Золотую свадьбу отмечают в этом году дисненцы Петр и Лидия Кобяк
gazeta 11-06-2025, 11:00 11 776 Юбілей / Вясковае жыццё
Паўвека таму гулялі вяселле дзісненцы Пётр і Лідзія Кабяк. У гэтую ноч бліскалі маланкі, шумела навальніца, таму госці прарочылі маладым бурнае жыццё. Але жылі спакойна, заўважаюць залатыя муж і жонка, нават прыгадаць штосьці цікавае складана. Усё ішло роўна і гладка. Не заўважылі і цяжкіх 90-х, бо заўсёды старанна і шмат працавалі.
Цікавімся гісторыяй знаёмства Пятра Макаравіча і Лідзіі Іванаўны.
– А вось гэта цікава, – інтрыгуе жонка і працягвае: – У 1971 годзе я працавала настаўніцай у Пераброддзі пасля педагагічнага вучылішча, а затым мяне накіравалі дырэктарам Дома піянераў у Дзісну. Восенню мы дапамагалі калгасу ў Сіцькове рыхтаваць бульбу да адпраўкі на Кубу. Яе трэба было перабраць, пачысціць. Пётр, якога накіравалі ў калгас з лясгасу, пашкадаваў мае рукі, бо ў мяне не было пальчатак. З той пары пачалі сустракацца, а амаль праз год пажаніліся.
Напачатку здымалі кватэру, а неўзабаве лясгас выдзеліў ім жыллё, дапамог набыць мэблю. Свайго першынца Алёшу забіралі ва ўтульны дом, які пасля выкупілі і добраўпарадкавалі, правялі ўсе зручнасці. Тут вырас і малодшы Дзіма. Муж і жонка заўважаюць, што не баяліся цяжкасцей, бо заўсёды добрасумленна працавалі. Трымалі на падворку кароў, свіней. Спраўляліся і з работай, і з гаспадаркай. Лідзія Іванаўна пасля Дома піянераў перайшла ў Дзісненскую школу, дзе вяла ўрокі ў пачаткоўцаў. Пётр Макаравіч заставаўся верным лясгасу, дзе шчыраваў механікам, затым галоўным механікам, а пасля выхаду на пенсію стаў слесарам па рамонце бензапіл. І цяпер, у свае 74 гады, працуе на паўстаўкі.
Залатое вяселле Кабякі справілі ў леташнім жніўні. На свята сабралася ўся вялікая сям’я: двое сыноў з жонкамі, чацвёра ўнукаў, сваты, сястра Лідзіі Іванаўны. А гэта добрая нагода ўзгадаць падзеі пяцідзесяцігадовай даўніны.
– Распісваліся ў гарсавеце. Вяселле было на два бакі, спачатку гулялі ў маіх бацькоў, а пасля ў яго, – расказвае жонка. – Дом немаленькі, але гасцей было шмат, і ўсе не змяшчаліся. А я кажу яму – давай праз вакенца збяжым, усё ж два месцы будзе.
Пётр Макаравіч узгадвае, як цікаваў і не даў выкрасці нявесту. Сярод мноства конкурсаў выдзеліў той, дзе яму даручылі рассекчы сукаватую калодку.
Бацькі не ўплывалі на выбар дзяцей, як і яны пасля падтрымлівалі сыноў, калі тыя збіраліся жаніцца. Бацька калісьці раіў Пятру, каб бярог Ліду і не крыўдзіў яе, тое ж казала і маці. У спрэчных момантах і адны, і другія ўставалі на бок нявесткі і зяця.
– Спадзяюся, не крыўдуюць на мяне, – заўважае Пётр Кабяк.
У сям’і Кабяк пануе раўнапраўе і ўзаемаразуменне. Здараліся розныя сітуацыі, але заўсёды ўмелі дамаўляцца і знаходзілі кампраміс. Таму ж вучылі дзяцей.
Цяпер усё лета гасцююць у дзядулі і бабулі малодшыя ўнукі, у астатні час звязваюцца па мабільнай сувязі і праз відэазванкі. Тут не толькі забаўляюцца, але і практыкуюць працатэрапію: дапамагаюць у агародзе і ў кветніках. А кветак у Лідзіі Іванаўны розных гатункаў, асабліва паважае гладыёлусы і мультыфлору.
Акрамя таго, у ліку захапленняў гаспадыні кулінарыя. Новыя рэцэпты шукае ў інтэрнэце, там жа знаходзіць навіны, чытае і раённую газету. Доўгімі зімовымі вечарамі любіць выкладваць алмазную мазайку. Гаспадар паважае тэхніку, любіць працаваць на зямлі. Пераабсталёўваў механізмы і прычэпы на рабоце і дома. Прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і не церпіць шкодных звычак.
– Ніколі не курыў, аднак, калі старэйшы сын ажаніўся, трэба было ездзіць у Слуцк да сватоў. А мяне бацька вучыў, што, каб не заснуць у дарозе – трэба зацягнуцца. Потым ведаеце які пах быў у машыне?! Я прыехаў дадому, выкінуў попельніцу і больш не ўзяў цыгарэту ў рукі. Выпіваю рэдка, калі толькі па святах у кампаніі, – прыгадвае. – Адзін калега зваў мяне доктарам Хадоркіным. Я змагаўся з тымі, хто прыходзіў на работу нецвярозым, бо нёс за іх адказнасць. Тэхніка не даруе памылак.
Часам Пётр Макаравіч жартуе, што яму з жонкай цяжка, бо настаўніца ўсё жыццё яго ву-
чыць. Разам з тым заўсёды прыслухоўваецца да меркавання Лідзіі Іванаўны. Падтрымлівалі адзін аднаго ў цяжкіх сітуацыях, калі не стала бацькоў, брата. Былі разам і ў гадзіны радасці.
Абодва мараць павандраваць па Беларусі. Раней на гэта не было часу, цяпер адкрыты ўсе магчымасці.
Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і КАБЯК.