Дыхание Израиля

Дыхание Израиля У снежні мінулага года ў адпаведнасці з праграмай перападрыхтоўкі кадраў сельгасакадэміі была арганізавана дзелавая паездка спецыялістаў АПК у Ізраіль для вывучэння вопыту вядзення сельскай гаспадаркі ў дастаткова экстрэмальных умовах. У ліку 23 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі аказаліся тры міярчаніны—аўтар гэтых радкоў, дырэктар ААТ “Дрыгучы” А. У. Радзіка і кіраўнік ААТ “Узмёнскі край” А. М. Матэленак. Паездка намячалася месяцам раней, але тады было неспакойна на граніцы з сектарам Газа.

Выляталі з Мінска познім нядзельным вечарам. Адзначу дастаткова жорсткі мытны кантроль, у тым ліку рэчаў і асабісты (аж да зняцця рэменя са штаноў). Што ж, бяспека паллету — самае галоўнае. Але як аказалася потым, у аэрапорце Ізраіля парадкі яшчэ больш строгія.

 

Ляцелі самалётам “Боінг-737” кампаніі “Белавія”. Рэйс у Тэль-Авіў выконваецца раз на тыдні, таму ўсе месцы ў салоне былі заняты, усяго 150 пасажыраў.

На пасадку ў аэрапорт “Бен-Гурыён” заходзілі з боку Міжземнага мора. Было даволі позна, таму здзівіла багатае асвятленне не толькі на аэрадроме, але, як потым аказалася, па ўсёй краіне.

 

Мытны кантроль прайшлі хутка, але не без праблем — згубіўся адзін чалавек нашай групы. Хаця гэта ў нейкай меры зразумела, бо аэрапорт здзіўляе памерамі і колькасцю пасажыраў. Спецыфіка ў Ізраіля такая, што дастаткова бяспечна і хутка пакінуць краіну ці прыехаць у яе можна толькі па паветры.

 

Нас сустрэла прадстаўнік прымаючага боку гід-перакладчык Алена (яна раней жыла ў Ленінградзе) і вадзіцель камфартабельнага аўтобуса Сяргей з Казахстана. Скіраваліся ў гатэль на самым беразе мора — з адчыненага акна чутны рокат прыбою. Самыя нецярплівыя адразу кінуліся купацца.

 

Некалькі слоў пра Ізраіль. Гэтая краіна даўжынёй 470 і найбольшай шырынёй усяго ў 135 кіламетраў. Насельніцтва 7,4 мільёна, 80% з іх яўрэі, астатнія — арабы і іншыя народы. Былых грамадзян СССР тут каля 30%, а калі ўлічыць, што і іх дзеці гавораць па-руску, можна сцвярджаць, што моўнага бар’ера ў нас не было. У гатэлі па тэлевізары трансліруюцца дзве маскоўскія праграмы (1-я і РТР), яшчэ ёсць каналы з субцітрамі. У магазінах на многіх таварах, асабліва харчовых, зроблены надпісы па-руску. Краіна адносна маладая, сярэдні ўзрост жыхароў 28,3 года, працягласць жыцця — 78,7 (у мужчын 78, жанчын — 85).

 

Большая частка Ізраіля, асабліва прыморская, размешчана ў зоне субтропікаў, дзе толькі дзве пары года — сухое і спякотнае лета, адносна дажджлівая зіма. Летам (май — кастрычнік) тэмпература даходзіць да +45 днём і +25 ноччу. Вада ў моры таксама праграваецца да 25 градусаў.

 

Калі раніцай выйшлі з гатэля, усё выклікала здзіўленне: пальмы, цёплае мора, цвілі дэкаратыўныя кусты. Гэта пазней мы даведаліся, што большую частку краіны займаюць пустыні, прычым не пясчаныя, а камяністыя, з даламітавых і асадкавых парод. Усе пагоркі і горы (а Галілея на вышыні 1200 м над узроўнем мора) таксама з бела-жоўтага вапняку і даламіту. Гэтыя камяні выкарыстоўваюцца і як будаўнічы матэрыял, ім абліцаваны ўсе дамы, бо добра абараняюць жыллё ад спякотнага сонца.

