Обязаны со всем справиться

Апошнім часам усе сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на кіраўнікоў дзяржавы шмат паведамляюць пра правядзенне мадэрнізацыі народнай гаспадаркі, структурных змяненняў, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, забеспячэнне прагнозных паказчыкаў і іншыя важныя рэчы, а што гэта азначае ў адносінах да нашай Міёршчыны? З гэтым і іншымі пытаннямі перспектыўнага развіцця рэгіёна рэдакцыя звярнулася да старшыні раённага выканаўчага камітэта І. В. КУЗНЯЦОВА.

— 2013 год для раёна будзе надта складаны, — падкрэсліў Ігар Валер’евіч, — бо задачы перад намі пастаўлены вельмі адказныя. Так, вытворчасць прамысловай прадукцыі неабходна павялічыць на 20%. Нагадаю, што летась рост быў у 89%, на такой аснове далейшае нарошчванне аб’ёмаў будзе давацца вельмі складана.

У мінулым годзе інавацыйнай прадукцыі паболела на 28%, а сёлетні рубеж вызначаны ў 40%.

 

Вельмі напружана трэба працаваць будаўнікам, бо ім трэба ўвесці 8600 квадратных метраў жылля. Ужо пачата ўзвядзенне 40-кватэрнага дома ў райцэнтры, неабходна закончыць будаўніцтва 9-кватэрнага ў Дзісне. Вельмі разлічваем на індывідуальных забудоўшчыкаў, якіх прастымулюем ільготнымі крэдытамі. У райцэнтры з’явіцца будынак Дзяржстраху. Акрамя гэтага працягваюцца работы на 17 малочнатаварных фермах, якія трэба ўвесці да верасня. Ва УП “Міёрскі” на пагорках Браслаўскай грады павінна з’явіцца ферма па вырошчванні авечак, рыхтуецца дакументацыя на свінакомплекс для мясакамбіната. На ім плануецца стварэнне забойнай пляцоўкі асобна для свіней і буйной рагатай жывёлы далей ад вытворчых памяшканняў для перапрацоўкі мяса, як гэта прадугледжана тэхналогіямі Еўрапейскага Саюза.

 

Ужо для ўзвядзення названых аб’ектаў цяперашніх магутнасцяў нашай асноўнай будаўнічай арганізацыі ПМК-55 не хапае. Паскарэнню работ на шматлікіх аддаленых аб’ектах будзе садзейнічаць набыццё перасоўнага бетоннага вузла. А да верасня трэба ўвесці ў эксплуатацыю новы халадзільнік на мясакамбінаце, што з’яўляецца задачай меліяратараў Міёрскага ПМС. Ад гэтага аб’екта залежаць мадэрнізацыя каўбаснага і іншых цахоў прадпрыемства, экспартныя пастаўкі не марожанага, а ахалоджанага мяса, што больш эканамічна выгадна, ды яшчэ ў вакуумнай упакоўцы.

 

Мадэрнізацыя закране і іншыя прадпрыемствы. Напрыклад, сёлета на камбікормавым заводзе плануецца ўстанавіць новую лінію здрабнення і дазатары, каб уводзіць у канцэнтраты вадкія дабаўкі. Пачнецца вытворчасць дзіцячых камбікармоў для свіней. Будуць разгорнуты падрыхтоўчыя работы па грануляванні камбікармоў, для чаго давядзецца дабудоўваць памяшканні.

Хлебазавод плануе ўстанавіць новую мясільную машыну, што дазволіць павысіць якасць хлеба, выпускаць яго новыя гатункі. Вопыт іншых прадпрыемстваў сведчыць, што цяпер выгадна вырабляць пернікі на экспарт. Чаму б гэтым не заняцца і міярчанам?

 

Разлічваем на мадэрнізацыю льнозавода. Вытворчых плошчаў тут хапае.

