«Ельня» поддерживает партнерство с Институтом имени Гёте в Минске

 Прыродаахоўная ўстанова “Ельня” падтрымлівае даўнія партнёрскія адносіны з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Гэтая навучальная ўстанова арганізуе паглыбленае вывучэнне нямецкай мовы са здольнымі дзецьмі. Такой жа мэце служыць, у прыватнасці, экалагічны лагер. У рамках праекта “Школы: партнёры будучыні” ён два дні працаваў на тэрыторыі заказнікаў раёна. 

Па дзесяць школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Украіны апекаваў прафесар Венскага ўніверсітэта па аграрнай педагогіцы і абароне навакольнага асяроддзя Вільгельм Ліндэр. Удзельнічалі ў экскурсіі па экацэнтры з пазнавальнымі конкурсамі, па экалагічнай сцежцы на Ельні. На “Балоце Мох” нашы юныя госці даследавалі папуляцыі марошкі, для іх энтамалагічную экскурсію правёў кандыдат біялагічных навук, загадчык кафедры біялогіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Генадзь Сушко, які спецыялізуецца па вывучэнні насякомых верхавых балот Беларускага Паазер’я.


Генадзь Генадзьевіч — наш зямляк, закончыў Міёрскую СШ №2. Пасля службы ў арміі паступіў на біяфак, заняўся навуковай дзейнасцю, дацэнт біялагічнага факультэта. Шмат гадоў працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце, па выніках даследаванняў апублікаваў мноства работ у розных выданнях у Беларусі і за мяжой. Цяпер абараняе доктарскую дысертацыю па энтамалогіі.


Яго слухачамі аказаліся таксама захопленыя, матываваныя дзеці, яны вельмі цікаўныя, актыўныя, задавалі шмат пытанняў. Хаця між сабой і з прафесарам размаўлялі па-нямецку, зносіны з імі прыносілі сапраўднае задавальненне.


Пасля экскурсій па заказніках “Ельня” і “Балота Мох” 14-16-гадовыя беларускія і ўкраінскія школьнікі планавалі працягваць распрацоўку тэмы балот, рыхтаваць прэзентацыі атрыманых вынікаў на базе адпачынку “Актам”, дзе размяшчаліся ўвесь перыяд знаходжання на Міёршчыне.


У экскурсіях іх суправаджалі намеснік пасла Германіі ў Беларусі Аня Лютар і аташэ па культуры Мерле Варнеке.

Фота прадастаўлена ДПУ “Ельня”.
Іван БАРОК, дырэктар дзяржаўнай

прыродаахоўнай установы “Ельня”.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.