштуе 24-25 тысяч.
Збіраем знакаміты набор "Нажнічкі-чараўнічкі": клей ПВА і клей-аловак ад 10 да 26 тысяч, кардон і каляровая папера — 12-24 і 7-12 адпаведна. Самі нажнічкі "выражуць" з вашага сямейнага бюджэту яшчэ 8-15 тысяч. Аднак гэта дробязі ў параўнанні з фарбамі (10-26 тысяч), не кажучы ўжо пра гуаш (28-46). А калі патурбавацца пра чысціню парты і адзення свайго дзіцяці, купіце "непралівайку" — 10 тысяч. Пэндзлікі можна знайсці за 4. Плюс альбом (6-20 тысяч), а да яго ў камплект — фламастэры (10-20). Не абысціся без каляровых алоўкаў — яшчэ 20 тысяч, але гэта звычайныя, нямецкія — 80! Маленькаму творцу неабходны пластылін (10-16 тысяч), плюс дошка для работы з ім — 10. Здаецца, ўсё!
Прыйшла пара падлічваць выдаткі. Сціпла апрануць першакласніцу ў нашым райцэнтры, купіўшы толькі самае неабходнае, атрымаецца за 3385 тыс. рублёў. Калі браць убранне больш моднае—5567 тыс. руб. Аднак столькі давядзецца заплаціць толькі за адзенне і абутак. На канцылярскія тавары выдзяляем дадаткова 296 і 686 тыс. рублёў адпаведна.
Рэдакцыя падлічыла не толькі рэчы першай неабходнасці, але і зімовыя і асеннія боты і курткі, неабходныя дробязі (калготкі, шкарпэткі, камплекты). Зразумела, што гэтага мінімуму не хопіць. Як бачна па прыведзеных разліках, асартымент прадстаўлены для розных кашалькоў. І вам выбіраць. А калі яшчэ пачаць зборы загадзя, раздзяліўшы выдаткі на некалькі разоў, удару па кішэні амаль не адчуеце. Прыемных вам пакупак!
Збірала школьніцу Алена ВАРОНІНА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.