О гранях мастерства сотрудников загса
gazeta 18-12-2015, 15:36 0 Навіны
Калі почырк урача здаецца кітайскім алфавітам, то вы дакладна не супрацоўнік аддзела загса. Для тых, хто мае справу з дакументамі, якім больш за сотню год, медыцынскія "пісьмёны" ледзь не ўзор каліграфіі. У царкоўных метрычных кнігах ХІХ стагоддзя, кнігах рэгістрацый актаў грамадзянскага стану пасляваеннага перыяду і мностве сучасных журналаў і дакументаў начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Галімбоўская і галоўны спецыяліст Вольга Пашкоўская арыентуюцца як спрактыкаваны вадзіцель у складанай дарожнай сітуацыі. Практычна штодня ім даводзіцца шукаць звесткі пра людзей, якія нарадзіліся ці пражывалі на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна. І гэта толькі невялікая частка тых спраў, якімі запоўнены працоўныя будні.
Аперацыя "Пошук"
Згодна з графікам, па серадах аддзел загса працуе з 11:00 да 20:00 з перапынкам на абед з 14:00 да 15:00. На гэты дзень тыдня і запланавалі "ўкараненне" карэспандэнта раённай газеты ў свет запісаў актаў, даведак і справаздач.
—Вось першае заданне. Пашукайце прозвішчы людзей, чыё нараджэнне, магчыма, было зарэгістравана ў нашым раёне,—ставіць задачу Вольга Пашкоўская.
Перада мной два невялікія стосы кніг. На вокладцы чытаю: "Алфавітны журнал да кніг рэгістрацый актаў грамадзянскага стану (адноўленыя запісы актаў аб нараджэнні па Дзісенскім раёне) 1944-1947". Назвы наступных адрозніваюцца толькі гадамі: 1948-1950, 1951-1955, 1956-1959. У другім стосе кніг такія ж запісы па Міёрскім раёне. Вольга Уладзіміраўна тлумачыць, што пасля вайны, калі многія дакументы былі страчаны, трэба было аднаўляць запісы актаў, у тым ліку і аб нараджэнні. Людзі прыходзілі ў бюро ЗАГСаў Дзісенскага і Міёрскага раёнаў і там, зыходзячы з асабістых сведчанняў і знешняга выгляду, складаўся адноўлены запіс акта аб нараджэнні.

—Такія запыты атрымліваем ледзь не кожны дзень,—заўважае галоўны спецыяліст.—Здараецца, нашчадкі не ведаюць, дзе нарадзіліся ці былі пахаваны іх продкі, камусьці патрэбна даведка аб нараджэнні ці смерці родных для пэўных юрыдычных працэдур, хтосьці хоча скласці генеалагічнае дрэва. Звяртаюцца за дапамогай у абласныя архівы, адкуль ставяцца задачы перад аддзеламі загса. Трэба сказаць, знайсці запатрабаваныя прозвішчы ўдаецца нячаста.
Мае пошукі таксама поспеху не мелі. Аднак адсутнасць інфармацыі—таксама вынік. Цяпер трэба скласці і адправіць адказ на запыт.
Суперажыванне — спадарожнік прафесіі
Пакуль займалася пошукавай дзейнасцю, у аддзел па розных пытаннях прыходзілі наведвальнікі. Мужчына завітаў, каб аднавіць пасведчанне аб нараджэнні сваёй дачкі. Такая працэдура праводзіцца на платнай аснове і каштуе палову базавай велічыні. Аднак калі ў першапачатковым дакуменце была дапушчана памылка, паўторная выдача бясплатная. Бацька адправіўся аплочваць паслугу, а начальнік аддзела тым часам падрыхтавала пасведчанне.
—Сучасныя пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе менш трывалыя ў параўнанні з савецкімі "продкамі". Ці можна іх заламінаваць для на- дзейнасці?—цікаўлюся ў начальніка аддзела.
—Гэтага рабіць нельга,—адзначае Вольга Норбертаўна.—Да прыкладу, калі дзіця будзе атрымліваць пашпарт, на пасведчанні аб нара-джэнні ў групе па грамадзянстве і міграцыі РАУС павінны будуць паставіць адзнаку. На заламінаваным дакуменце гэта зрабіць немагчыма, давядзецца яго аднаўляць. Да таго ж і копію з "абароненых" пасведчанняў зняць не атрымаецца. Таму лепш набыць спецыяльную вокладку і ўвогуле абыходзіцца з дакументамі беражліва.
Наступным візіцёрам была жанчына, якой патрабавалася даведка аб рэгістрацыі смерці бацькі. Атрымлівае ў спадчыну яго дом, для чаго патрэбна сабраць дакументы. Настрой у наведвальніцы быў не самы лепшы, на ўдакладняльныя пытанні начальніка з ноткамі незадаволенасці адказвала: "Я дала дакументы. Там усё напісана".
