Республиканская добровольная акция «Аднавім лясы разам!» развернулась на Миорщине
gazeta 10-04-2024, 18:06 1 629 Навіны / Прырода і экалогія / Год качества
Рэспубліканская добраахвотная акцыя «Аднавім лясы разам!», прысвечаная Году якасці, разгарнулася на Міёршчыне. Яна пашырыла маштаб традыцыйнага «Тыдня лесу», бо доўжыцца цэлы месяц. Далучыліся да азелянення роднага краю працоўныя калектывы, вучні школ. Між тым хуткая вясна прыспешвае работнікаў лесу. У сярэдзіне тыдня ў кагорце валанцёраў паболела: дружнай камандай на месца рэкультываванага кар’ера ў Гір’ятах з работнікамі лесу скіравалася кіраўніцтва раёна, супрацоўнікі падраздзяленняў райвыканкама, Белдзяржстраху і прадстаўнікі іншых арганізацый.
Лес садзiць – агульная справа,..
– Калі мы дзесьці высеклі лес – павінны на працягу трох гадоў яго адсадзіць. А яшчэ лепш – прырастаць у аб'ёмах, – заўважае намеснік кіраўніка Дзісненскага лясгасу па ідэалагічнай рабоце Алена Канах. – Важна не ўпусціць аптымальныя тэрміны, бо ўсталявалася цёплае надвор'е. Садзіць даводзіцца хутка, таму мы вельмі рады добраахвотнікам. Толькі на мінулым тыдні іх было звыш трыццаці.
Плошча ўчастка – 105-га квартала Узмёнскага лясніцтва – 3,2 гектара, дзе неўзабаве павінны зазелянець маладыя елкі і сосны. У ліку памочнікаў лясгаса пасля абеду ў сераду каля 25 чалавек. Гэта другая змена. З раніцы тут працавалі работнікі раёна газазабеспячэння.
– Такая сіла вялікая – па адным радку занялі – і ўжо столькі ахапілі, – радуецца кіраўнік Узмёнскага лясніцтва Фёдар Быкаў.
Уручае інвентар – мячы Колесава – і праводзіць кароткі інструктаж: зрабіць маленькую шчыліну, апусціць у яе саджанец, засыпаць зямлёй і моцна прыціснуць, каб не было доступу паветра да каранёў.
З энтузіязмам усе бяруцца за справу. Фёдар Дзянісавіч заўважае, што гадоў праз сем на месцы былога кар'ера зашуміць лес. Змешаны, бо такія насаджэнні больш устойлівыя да хвароб і шкоднікаў. Чаргуем па чатыры рады елкі з двума радамі сасны.
Як і штогод, удзельнічае ў пасадцы дрэў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба:
– Прыемна бачыць лес, які садзіў сам, са сваім калектывам. Гэта самая высакародная справа – вырошчваць штосьці. Таму што вынік навідавоку. Мой дзядуля расказваў, што лес перад Крукамі садзілі пасля вайны. Памятаю, як вясной 1994 года закладвалі алею ля Чапукоўскай школы. Пасадзіў сотні дрэў і спадзяюся, што мае ўнукі таксама калісьці ўзга- даюць гэта.
Моладзь на чале з першым сакратаром райкама БРСМ Людмілай Варона таксама актыўна ўдзельнічае ў акцыі. Усенароднай называе яе намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук. Лесаўзнаўленне – важная дзяржаўная задача. Яго калега Яўген Нікалаёнак лічыць каштоўным час, праведзены з карысцю на прыродзе. На яго асабістым рахунку каля сарака садовых дрэў і шмат лясных.
…даглядаць – клопат прафесіяналаў
Кожную вясну з 2006 года, як прыйшла працаваць у лясгас, садзіць дрэўцы Алена Канах. Спачатку прыкмячала свае, а пасля згубіла ім лік. Кажа, пасадкі – справа агульная, а вось догляд за імі – у руках прафесіяналаў.
Дваццаць сёмы сезон лясных пасадак распачаў ляснік Сяргей Шук. Хутка і лоўка апускае саджанцы ў лунку, кансультуючы навічкоў. Крыху меншы стаж у Ігара Пірага, абход якога распрасціраецца ад Вяты да Слабады. А калі пачынаецца гарачая пара, то леснікі не дзеляць граніцы і збіраюцца разам садзіць лес. Потым кожны клапоціцца пра пасадкі на сваім участку.
– Таматы ў парніку лягчэй дагледзець, – усміхаецца. – У мяне больш за 2 тысячы гектараў. Трэба абкасіць трактарам, а пасля касой, дзе тэхніка не даходзіць. Праз тры – чатыры гады можна рабіць асвятленне.
У добрым настроі ляснік Сяргей Кузняцоў. Упэўнены, садзіць лес – як гатаваць на кухні: атрымліваецца толькі тады, калі ўкладваеш часцінку душы. Падкрэслівае, што гэта цяжкая праца, але не адмаўляе і лясной рамантыкі: дрэва жывое і аддае чалавеку сваю энергетыку.
Акуратна загортвае карані саджанцаў у зямлю начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандр Капусцін. Па яго словах, апрацоўка зямлі, у тым ліку рэкультывацыя кар'ера і высадка дрэў, – схаваная форма барацьбы з інвазіўнымі раслінамі. Побач высаджваюць елкі і сосны супрацоўнікі землеўпарадкавальнай службы. Іх радуе, што зямля не прастойвае, а акультурваецца і прыносіць карысць.
Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.