6 красавіка адбылася сустрэча старшыні райвыканкама І. В. Кузняцова з хлебаробамі філіяла “Цітова” камбікормавага завода. Кіраўнік раёна падзякаваў цітоўцам за плённую працу ў мінулым годзе, калі гаспадарка па вытворчых паказчыках заняла першае месца на Міёршчыне. І гэта ў няпростых эканамічных умовах. Ды і сёлета сітуацыя мае свае асаблівасці. У прыватнасці, меншымі будуць бюджэтныя ўкладанні ў развіццё сельскай гаспадаркі. Сяльчанам давядзецца самім плаціць за ўгнаенні, паліва, сродкі абароны раслін і іншае. У такіх умовах асабліва актуальным становіцца павелічэнне валавой прадукцыі палёў і ферм, рост выручкі. Вельмі вялікае значэнне набываюць адносіны механізатараў да тэхнікі, бо толькі такім чынам можна павялічыць выпрацоўку і зменшыць выдаткі на рамонт. Ды і ўсім трэба праяўляць добрасумленнасць, эканоміць нават у дробязях.
Выйгралі тыя гаспадаркі, якія ў папярэднія гады актыўна будавалі, набывалі новую тэхніку. Цяпер сродкаў на такія мэты будзе значна менш. Вось таму “Цітова” можа заслужана радавацца новай сучаснай ферме. Ды і далучэнне да камбікормавага завода зняло вастрыню забеспячэння канцэнтратамі свінагадоўчага комплексу.
Мінулы год быў няпростым і для раёна, павышаныя абавязацельствы не выкананы, але павелічэнне аб’ёмаў прамысловай прадукцыі і рост прадукцыйнасці працы ўражваюць. Складанай была сітуацыя ў будаўніцтве. Сёлетнія планы ў гэтай галіне значна меншыя. І на вёсцы будзе ўзводзіцца жылля менш, толькі і гэтым трэба займацца. З’явіцца новы дом у Дзісне. Ідуць работы на новай бальніцы ў райцэнтры. Ёсць спадзяванні ўвесці яе ў эксплуатацыю ў наступным годзе, як і турыстычны цэнтр у Мурашках. У гэтым месяцы пачнецца закладка фундамента новай аўтазапраўкі ў райцэнтры.
І апошняя навіна: на вышэйшым узроўні вырашаецца пытанне аб будаўніцтве ў раёне металургічнага прадпрыемства. А гэта 120-130 млн. долараў інвестыцый, справа для будаўнікоў на тры гады і 150 новых рабочых месц.
Работнікам сельскай гаспадаркі неабходна зрабіць усё магчымае, каб выканаць прагнозныя паказчыкі гэтага года, бо толькі ў такім выпадку можна разлічваць на перспектывы развіцця галіны і далейшы рост заробкаў.
У заключэнне Ігар Валер’евіч пажадаў сяльчанам здароўя і работы, той асновы, на якой грунтуюцца асабістыя планы і лепшае жыццё.
У вяскоўцаў было нямала пытанняў да кіраўніка раёна. У першую чаргу яны тычыліся добраўпарадкавання вуліц Маладзёжнай і Зялёнай, завулка Заходняга ў аграгарадку. Сродкаў на асфальт сёлета не будзе, а вось падтрымка ў грэйдзіраванні і падсыпцы паабяцана. Цэлымі вуліцамі вяскоўцы гатовы пракладваць водаправод у сваё жыллё. Гэтыя работы за сродкі насельніцтва выконвае УП ЖКГ, яны будуць значна таннейшымі, калі за ўласныя грошы закупіць трубы.
Рэальнасцю становіцца аказваць сяльчанам паслугі па адкачцы і вывазцы каналізацыйных сцёкаў. А яшчэ выказваліся просьбы па падключэнні хуткаснага інтэрнэта, кабельнага тэлебачання. Былі індывідуальныя звароты. Усе яны ўзяты на кантроль.
Л. МАТЭЛЕНАК.