Структурныя змяненні закрануць сельгаспрадпрыемствы. Непазбежна іх далейшае ўзбуйненне. Пры тым вяскоўцам трэба павялічыць аб’ёмы вытворчасці на 10%, а рэнтабельнасць продажу давесці да 12%. Напомню, што па выніках 2012 года гэтыя лічбы былі адпаведна 4% і 11,7%. У той жа час спажыванне энергарэсурсаў трэба скараціць на 8%. Такі напрамак дзейнасці ў сукупнасці са строгім захаваннем тэхналогіі, умацаваннем дысцыпліны павінен садзейнічаць павышэнню прадукцыйнасці працы, а адпаведна — росту заробку.

 

Далейшае развіццё вытворчасці забяспечваюць інвестыцыі. Якія прагнозы ў гэтым напрамку?

— Інвестыцыі ў асноўны капітал сёлета павінны скласці 227 мільярдаў рублёў, а яшчэ прамыя замежныя —10 мільёнаў долараў. Зноў для параўнання прыводжу леташні паказчык — 67 тысяч долараў. Такі рост звязаны з плануемым узвядзеннем металургічнага камбіната і прадпрыемства па выпуску пажыўных грунтоў, якое потым дапоўніцца вытворчасцю па вырабу торфабрыкету. Для іх цяпер рыхтуецца дакументацыя, ідзе адвод зямель. Чакаем, што вясной пачнуцца падрыхтоўчыя земляныя работы.

Яшчэ адзін інвестыцыйны праект — гэта турыстычны аб’ект у Мурашках. Узвядзенне яго неабходна актывізаваць, каб хутчэй здаць у эксплуатацыю.

 

Якія змяненні чакаюць сацыяльную сферу?

— Пэўных намаганняў патрабуюць аб’екты адукацыі. Сёлета пачнецца капітальны рамонт будынка СШ №1. У ім установяць новыя вокны, зробяць уцяпленне сцен, побач з’явіцца сучасная спартыўная пляцоўка. У Новапагосцкай СШ адрамантуем дах, у СШ №3 заменім вокны. Гэта буйнейшыя праекты, рамонтныя работы закрануць усе будынкі.

 

УП ЖКГ будзе займацца старым жыллём па вуліцы Камуністычнай — абновіць фасады, заменіць вокны. Спажывецкае таварыства намячае рэканструкцыю рынку, дзе з’явяцца арачнік, стаянка для аўтатэхнікі, праўда, яна будзе з супрацьлеглага боку, дзе намячаецца зрабіць заезд тэхнікі.

 

Рэканструкцыі чакае плошча Загінулых барацьбітоў. Новы выгляд набудзе пастамент і помнік паўшым воінам і партызанам.

Прадугледжаныя бюджэтныя сродкі трэба як мага хутчэй асвоіць на ўзвядзенні бальніцы. З дня на дзень муляры тут пачнуць класці ўнутраныя перагародкі, а потым настане чарга знешніх камунікацый. Не пакінем без увагі і іншыя будынкі медыцынскіх устаноў.

 

Мільярд рублёў будзе накіраваны на рамонт раённага Дома культуры.

Гэта далёка не поўны пералік таго, што намечана ажыццявіць сёлета. Урад будзе строга кантраляваць нашу дзейнасць па шасці паказчыках. А перад губернатарам Міёршчыне давядзецца рэгулярна рабіць справаздачы па 25 напрамках эканамічнай дзейнасці. За кожнай лічбай павінна стаяць напружаная, адказная работа не толькі кіраўнікоў і спецыялістаў, кожнага работніка. Менавіта гэта вызначыць тэмпы новых пераўтварэнняў у народнай гаспадарцы, паляпшэнні якасці жыцця людзей. Рост заробку трэба забяспечыць стараннай працай. Да гэтага заклікаю работнікаў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, сацыяльнай сферы, усіх жыхароў Міёрскага раёна.

 

Гутарыў

Л. МАТЭЛЕНАК.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.