Эрнст Савицкий май 1986 года провёл вблизи Чернобыля

 Інспектар ДАІ Эрнст САВІЦКІ адрозніваўся прынцыповасцю, строгасцю і справядлівасцю. Ні блізкае знаёмства, ні сувязі не дапамагалі пазбегнуць адказнасці. Віноўнік дарожна-транспартнага здарэння ці нецвярозы за рулём не заставаліся беспакаранымі. 

Май 1986 года Эрнст Мечыслававіч правёў, як заўсёды, на пасту дарожна-патрульнай службы. Толькі не ў Міёрах, а ў Нароўлі – за 30 кіламетраў ад Чарнобыльскай атамнай станцыі. У першыя дні пасля катастрофы накіраваўся ў забруджаную зону сачыць за парадкам на дарогах. Кажа, можна было адмовіцца, але такую думку нават не дапускаў.

– Мне быў 31 год, жанаты, маленькая дачушка. Нас сабралі і расказалі, што на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ўзарваўся рэактар. Пра тое, што там небяспечна, папярэдзілі. Аднак пагроза здавалася нязначнай, прывіднай. Жонка нават радавалася, што буду недалёка ад цешчы – да Ельска 18 кіламетраў. Пагасцюю і па гаспадарцы дапамагу.


 Трапіў на пост дарожна-патрульнай службы, дзе стаяла рамка для дэзынфекцыі транспарта. Мы правяралі ўзровень забруджанасці і пры неабходнасці мылі машыны. Звычайна радыяцыя назапашваецца ў радыятары і на колах. Часам прыборы занадта рэагавалі і на вазы з сенам. Іх таксама даводзілася чысціць. Але пра якую спецыяльную апрацоўку можа ісці размова, калі гэта была звычайная вада?! Хіба толькі збіць пыл ды стварыць бачнасць бяспекі.


Суткі дзяжурылі на мыйцы, а потым прымалі па рацыі паведамленні і затрымлівалі парушальнікаў. Абслугоўвалі Кіеўскую трасу.
Небяспекі не адчувалі. Нам выдалі звычайную форму, якая не абараняла ад апраменьвання. Ляжалі без справы ў вагончыку працівагазы і павязкі.


Жылі ў доме адпачынку ў Нароўлі. Месца прыгожае, маляўнічае. Побач рака з цудоўным пляжам. Думалася: неяк крыўдна, што нельга купацца, загараць. Дазіметры паўсюль зашкальвалі. Аднак нас папярэдзілі, што яны спецыяльна так настроены, каб людзі не гублялі пільнасці. Урач, які нас абследаваў, параіў кожны дзень піць чырвонае віно – яно выводзіць радыяцыю.


 Дні чатыры прыглядаліся да абстаноўкі. Не елі рыбу, ягады, не купаліся. Потым супакоіліся і паводзілі сябе як мясцовыя жыхары. Ажыятажу сярод іх не адчувалася. Выехала, бадай, толькі моладзь. Іншая справа ў зоне адчужэння, калі вялікія вёскі, а ў іх – цішыня. Адчуванне такое, быццам людзі спадзяваліся вярнуцца сюды. Жыццё замерла. Старэйшыя мелі іншыя планы. Сеялі агароды, рыхтавалі сена жывёле.


Месяц праляцеў непрыкметна. Вярнуўшыся дадому, адразу прыступіў да работы. Не праходзіў ніякіх абследаванняў. Атрымаў льготы: бясплатныя праезд у транспарце і тэлефон, адпачынак 60 дзён. Нейкіх асаблівых змяненняў у самаадчуванні і здароўі не назіралася.


Нядаўна быў на Гомельшчыне. Паўсюдны парадак і дагледжанасць. Калі ўбачыў шыкоўны будынак, падумаў – нечая дача. Аказалася, жывёлагадоўчая ферма. Вялікія вёскі і сельгаспрадпрыемствы. Даведаўся, што ў адной з гаспадарак ёсць нават свая камунальная служба. Жыццё працягваецца, сюды вярнуліся людзі, нараджаюць дзяцей і плануюць будучыню.


І мы з жонкай таксама нарадзілі яшчэ і сына. Цяпер радуемся пяцярым унукам. Азіраючыся назад, разумею: жыццё праляцела як адзін дзень. Галоўнае – ні пра што не шкадую. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.