Звярнуў увагу на невялікія вокны будынкаў, на якіх устаноўлены жалюзі звонку, а не ўнутры, як у нас. Гэта для таго, каб не даць нагрэцца рамам і шклу.

Жыллё старой пабудовы мае 2-3 паверхі з абавязковымі сонечнымі батарэямі і ёмістасцямі для нагрэву вады на дахах. Ацяплення ў ім няма, затое паўсюдна ўстаноўлены кандыцыянеры.

 

Дамы з плоскімі і пакатымі (чарапічнымі) дахамі стаяць шчыльна адзін да другога. На плоскіх паверх гідраізаляцыі насыпаны даламітавы шчэбень. У гарадах нямала сучасных будынкаў, амаль хмарачосаў, са шкла і бетону. Наогул, будаўнічая індустрыя тут вельмі развіта. Калі меркаваць па пад’ёмных кранах, будуюць шмат. Дарогі таксама добрыя, хаця месцамі вельмі звілістыя. Аўтамабільны транспарт — асноўны для дастаўкі грузаў. Чыгунка даўжынёй 853 км пракладзена на поўначы і ў цэнтры краіны.

 

У першы ж дзень скіраваліся на поўнач у кібуцы, якія з’яўляюцца асноўнымі вытворцамі сельгаспрадукцыі. Большасць земляў, прыдатных для апрацоўкі, размешчана ў далінах, адна з іх — Ізраэльская. На чырванаватых глебах вырошчваюць пшаніцу (у час нашага прыезду расліны толькі прабіваліся), кукурузу на зерне, бавоўну, сланечнік, шмат салатных і зялёных культур, якія тут асабліва паважаюць. Раслінаводства не надта здзівіла, тэхніка і тэхналогія падобныя на нашы. Адрозненне ў кропельным арашэнні. У так званы зімовы перыяд паліў не праводзіцца, бо зрэдку праходзяць дажджы, а ў астатні час расліны без вільгаці не выжывуць. Адзначу, што Ізраіль — пачынальнік кропельнага арашэння, бо тут пры лішку вады адбываецца частковае забалочванне: слой глебы толькі 10-20 сантыметраў, а ніжэй — вапнякі і даламіты, якія дрэнна фільтруюць вільгаць.

За год збіраюць два ўраджаі. Абаронныя мерапрыемствы і ўнясенне ўгнаення праводзяць спецыялізаваныя фірмы.

 

Вельмі шмат розных відаў цытрусавых, вырошчваюць гранаты і бананы. Сады не агароджаны, пад дрэвамі ляжаць апалыя плады (у снежні — студзені збор ураджаю). Калі няма попыту, апельсіны скармліваюць жывёле.

Цікава вырошчваюць бананы. Гэтыя расліны дасягаюць у вышыню трох метраў, зверху іх пакрываюць сеткай на нацягнутых трасах, каб плады не псавалі птушкі пры міграцыі ў Егіпет на зімоўку.

 

Вырошчваюць і больш прывычныя нам яблыкі. Яны вельмі салодкія, але надта цвёрдыя.

Першы візіт быў на завод па перапрацоўцы свініны ў кібуцы “Мізра”. Кібуц — гэта добраахвотнае аб’яднанне людзей для апрацоўкі зямлі, узятай у арэнду ў дзяржавы. Дарэчы, землі ў Ізраілі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, акрамя ўчасткаў, адведзеных пад жыллё. Кібуц клапоціцца пра харчаванне, адзенне, жыллё, адукацыю, у тым ліку вышэйшую, для сваіх членаў. Яны не маюць асабістай уласнасці, але да канца сваіх дзён забяспечаны ўсім неабходным на вартым узроўні. У нашым разуменні гэта камуна. Цяпер пачалі з’яўляцца машавы, дзе ўжо ёсць прыватная ўласнасць у спалучэнні з элементамі кааперацыі.

