Раніца выдалася не самая сонечная, але паступова надвор’е пачало набываць святочны настрой, бо, напэўна, яно зразумела, што 3 ліпеня—не звычайная нядзеля, а адметны дзень для кожнага беларуса.
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь святкавалі ў кожным кутку краіны, не стаў выключэннем і самы маленькі горад — Дзісна. У 10 гадзін ля абеліска адбыўся святочны мітынг. З віншаваннямі выступілі старшыня Дзісенскага гарадскога Савета Аляксандр Аляксандравіч Качан, загадчыца дзіцячага сада Святлана Іванаўна Протас, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Генадзь Паўлавіч Дзямешка. Памяць загінуўшых абаронцаў роднай зямлі ўшанавалі хвілінай маўчання і кветкамі, якія жыхары горада ўсклалі да помніка.
Святочны канцэрт прайшоў на адкрытай пляцоўцы. Прысутных парадавалі песнямі Ганна Шымуковіч, Усціна Сіняўская, Кацярына Студан, Аляксей Астукевіч, Галіна Мялешка, Людміла Тарабарава, Міхаіл Ядрэўскі. Прагучалі патрыятычная “Белая Русь” і “Ваеннае танга”, пусціла ў скокі “Лявоніха”, захапіла французская песня “Маё каханне”. Адным словам, было шмат чаруючых і блізкіх да душы кампазіцый. Прачытаў свае вершы Г. П. Дзямешка. Галіна Мялешка з песняй “Желаю вам” павіншавала ўсіх са святам, пажадала здароўя, шчасця, поспехаў і мірнага неба.