—Людзі розныя прыходзяць,—заўважыла Вольга Норбертаўна, калі жанчына вырашыла сваё пытанне і развіталася.—Хтосьці пазітыўна настроены, іншы нечым раздражнёны. Апошняе, вядома, не вельмі прыемна, аднак з кожным трэба быць уважлівым і добразычлівым.
—Некаторыя, пакуль чакаюць даведку ці іншы дакумент, пра свае радасці і перажыванні раскажуць,—далучаецца да размовы Вольга Уладзіміраўна.—У нашай справе патрэбна не толькі засяроджанасць пры рабоце з дакументамі, але і эмацыянальны ўдзел падчас зносін з людзьмі. Прычым эмоцыі часам вельмі рэзка змяняюцца са станоўчых на супрацьлеглыя. Аднойчы зарэгістравала шлюб, на душы так радасна. Выходжу з залы для ўрачыстасцей, а ў калідоры чакаюць людзі, якім трэба зарэгістраваць смерць роднага чалавека. Настрой адразу іншы.
Існуе меркаванне, што да работы трэба ставіцца з халоднай галавой, а душэўныя парывы і эмоцыі лепш пакідаць за дзвярыма працоўнага кабінета. У аддзеле загса без суперажывання не абысціся, хоць гэта і не з'яўляецца прамым службовым абавязкам.
Зноў да кніг і запісаў актаў
—Вернемся да пошуку,—прапаноўвае Вольга Уладзіміраўна.
На стале ў галоўнага спецыяліста паштовы канверт, чый шлях ляжаў аж з Казахстана. Для афармлення права спадчыннасці сыну патрэбна даведка аб нараджэнні маці. Указаны месца, год нараджэння і поўныя імёны бацькоў жанчыны. Паколькі нарадзілася яна ў 1935 годзе, то інфармацыю трэба шукаць у царкоўных метрычных кнігах. Да Вялікай Айчыннай вайны менавіта цэрквы і касцёлы выконвалі ролю органаў, якія рэгістравалі нараджэнні, шлюбы і смерці. Толькі ў пасляваенны перыяд гэтыя задачы ўсклалі на сельскія саветы і бюро ЗАГС. Сярод царкоўных кніг, што захоўваюцца ў архіве ад-дзела загса, самая даўняя датуецца 1839 годам. Гэта кніга Чэраскай царквы, у якой рабіліся запісы аб смерці. На год "маладзей" кніга той жа царквы, дзе рэгістраваліся нараджэнні.

—Ваш запіс акта аб нараджэнні жадаеце пабачыць?—цікавіцца Вольга Норбертаўна.—Давайце пройдзем у архіў.
У асобным памяшканні на паліцах у шафах мноства кніг, і ў кожнай запісана шмат імёнаў і дат. Самой зарыентавацца ў гэтай "бібліятэцы" складана, затое супрацоўнікі загса, напэўна, і з заплюшчанымі вачыма адшукаюць патрэбную кнігу. Вось і дадзеныя па Мікалаёўскім сельскім Савеце. Адчуваю прыемнае хваляванне, калі начальнік аддзела паказвае дакумент, якім зафіксавана маё з'яўленне на свет. Хоць нараджэнне рэгістравалі 13 чысла, затое запіс акта пад шчаслівым нумарам 18. У 1985 годзе на тэрыторыі Мікалаёўскага сельсавета было зарэгістравана нараджэнне 21 дзіцяці, а ўжо ў 2014-м—толькі 8. Шкада, што ў родных мясцінах, ды і іншых вёсках раёна з гадамі ра-дзее гул дзіцячых галасоў.
Скласці акт—задача для адказных і ўважлівых
Блізіцца час перапынку, але паўнацэнным абедам вырашаем ахвяраваць. У 16.00 па-вінны прыйсці бацькі за першым дакументам дзіцяці. Прычым трэба не толькі пасведчанне падрыхтаваць, але і зрабіць запіс акта аб устанаўленні бацькоўства. Вольга Уладзіміраўна прапаноўвае заняць яе месца, і пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста пачынаю ствараць дакумент. Нягледзячы на тое, што спецыяльныя камп'ютарныя праграмы значна сэканомілі чарнілы ў стрыжнях ручак і пазбавілі ад мазалёў пальцы супрацоўнікаў загса, пільнасць ніхто не адмяняў. Кожную літару і кожную лічбу трэба дасканала правяраць і пераправяраць. На падрыхтоўку дакументаў аддаём каля 40 хвілін. Каб зразумець, што можна столькі часу рабіць за камп'ютарам, трэба за яго сесці і паспрабаваць. Нават не думала, што на складанне актаў патрэбна столькі ўважлівасці.
