В Миорах состоялась отчётно-выборная конференция РГОО "БООР"

 Напрыканцы сакавіка ў актавай зале Міёрскага ПМС адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Яе работай кіраваў старшыня савета раённай аргструктуры, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Лясовіч.

Леташні план па даходах раённай арганізацыі “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” выкананы на 105 %, забяспечаны прырост да папярэдняга года на 22,4 %. Заданне па аказанні імпартных паслуг у валюце перавыканана на 59 %.

Дырэктар раённай арганізацыйнай структуры Іван Атрошка пачаў Справаздачны даклад з канстатацыі асноўных дасягненняў. Так, колькасна таварыства паступова павялічваецца, цяпер у ім 165 паляўнічых і 268 рыбаловаў. Задавальняюць паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці: леташні план па даходах выкананы на 105 %, забяспечаны прырост да папярэдняга года на 22,4 %. Заданне па аказанні імпартных паслуг у валюце перавыканана на 59 %. У выніку Міёрская РАС заняла чацвёртае месца ў рэспубліцы сярод 106 паляўнічых гаспадарак, пры гэтым улічваліся паказчыкі па 20 пазіцыях.


Ва ўгоддзях таварыства летась здабылі 72 лася (ліміт — 75) і 100 казуль. Прыкладна палову трафеяў запісалі на свой рахунак мясцовыя паляўнічыя. Па праграме папярэджання АЧС працягваўся адстрэл дзікоў, дзікіх свіней паменела на 48 галоў. Вынішчаліся так званыя непажаданыя віды, сярод якіх сем ваўкоў, 57 янотападобных і 89 бадзячых сабак, 211 лісіц.


Ужо сёлета здабылі 125 лісіц, у тым ліку ўдзельнікі беларускага клуба “Сафары” — 32 за адзін дзень спаборніцтваў, чатырох ваўкоў, восем янотападобных і 16 бяздомных сабак. Такая работа будзе працягвацца, для заахвочвання членаў таварыства прадугледжаны пэўныя меры стымулявання. Яшчэ летась, напрыклад, для актывістаў і лепшых пярвічных калектываў выдзялілі льготныя пуцёўкі. Паменшаны цэны на ўдзел у калектыўным загонным паляванні на капытных усім, хто вызначыўся ў рэалізацыі біятэхнічных мерапрыемстваў. Меры стымулявання будуць выкарыстоўвацца таксама ў адносінах арганізатараў паляўнічых тураў, будаўніцтва стралковых ліній і вышак, уладкавання саланцоў. Так, ільготы — гэта недаатрыманне даходаў, аднак яны кампенсуюцца іншымі паступленнямі пры належнай арганізацыі паляўнічай гаспадаркі. Толькі летась пры падтрымцы пярвічных калектываў узведзена пяць стацыянарных вышак і столькі ж павецяў для курапатак, дзесяць паўвышак, пракладзена сем стралковых ліній. Для падкормкі лясных жывёл выкарыстана больш за 30 тон зернеадходаў. Сярод дзяцей праведзены конкурс малюнкаў “Лес і яго жыхары”.


 Не планавалася далучэнне Міёрскага раёна да эксперымента па замацаванні ўгоддзяў за паляўнічымі, аднак ініцыятыўным спосабам прымянілі навінку ў Мікалаёўскім пярвічным калектыве, і атрымалася станоўча. Ідэя вартая рэалізацыі.


Штогод раённая аргструктура ўласнымі сіламі і з прыцягненнем актыву, членаў сваіх сем’яў праводзіць акцыі “Чысты вадаём” і “Чысты лес”. Нядаўна займаліся папярэджаннем заморных з’яў на азёрах Воранава, Дворышча, Коласава, Міёрскае.


У 2019-м план па даходах для аргструктуры павялічваецца да 200 тысяч рублёў, асноўную яго частку мяркуецца, як і раней, атрымаць за кошт паляўнічых тураў з замежнымі паляўнічымі. Тым больш, што ліміт на здабычу ласёў, казуль і баброў таксама, хаця і не вельмі значна, але расце. У нашых лясах павінны з’явіцца нават алені. Неабходна апрабаваць туры на птушку. Будзе працягвацца будаўніцтва вышак (патрэбны 4), стралковых ліній (7), саланцоў (30), паўвышак (70). Плануюцца традыцыйныя акцыі, рамонт Дома паляўнічага, спаборніцтвы рознага ўзроўню па стралковым мнагабор’і і рыбнай лоўлі, адкрытыя ўрокі ў школах і іншыя мерапрыемствы.


У рабоце канферэнцыі ўдзельнічаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў. Ён падзякаваў паляўнічым за вынікі 2018 года і заклікаў з адказнасцю ставіцца да выканання планаў па ўсіх паказчыках сёлета. Асноўная задача нязменная — зарабляць больш. Пры гэтым трэба дакладна ведаць і старанна выконваць Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання: кожнае парушэнне чорнай плямай кладзецца на аўтарытэт раёна.


Канферэнцыя зацвердзіла ў абноўленым складзе савет і праўленне раённай аргструктуры РДГА “БТПР”, абмеркавала некаторыя пытанні жыцця таварыства. Сярод найбольш хвалюючага — барацьба з забруджваннем лясоў бытавымі адходамі. 

Фота для ілюстрацыі. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.