3 ліпеня ў старажытным горадзе адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна ў актавай зале гарвыканкама адбылася сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікоў тылу, вязняў, рэпрэсіраваных грамадзян, дзе яны падзяліліся ўспамінамі, пажадалі моцнага здароўя адзін аднаму.
Затым у суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ святочная калона накіравалася да месца правядзення мітынгу — да магілы загінуўшых воінаў. Тут сабраліся кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, дэпутаты, гараджане і госці. Гучала шмат цёплых слоў падзякі ветэранам. Літаратурна-музычную кампазіцыю падрыхтавалі работнікі Дзісенскага гарадскога цэнтра культуры. Перад прысутнымі выступілі старшыня гарвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Качан, ветэран вайны Генадзь Паўлавіч Дзямешка, старэйшына Фадзей Лаўрэнцьевіч Шымуковіч, загадчыца дзіцячага сада Святлана Іванаўна Протас.
У падрыхтоўцы свята прынялі ўдзел Эдуард Казіміравіч Цярэшка і Мікалай Глебавіч Панкратаў, якія арганізавалі салодкі стол для ветэранаў, прывезлі кветкі. Сяргей Юр’евіч Гармашоў і Яўген Іванавіч Баран выдзелілі транспарт для святочнай калоны.
Канцэрт ў гарадскім цэнтры культуры падрыхтавала артыстычная сям’я Сяргея Філіпава.