—Калі ласка, раздрукоўвайце пасведчанне аб нараджэнні,—Вольга Уладзіміраўна працягвае бланк, які з дапамогай прынтара стане важным дакументам.
Здаецца, што ў гэтым складанага: пакласці паперку, націснуць "ОК" і ўсё. Але ж друкуецца не рэцэпт новай стравы і не лю-бімыя цытаты, а сапраўдны ДАКУМЕНТ. Прычым на бланку строгай справаздачнасці. Вынік чакаю, затаіўшы дыханне. Усё ў парадку—друкаваныя радкі змясціліся ў адведзеныя лінеечкі. Цяпер трэба паставіць штампы ў пашпартах бацькоў.
—Дзіўна, што сёння людзей не вельмі шмат,—гаворыць Вольга Уладзіміраўна.—Звычайна іх куды больш.
—Гэта і нядрэнна,—заўважаю ў адказ.—Затое ёсць магчымасць больш папрактыкавацца і паразмаўляць пра асаблівасці будняў супрацоўніка загса. А з мэтай змяніць імя часта звяртаюцца?
—Рэдка. Вось нядаўна адзін такі запіс быў складзены,—адказвае Вольга Норбертаўна.—Для таго, каб змяніць імя, павінны быць грунтоўныя падставы.
Аказваецца, калі дзяўчыну, да прыкладу, завуць Марыя, а яна хоча стаць Аленай без уважлівых на тое прычын, у гэтым ёй адмовяць. Змяніць імя ці прозвішча можна, калі яны немілагучныя. Або тады, калі ў жыцці чалавека не называюць па імені, запісаным у яго пасведчанні аб нараджэнні. Да прыкладу, хлопчыка зарэгістравалі як Андрэя, а потым чамусьці сталі называць Аляксеем, і ўсе блізкія, сябры і знаёмыя звяртаюцца да яго менавіта так. У такім выпадку ў дакументы могуць быць унесены папраўкі. Аднак на гэта павінна даць згоду аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі і абласное ўпраўленне юстыцыі.
Класічныя для супрацоўнікаў аддзела загса справы, па якіх і будуецца ў большасці людзей уяўленне пра іх прафесію, гэта рэгістрацыі нараджэнняў, шлюбаў і, як бы сумна гэта ні гучала, смерцяў.
Дарэчы, адбываюцца не толькі ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў маладых пар, але і юбілеяў сямейнага жыцця. Прычым як у ад-дзеле, так і ў юбіляраў дома.
—Сёлета рэгістравалі сярэбранае вяселле,—расказвае Вольга Норбертаўна.—Дзеці вырашылі зрабіць сюрпрыз для сваіх бацькоў. З намі дамовіліся загадзя, а вось тата і мама да апошняга не ведалі, куды іх вязуць на машыне. Якім жа было здзіўленне "сярэбраных" маладых, калі сустрэла іх на парозе аддзела загса! Трэба часцей ладзіць падобныя мерапрыемствы. Такія цудоўныя моманты запамінаюцца назаўсёды.
На жаль, ведаюць у загсе і пра адваротны бок шлюбнага медаля. Зусім не радасна, калі муж і жонка прыходзяць скасоўваць сямейныя адносіны. Адразу іх зварот не задавальняецца, даецца час на прымірэнне.
—Некаторыя сцвярджаюць, што гэты тэрмін ім непатрэбны, бо ўжо ўсё вырашана,—гаворыць начальнік аддзела.—І як прыемна, калі праз месяц яны зноў прыходзяць і кажуць, што перадумалі скасоўваць шлюб. У гэтым годзе было 2 такіх выпадкі.
Развагі ў фінале
На дварэ ўжо сцямнела. Хутка шэсць гадзін вечара. Шчыра кажучы, адчувала такую стомленасць, якая не заўсёды бывае пасля звычайных працоўных камандзіровак і некалькіх сустрэч з рознымі людзьмі. Так, на асваенне новай справы заўсёды патрабуецца шмат энергіі, а ўлічваючы спецыфіку работы ў аддзеле загса—тым больш. Не ведаю, як бы вытрымала да 20:00. "Калегі" мяне пашкадавалі і адпусцілі дадому раней. Па дарозе думала, як гэта няпроста быць адначасова строгім і пільным з імёнамі і лічбамі, добразычлівым і мяккім з людзьмі, паспяваць у тэрмін адказваць на розныя запыты і ўмець лёгка пераключацца з адной справы на іншую, з прыветнай усмешкай сустракаць чарговага наведвальніка і вырашаць яго пытанні, адклаўшы ўбок тэрміновую справаздачу. Авалодаць гэтым майстэрства не кожны зможа.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.