Выхаванцы дзіцячых садоў і школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу на найлепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку.
Беражлівыя адносіны да прыроды, захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, ахова навакольнага асяроддзя, устойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў – усё гэта знайшло адлюстраванне ў конкурсных работах.
Творчае спаборніцтва праходзіла ў дзвюх узроставых групах: ад трох да пяці гадоў і ад шасці да дзесяці.
Сярод малодшых удзельнікаў першае месца прысудзілі выхаванцу Язненскага яслі-сада Мікіту Карповічу за малюнак-аплікацыю «Беражы і захоўвай водныя рэсурсы планеты». На другім Эла Сураўёва з яслі-сада № 1 з малюнкам «На рыбалцы». Трэцяе месца падзялілі Максім Шамровіч з Язненскага яслі-сада, аўтар малюнка «Беражыце птушак» і выхаванец Дзісненскага яслі-сада Даўлат Красоўскі з малюнкам-аплікацыяй «Беражыце яркую планету!»
Ва ўзроставай групе ад шасці да 10 гадоў на першым месцы вучань СШ № 3 імя Я. Томкі Арцём Плехтан, які падрыхтаваў малюнак-аплікацыю «Агонь – галоўны вораг лесу». Другое месца прысудзілі выхаванцы яслі-сада № 2 Вікторыі Крэміс за малюнак-аплікацыю «Крохкі свет прыроды». На трэцім – работы «Свет у кроплі вады» вучня Дворнасельскай школы Аляксея Корсака і «Кар-кар-р-р-авул! SOS» Ефрасінні Шчарбіцкай са Слабадской школы.
Фота для ілюстрацыі.
Аляксандр ВАЯВОДАЎ, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.