Льготы для чарнобыльцаў

Сёння спаўняецца 36 гадоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ахвяры трагедыі па-ранейшаму маюць права на льготы за шкоду, прычыненую іх жыццю і здароўю. Аспекты Закона ад 6 студзеня 2009 года № 9 «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» патлумачыла начальнік аддзела пенсіённага забеспячэння і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына ІВАНОВА.

– Гэтая трагедыя не абышла і наш край, многія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Кагосьці з іх ужо няма сярод нас. Цяпер на Міёршчыне тры чалавекі атрымліваюць пенсію па інваліднасці, адзін – сацыяльную, тры – з выпадку страты карміцеля і 14 маюць даплаты да пенсіі, – расказвае Ірына Баляславаўна.

Хто належыць да катэгорыі пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы.

– Гэта ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, а таксама насельніцтва, каго эвакуіравалі, адсялілі, ці хто самастойна выехаў з тэрыторыі радыектыўнага забруджвання з зон эвакуацыі (адчужэння), першачарговага і наступнага адсялення. Яшчэ інваліды, калецтва або захворванне якіх выклікалі наступствы чарнобыльскай трагедыі, і дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, пацярпелыя ад тых жа прычын.

Якія асаблівасці пенсіённага забеспячэння былых ліквідатараў? Ёсць магчымасць датэрміновага выхаду на пенсію? Для іх маюцца льготы.

– Так, права датэрмінова выйсці на пенсію маюць занятыя на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах 10-кіламетровай зоны і зоны эвакуацыі (адчужэння). Тым, хто рабіў гэта ў 1986 годзе або не менш за дзесяць сутак у 1987-м, – на дзесяць гадоў (пры наяўнасці стажу работы не менш за 25 гадоў у мужчын і не менш за 20 гадоў у жанчын). Для ўдзельнікаў, занятых на ліквідацыі наступстваў аварыі ў межах зоны эвакуацыі, пенсія прызначаецца са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту на пяць гадоў. Патрабаванні да стажу аналагічныя.

Дакументы, што пацвярджаюць права налічэння ільготнай пенсіі.

– Гэта пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, даведкі аб знаходжанні ў 1986 годзе або пра работу 1987-м у межах 10-кіламетровай зоны.

Як вылічваецца стаж ліквідатараў.

– Час работы, ваеннай службы ці службы на эксплуатацыі Чарнобыльскай АЭС і ў зоне эвакуацыі (адчужэння) з моманту катастрофы да 31 снежня 1987 года залічваецца ў трохразовым памеры, а з 1 студзеня 1988-га – у паўтараразовым. Стаж работы ў зонах першачарговага і наступнага адсялення, на тэрыторыях, раўназначных ім па ўзроўні радыеактыўнага забруджвання ў выніку іншых радыяцыйных аварый, таксама памнажаецца ў паўтара раза.

Каму належаць надбаўкі да пенсій і ў якім памеры.

– Удзельнікам ліквідацыі ў 1986 – 1987 гадах у зоне эвакуацыі (адчужэння) дадаткова налічваецца 
50 % мінімальнай пенсіі па ўзросце, у 1988 – 1989-х – 25 %. Грамадзянам, эвакуіраваным, адселеным, ці хто самастойна выехаў з тэрыторыі радыеактыўнага забруджванння з зон эвакуацыі (адчужэння), першачарговага і наступнага адсялення – таксама 25 %. Інвалідам ЧАЭС надбаўкі да пенсіі выплачваюцца ў наступным памеры: 1 групы і непаўналетнім дзецям-інвалідам – 100 % мінімаль-
най пенсіі па ўзросце, 2 групы – 75 %, 
3-й – 50 %.

Якімі яшчэ льготамі карыстаюцца пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС.

– Прызваных на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве накіроўваюць у воінскія часці і фарміраванні, якія не знаходзяцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. Іх пасады не могуць быць звязаны з работамі па эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпраменьвання, звышвысокіх частот і з кампанентамі ракетнага паліва. Тыя, хто праходзіць тэрміновую ваенную службу на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зонах эвакуацыі (адчужэння), першачарговага і наступнага адсялення, маюць права пасля 12 месяцаў службы на дадатковы водпуск працягласцю ў 14 сутак. Час на праезд да месца яго правядзення не ўлічваецца. Ваеннаслужачыя, асобы кіраўнічага і радавога саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта і Дзяржкамітэта судовых экспертыз, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія праходзяць ваенную службу на забруджаных тэрыторыях, маюць права на сацыяльны водпуск у 14 сутак, а ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем – сем сутак. Камандзіраваныя для часовай работы і ў службовыя камандзіроўкі ў такія месцы атрымліваюць працоўны водпуск для рабочых, што праходзяць ваенную службу ці службу ў адпаведных зонах радыеактыўнага забруджвання, за фактычна адпрацаваны час. Тэрмін такой камандзіроўкі не можа перавышаць года.

Калі ўзніклі пытанні, куды звяртацца за кансультацыяй.

– Тэлефануйце на мой нумар 5-15-84.

Алена ВАРОНІНА
Фота з архіва рэдакцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.