На Міёршчыне ўдвая павялічылася колькасць зваротаў па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага забеспячэння.
У выканаўчыя і распарадчыя органы раёна за 2019 год паступіла 420 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, што на чатыры працэнты менш, чым у 2018-м. Непасрэдна ў райвыканкам накіравана 183, прырост на 4,9 працэнта. У той жа час з 2012 года назіраецца тэндэнцыя змяншэння зваротаў. Пра гэта інфармавала кіраўнік спраў Наталія Брадніцкая на сумесным пасяджэнні райвыканкама і прэзідыума райсавета дэпутатаў.
Аналіз зваротаў паказаў, што часцей за ўсё жыхары раёна звяртаюцца ў райвыканкам і аддзел унутраных спраў, куды летась паступіла 152 звароты (2018 – 149). Дзевяць адрасаваны ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (4).
Раённай уладзе накіравалі 16 калектыўных зваротаў. З 23 акрэсленых пытанняў 13 прызнаны абгрунтаванымі, тры ўзяты на кантроль.
Найбольш – 53 звароты па 63 пытаннях – накіравалі ў райвыканкам жыхары Дзісны і сельскіх Саветаў, што адпавядае ўзроўню 2018-га. Звярталіся з Туркоўскага, Міёрскага, Узмёнскага, Павяцкага, Завуццеўскага, Новапагосцкага. Часцей за ўсё людзей хвалявалі праблемы дарожнай гаспадаркі, рамонту і ўтрымання жыллёвага фонду, электразабеспячэння, аграпрамысловага комплексу.
Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі даслалі кіраўніцтву райвыканкама 29 зваротаў па 60 пытаннях. Адзін толькі кіраўнік сялянскай (фермерскай)гаспадаркі з Навалакі абазначыў у сваіх 15 пісьмах 36 землеўпарадкавальных праблем. Астатнія пытанні мелі дачыненне да сферы эканомікі, інфармацыі і сувязі, жыллёвага фонду, аграпрамысловага комплексу, працаўладкавання і інш.
Адзначаецца павелічэнне зваротаў па лініі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Большасць звязаны з утрыманнем вулічна-дарожнай сеткі. Часта людзей хвалявалі пытанні добраўпарадкавання, у прыватнасці выдалення аварыйных дрэў і кустоў. Паменела нараканняў, звязаных з жыллёвым фондам, утрыманнем хатніх гадаванцаў, камунальнымі паслугамі.
У цэлым радзей, у параўнанні з 2018-м годам, грамадзяне звярталіся па лініі архітэктуры і горадабудаўніцтва, адукацыі і навукі, энергазабеспячэння, працаўладкавання.
Жыхарам раёна давалі магчымасць выказацца і акрэсліць набалелыя пытанні на асабістых прыёмах грамадзян кіраўніцтва райвыканкама, а таксама падчас прамых і гарачых тэлефонных ліній. У той жа час некаторыя імкнуліся вырашаць праблемы і ў Адміністрацыі Прэзідэнта, памочніка Прэзідэнта, аблвыканкаме, Камітэце дзяржкантролю. Летась у вышэйшыя органы міярчане накіравалі 14 зваротаў. Па адным пісьме паступіла з Міёрскага, Новапагосцкага, Туркоўскага і Узмёнскага сельсаветаў. Вырашыць пытанні жыццезабеспячэння міёрскага краю імкнуліся чатыры жыхары іншых рэгіёнаў.
Не менш важна, наколькі аператыўна і грунтоўна адгукаюцца на пытанні на месцах, ці здольны адказныя асобы канструктыўна іх разглядаць. Названа негатыўная тэндэнцыя даваць адказ заяўнікам у крайні тэрмін. Своечасова інфармуюць пра прынятыя рашэнні аддзел па архітэктуры і будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, на долю якіх выпадае каля 70 працэнтаў ад усіх зваротаў у райвыканкам. Не марудзяць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Перабродскі сельвыканкам. Часам тэрміны разгляду зваротаў пераносяцца, прычыны розныя: абмежаваныя фінансавыя магчымасці, неспрыяльныя кліматычныя ўмовы і інш. На працяглым кантролі кіраўніцтва райвыканкама знаходзяцца 33 звароты. Да іх сёлета дадаліся 13.
Пачуць і адгукнуцца – задача кожнага кіраўніка, звярнуў увагу старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Але нельга быць галаслоўнымі ў сваіх абяцаннях. Калі далі слова, яго трэба стрымаць. Тым часам загадзя прымаць узважаныя рашэнні.
Летась удвая больш паступіла пытанняў да камунальнікаў. Дырэктар УП ЖКГ Ігар Войтаў патлумачыў: сэрвіс абслугоўвання службы шырокі, задач нямерана. Аднак нярэдка людзі выказваюць незадавальненне тым, з чым па-сутнасці самім па сіле справіцца. Гэта мае дачыненне да добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, дзе сабраўшыся, жыхары кватэр могуць і смецце падгрэбсці, і гульнёвы інвентар пафарбаваць, і кветнікі абуладкаваць. У грамадскіх месцах старанні камунальнікаў таксама далёка не ўсе ацэньваюць станоўча. Напрыклад, буру хваляванняў выклікала абрэзка дрэў на паўвостраве. Пра свае скаргі, што на галаву сыпяцца сукі і птушыны памёт, людзі забыліся, раптоўна абвастрыліся гуманныя пачуцці да прыроды. Дагадзіць кожнаму немагчыма. Вядома адно – рабіць наша жыццё зручным і камфортным – задача ўсеагульная.
Фота для ілюстрацыі.
Наталія СТАНКЕВІЧ.