 

Яўрэі, якія цвёрда прытрымліваюцца сваіх рэлігійных пастулатаў, выказваліся супраць вырошчвання свіней на “святой зямлі”. У свой час гэтаму нават былі прысвечаны дэбаты ў кнесеце, ізраільскім парламенце. Але свініна тут запатрабавана, у першую чаргу выхадцамі з былога Саюза. Рашэнне праблемы знойдзена і задаволіла ўсіх: свіней сталі вырошчваць на рашотках, прыпаднятых над зямлёй. Свініну можна заказаць і ў рэстаране, толькі ў меню гэта “белае” мяса. Як не сказаць, што ў Ізраілі забаронены і азартныя гульні, забарона захоўваецца, толькі людзі гуляюць. Для гэтага нейкая фірма арандуе круізнае судна, якое выходзіць у нейтральныя воды Міжземнага мора — і калі ласка.

 

Але вернемся на невялікі заводзік у кібуцы. Тут свініну толькі перапрацоўваюць. Адразу кінуўся ў вочы такі зразумелы надпіс па-руску “Место для курения”. Гэта выклікала ўсмешку. Нас сустрэў менеджэр Дзіма, аказалася, што ён з украінскага Данбаса. Пайшоў па шляху бацькі, які на радзіме быў дырэктарам мясакамбіната. Мы пераапрануліся, прайшлі па ўсіх памяшканнях прадпрыемства, пазнаёміліся з усім ад прыгатавання прыпраў да тэрмічных камер, дзе даспявае гатовая прадукцыя. Тут на сціплых вытворчых плошчах у месяц вырабляецца 200-250 тон гатовай прадукцыі. Рабочыя размаўлялі з намі па-руску, але ніхто не пакінуў сваю справу. Этыкеткі знаёмыя: “Доктарская”, вырабленая па рускай тэхналогіі, “Сала па-дамашняму” ці “Венгерскае” і т. п. Аплата працы прыкладна 8-10 долараў ці 3,5-3,7 шэкеля за гадзіну. Заахвочваецца большым тарыфам, але не з’яўляецца абавязковай работа большай працягласці. На пытанне аб заробку многія апускалі вочы і казалі, што не заўсёды выходзіць па 1,5 тыс. долараў у месяц, такой сумай не прынята хваліцца.

 

Па словах Дзмітрыя, каб атрымаць больш-менш прыстойную работу, неабходна веданне мовы. А яе ён вывучаў цэлы год. Рабочыя ў Ізраілі знаходзяцца яўна не ў цяплічных умовах: калі звольняць з-за нейкай “праблемы” і кіраўнік не дасць рэкамендацыю для пастаноўкі на ўлік па пошуку новай работы, то абавязкова будуць вялікія цяжкасці з працаўладкаваннем. Тут сцвярджаюць, што гэта сур’ёзна дысцыплінуе ўсіх.

 

У наступным кібуцы знаёміліся з вытворчасцю малака ад кароў і авечак. Статак у Ізраілі ўтрымліваюць у памяшканнях круглы год. Хаця і перад намі такая ж задача пастаўлена на 2014-ы, а ў ААТ “Туркова” так зроблена ўжо цяпер.

Дык вось, на авечай ферме асноўнай прадукцыяй з’яўлялася таксама малако. Пытанне аб тым, куды накіроўваецца воўна, ізраільцяне не зразумелі. Аказалася, што яна не запатрабавана. А тлумачэнні даваў былы ваенны з Калінінграда.

 

Ферма ў Ізраілі — гэта павець на металічных слупах, на даху якой устаноўлены сонечныя батарэі. Па перыметры пабудовы знаходзяцца перасоўныя металічныя агароджы. І ўсё. Яшчэ адна дэталь — на ўсіх будынках зроблена сістэма збору дажджавой вады з дахаў.

