Смотр-конкурс детского творчества «Таланты Миорщины» собрал школьников

 Раз у два гады збірае на адной сцэне юных салістаў, танцораў, музыкантаў, тэатралаў раённы агляд-конкурс мастацкай творчасці «Таленты Міёршчыны», які праводзіць Цэнтр дзяцей і моладзі. Сёлета ў ім прынялі ўдзел вучні з СШ № 2 імя М. Ізварына, СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі, Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна, Павяцкай СШ імя В. Бабічава, Язненскай СШ, Туркоўскай БШ.

Пляцоўкай спаборніцтва талентаў стала сцэна раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. У глядзельную залу, акрамя канкурсантаў і журы, паглядзець выступленні і падтрымаць удзельнікаў завіталі іх бацькі.

– Праводзім конкурс з мэтай развіваць дзіцячую мастацкую творчасць, выяўляць і падтрымліваць таленавітых вучняў, – заўважае загадчык аддзела мастацкай творчасці раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Надзея Шымуковіч. – У якасці тэматыкі сёлета вызначылі грамадзянска-патрыятычную і школьную. Гэта азначае, што ў намінацыі «Вакальная творчасць» – дарэчы, яе выбрала большасць удзельнікаў – выканаўчы прадстаўляюць два нумары ў адпаведнасці з тэматыкай.

 Акрамя «Вакальнай творчасці» конкурс уключае намінацыі «Тэатр моды», «Фальклорная творчасць», «Харэаграфічная творчасць», «Інструментальная творчасць». У апошняй заявіў пра сябе ансамбль лыжкароў «Забава» з Туркоўскай БШ. Павяцкую школу імя В. Бабічава прадставіла юная салістка Анастасія Мароз. Язненская СШ запомнілася рамантычным дуэтам Данілы Лаўрыновіча і Ксеніі Осіпавай і дзявочым трыа Валерыі Ліпскай, Лізаветы Матыль і Дзіяны Пазік. Дзяўчаты ў сваёй узроставай групе – 6-12 гадоў – занялі першае месца. Гэтую пазіцыю з імі падзяліла трыа Арцёма Карпуця, Анастасіі Гелеш і Анастасіі Кунцэвіч з СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Таленты з Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна – дуэт Марыі Астукевіч і Анастасіі Маліноўскай, а таксама танцавальныя калектывы «Вясёлка» і «Натхненне». Танцоры з «Вясёлкі» зарадзілі пазітывам і дадалі яркіх фарбаў, пластыкай і элегантнасцю падарылі эстэтычную асалоду дзяўчаты з «Натхнення». Абодвум у намінацыі «Харэаграфічная творчасць» прысуджана першае месца.

 Творчыя праграмы СШ № 2 імя М. Ізварына і СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі – асобныя канцэрты па 14 і 16 нумароў адпаведна. У асноўным спаборнічалі ў вакале. Сярод салістаў на першым месцы Валерыя Паўлоўская з СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Вучні гэтай школы Сямён Федуковіч і Сяргей Дзехцяронак занялі першую прыступку творчага п’едэстала сярод дуэтаў, а Максім Захарэнь, Сямён Абалевіч і Аліна Федуковіч сталі першымі сярод трыа. Найлепшы квартэт – «Гарэзы» з СШ № 2 імя М. Ізварына.

Конкурс «Таленты Міёршчыны» стаў добрым святам дзіцячай творчасці, падарыў новы вопыт удзельнікам і прыемныя эмоцыі гледачам, запаліў новыя зорачкі на творчым небасхіле роднага краю.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий