Реня Седловская из деревни Николаево о благоустройстве и добрососедстве
gazeta 11-09-2025, 10:33 694 Грамадства / Вясковае жыццё
Невырашальных праблем няма, лічыць старэйшына вуліцы Цэнтральнай аграгарадка Мікалаёва і вёскі Арханава Рэня Сядлоўская. Яна лёгка знаходзіць агульную мову з сяльчанамі, разам падтрымліваюць парадак на падведамнай тэрыторыі.
У цёплую пару асноўны клопат старэйшыны – парадак, як у дварах вяскоўцаў, так і ў грамадскіх месцах. Пенсіянеры больш адказныя ў гэтым плане, заўважае Рэня Эдуардаўна. Моладзь усё ўспрымае крыху прасцей. Аднак усе прыслухоўваюцца да просьб і парад старэйшыны. Працавала ў свой час аграномам, а затым сацыяльным работнікам, таму добра ведае ўсіх мясцовых.
– Усе ўчасткі абкошаны. У Арханаве шчыруюць маладыя – толькі на пенсію павыходзілі, яны даяркамі працавалі. Кветкі садзяць, даглядаюць. У нас на вуліцы за добраўпарадкаванне ўзнагародзілі Марыну Шаўлюга. Усе раўняемся на суседку – Валянціну Шастакову. Як толькі яна вясной у агарод пайшла – значыць і нам пара, – дзеліцца суразмоўніца.
Кажа: ну якія ў нас могуць быць праблемы? Хіба дровы каму не прывезлі. Адразу тэлефануе ў гарпаліва, лясгас ці лясніцтва. Калісьці ўзнікалі пытанні з гандлёвым абслугоўваннем – цяпер у аграгарадку працуе магазін Полацкага КХП. Шырокі выбар тавараў і ўсё неабходнае прывозяць пад заказ.
Рэня Эдуардаўна мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, заўсёды наведвае Дні інфармавання, каб паслухаць актуальную інфармацыю. Цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне, вобласці і раёне. Пры неабходнасці сама акрэслівае праблемы. У ліку такіх утрыманне пустых дамоў. Разумее, што сельвыканкам не справіцца з іх абкошваннем у адзіночку. Па яе вуліцы даглядаюць такое жыллё суседзі.
Многія добрыя справы атрымліваецца вырашыць з далучэннем сродкаў самаабкладання. Напрыклад, вяскоўцы арганізавалі збор грошай, купілі сетку і абгарадзілі могілкі ў Ліпскіх. Многія хочуць бачыць сваю малую радзіму прывабнай і дагледжанай, таму ўдзельнічаюць у мясцовых суботніках. Святлана Краська прапанавала пасадзіць сад ля царквы, работы праходзілі пад кіраўніцтвам старшыні сельвыканкама Алёны Матылёнак. Першай памочніцай і палачкай-выручалачкай называе яна старэйшыну Рэню Сядлоўскую. Хутка зашумелі лістотай маладыя дрэвы. Калі яны возьмуцца ў сілу, паставяць тут лавачкі, каб было прыемна адпачыць у цені ў спякотны дзень.
Ці лёгка сёння арганізаваць людзей на добрыя справы?
– Мне здаецца, няцяжка, – гаворыць Рэня Эдуардаўна. – Толькі не трэба казаць, што чалавек павінен гэта рабіць. Лепш папрасіць дапамогі.
Старэйшына заўважае, што кожнаму па плячы справіцца з любой работай. Было б жаданне. Валянціна Любакова з лёгкай кітайскай касой абкошвае тэрыторыю хутчэй за мужчын. У планах – арганізаваць суботнік па высечцы кустоўя.
Вялікую ролю іграе чалавечы фактар.
– Нікому не хочацца быць горш за суседа. Садзяць кусты, дрэвы, даглядаюць кветнікі. Мы – мікалаёўцы – людзі на балоце, сёлета шмат чаго павымакала. Але стараюцца ўсе, – сведчыць пенсіянерка. – Праблемы ў нас жыццёвыя, паўсядзённыя, але гэта ўсё дробязі. Галоўнае – каб паўсюль панаваў мір і ўсе былі здаровыя.
Алена Вароніна.