 

Жывёле не цесна, ёсць магчымасць рухацца. Кармараздатчык рыхтуе сумесь з жоўтай ці нават карычневай саломы, якая дастаўляецца ў вялікіх квадратных цюках, і канцэнтратаў. Сена, сянажу і сіласу ў нашым разуменні няма.

Цяляты, як і ў нас, размяшчаюцца ў клетках-хатках. У кожнай па два вядры — для канцэнтратаў і вады. Падлога з даламітавага шчэбеню. Гной проста змываецца вадой. Усе домікі прыкрыты ад сонца дахам з брэзенту.

 

Каровы даюць у год да 11292 літраў малака, што на 2239 л больш, чым у Амерыцы і на 5374 — чым у Еўропе. Рэкорд для краіны — 18900 літраў пры тлустасці 5%. Уражвае, ці не так!?

 

Мы наведалі малочную ферму перад пачаткам даення. Надой ужо чакаў малакавоз з прычэпам. Статак утрымліваецца бяспрывязна, дзейнічае даільная зала. Стойлавае абсталяванне падобнае на наша, але гной выдаляецца раз у паўгода, тут ён проста высыхае. Для гэтага праз 2-3 дні трактар звычайным культыватарам разрыхляе яго. Потым угнаенне рэалізуецца іншым спажыўцам, бо мінеральныя тукі вельмі дарагія.

 

Каровы чорна-пярэстай пароды, нумар “напісаны” на спіне шляхам абясколервання поўсці вадкім азотам. Рогі абрэзаны, чып прымацаваны да задняй нагі. Кармы на кармавым стале. Калі мы праходзілі па ім, рэшткаў амаль не было, магчыма, так і трэба, каб жывёла скіравалася на даенне за порцыяй канцэнтратаў. А яшчэ статак “прыцягваюць” у даільную залу вадзяным душам і халаднаватым ветрам ад чатырох магутных вентылятараў. Такім чынам ствараюцца камфортныя ўмовы для кароў. І кароўнікі абсталяваны вентылятарамі, хаця меншымі. Энергазабеспячэнне на гэтыя і іншыя мэты ад сонечных батарэй на дахах.

 

Сістэма водазабеспячэння замкнутая, аўтаномная, з папаўненнем у час дажджоў.

У Ізраілі паўсюдна адчуваецца культ вады, яе збіраюць яшчэ з біблейскіх часін. З гэтым сутыкнуліся нават у аэрапорце, калі ў час адлёту пайшоў дождж: фантан быў у выглядзе вады, якая з дахаў накіроўвалася ў падземнае сховішча. Яшчэ адна дэталь — у гатэлі на вячэру на столік заўсёды ставілі шкляны збаночак з халаднаватай вадой замест кофе ці чаю. Вада тут — гэта жыццё.

 

Яшчэ крыху пра кібуц. Для таго, каб стаць яго паўнапраўным членам, неабходна адпрацаваць год-паўтара на агульных падставах. Таму выпадковых людзей у ім няма. А па законе нельга выключыць чалавека з гэтай камуны па ініцыятыве адміністрацыі. Расказвалі, што ў кібуц прынялі чалавека, які не жадаў сумленна працаваць. А раз афіцыйна яго і зволіць нельга, далі грошай, каб ён пайшоў сам. Адкупіліся, адным словам.

 

Спыталі ў нашага перакладчыка ці ёсць у яго аўтамабіль. Той здзівіўся, а навошта? Калі патрэбна, ён возьме аўтамашыну ў кібуцы. Жыллё ў ім прадастаўляецца з разліку 100 квадратных метраў на сям’ю. А калі хочацца большага — можна даплаціць з асабістых зберажэнняў.

 

В. ГАГАЛІНСКІ,

першы намеснік начальніка

райсельгасхарчу.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.