Хорошим стартом стала работа в сельской школе на Миорщине для Максима Шишкина

 Выходзіць на фінішную прамую 2019 – 2020 навучальны год. Нібы неўпрыкмет праляцелі тры чвэрці для маладога настаўніка замежнай мовы Максіма Шышкіна. Складанасці чаргаваліся з поспехамі, дзень за днём адбывалася прафесійнае станаўленне. Малады педагог рады, што яго першым працоўным месцам стала сельская школа.

– Авалодаць мовай дапамагае толькі пастаянная практыка, – заўважае малады настаўнік. – Для сябе перапынкаў у вывучэнні прадмета не раблю.

Туркоўскай базавай школе Максім Шышкін выкладае нямецкую і англійскую мовы ў вучняў з трэцяга па дзявяты класы. Заўважае, што самому больш падабаецца нямецкая. За яе выразнасць, дакладнасць, упарадкаванасць.


– Мова адлюстроўвае культуру і вобраз мыслення народа. Чым больш паглыбляешся ў яе вывучэнне, тым больш разумееш, – гаворыць Максім Андрэевіч. – У нямецкай мове знайшлі адбітак прамалінейнасць і педантычнасць яе непасрэдных носьбітаў. Гэта заўважаецца ў вымаўленні, у строгім парадку слоў. Англійская мова больш свабодная. На мой погляд, яе вывучыць прасцей. Найбольшую складанасць уяўляе толькі тое, што словы вымаўляюцца і пішуцца па-рознаму. Гэта праблема нават для тых, у каго гэтая мова родная. Мае вучні-пачаткоўцы часта пытаюцца, калі змогуць свабодна чытаць па-англійску і не звяртацца да транскрыпцыі.


У Максіма цікавасць да замежных моў са школьнай пары. Вучыўся ў Віцебску. У наш абласны цэнтр яго бацькі-ваенныя пераехалі з Пскова, калі выйшлі на адпачынак. Пасля школы паступіў на філалагічны факультэт дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава. Падчас вучобы двойчы быў на стажыроўцы ў Германіі. Там наведвалі заняткі ў школах і вну, выязджалі на экскурсіі ў Кёльн, Фракфурт-на-Майне і іншыя гарады. Засталося мноства ўражанняў, а яшчэ нямецкія кнігі, якія дарылі школьнікі і студэнты. Іх чытае ў вольны час.
На працу ў сельскую школу гарадскі жыхар ехаў з пазітыўным настроем.


– Падчас размеркавання сам выбраў Міёрскі раён. Даводзілася бываць тут праездам па дарозе на Браслаўшчыну, дзе жывуць сваякі. Вельмі падабаецца гэтая мясцо- васць, – расказвае субяседнік. – Мае школьныя настаўнікі і выкладчыкі з універсітэта заўважалі, што работа на сяле – добры прафесійны старт. Цяпер сам у гэтым упэўніўся. Цёпла прынялі і вучні, і педагогі. Калегі падтрымліваюць, дапамагаюць. Дзеці на ўроках добра сябе паводзяць. Вучыцца, вядома, не кожнаму хочацца, але дысцыпліну не парушаюць. У маіх аднагрупнікаў, якія працуюць у гарадскіх школах, уражанні не такія станоўчыя.


 Цёплай парой пасля ўрокаў малады настаўнік ішоў на прабежку на школьны стадыён. Умераная фізічная нагрузка для яго выдатны спосаб адпачыць ад інтэлектуальнай працы. Калі надвор’е стабілізуецца, зноў пачне набягаць кіламетры.
Вечары праходзяць за падрыхтоўкай да новага школьнага дня. Планы ўрокаў настаўнік складае з улікам індывідуальных магчымасцей сваіх вучняў. Дамашняя работа займае нямала часу. Адзначае, што ў наступным навучальным годзе стане прасцей: будзе запас напрацовак.


Для Максіма настаўніцкая дзейнасць не толькі магчымасць прымяняць методыкі вывучэння прадмета, але і пастаяннае назапашванне вопыту зносін з людзьмі. Падзеі школьных дзён, акрамя ўрокаў, запаўнялі мерапрыемствы. Дапамагаў старэйшаму калегу – настаўніку фізічнай культуры Андрэю Лапіцкаму – выступаць на раённым конкурсе «Настаўнік года», што праходзіў у студзені. У лютым разам з педагогам-арганізатарам Аленай Лапіцкай быў вядучым на конкурсе мастацкай творчасці ў складзе каманды Туркоўскага СДК. Сцэна знаёма з універсітэта. Вёў многія мерапрыемствы, у тым ліку і падчас стажыроўкі ў Германіі. Прыхільнікам самадзейнасці сябе не лічыць, але калі трэба выступіць – не праблема.
Галоўным захапленнем застаюцца замежныя мовы. Вучыць дзяцей і вучыцца сам.

Фотаматэрыял з асабістага архіва Максіма ШЫШКІНА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.