С праздником Защитников Отечества!
gazeta 23-02-2015, 13:05 0 У рэспубліцы
23 лютага беларускі народ урачыста адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ужо шмат дзесяцігоддзяў мы верныя традыцыі сустракаць гэта свята ўсенародна, з асаблівай цеплынёй і ўрачыстасцю. І гэта заканамерна, бо ў яго першапачаткова закладзены высокі сэнс — любіць сваю Радзіму і ўмець яе абараняць.
Гістарычна склалася так, што нашаму народу на працягу шматлікіх стагоддзяў даводзілася змагацца з іншаземнымі захопнікамі, адстойваючы свае правы на нацыянальнае існаванне. Народ Беларусі шмат перажыў і зведаў, але ніколі не быў зломлены, заўсёды і ва ўсім вызначаў свой лёс сам. У нашай памяці назаўсёды застанецца подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта была па-сапраўднаму ўсенародная барацьба, якая паказала ўсяму свету, як трэба любіць і абараняць сваю Радзіму. Мноства манументаў, абеліскаў і помнікаў на тэрыторыі нашай рэспублікі сведчаць пра тое, як беларусы шануюць і памятаюць сваіх абаронцаў.
У гэты святочны дзень асаблівая падзяка ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Іх вопыт, мужнасць, ідэйная стойкасць — наш верны арыенцір. Мы схіляем галаву перад подзвігам пакалення пераможцаў і высока цэнім уклад ветэранаў у патрыятычнае выхаванне грамадзян нашай краіны. Сёлета мы рыхтуемся ўрачыста адзначыць 70-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Пасляваенная гісторыя — цудоўны прыклад беззапаветнага служэння Айчыне. Менавіта Чырванасцяжная Беларуская ваенная акруга — адна з самых магутных ва Узброеных Сілах СССР, унесла вялізны ўклад у бяспеку дзяржавы на заходнім накірунку, з'яўляючыся важнейшым фактарам стратэгічнага стрымлівання.
Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь годна працягваюць традыцыі папярэдніх пакаленняў, надзейна гарантуюць мірную працу людзей і бяспеку нашай Радзімы. Працягваецца ўдасканаленне сіл тэрытарыяльнай абароны. Нядаўні экзамен, які вытрымаў наш раён па гэтых пытаннях, паказаў высокі ўзровень адказнасці кіруючага саставу і радавых грамадзян. Гэта доказ таго, што абарона дзяржавы носіць усенародны характар і такі народ зламаць немагчыма.
Цяпер на варце мірнай працы і незалежнасці беларусаў стаяць нашчадкі слаўных пакаленняў — дзеці, унукі і праўнукі тых, хто праславіў баявыя сцягі, абараняючы нашу Айчыну. Больш за 200 нашых землякоў праходзяць тэрміновую ваенную службу на пасадах афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдат кантрактнай і тэрміновай ваеннай службы, навучаюцца ў Ваеннай акадэміі і на ваенных факультэтах ВНУ. Яны працягваюць цудоўныя баявыя традыцыі старэйшых пакаленняў, робяць усё, каб умела валодаць даверанай зброяй і баявой тэхнікай, быць вартымі абаронцамі сваёй Радзімы, памнажаць ратныя традыцыі старэйшых пакаленняў.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.