КУПЛЯЙЦЕ БЕЛАРУСКАЕ
gazeta 26-07-2022, 16:09 435 У рэспубліцы

Свае – найлепшае
Прымаючы запрашэнне гарадскіх улад пазнаёміцца з работай абноўленага гандлёвага цэнтра «Сталіца», Прэзідэнт акрэсліў: падчас яго наведвання ўстанова павінна працаваць у звычайным рэжыме. Таму з самага ранку тут было шматлюдна і ажыўлена. Новае аблічча найбуйнейшага гандлёвага аб’екта стала па душы і пакупнікам, і прадаўцам. Можна набыць тавары практычна ўсіх нашых вядомых прадпрыемстваў – ад прадуктаў харчавання, адзення, абутку да мэблі і посуду. Галоўная мэта пераўтварэнняў – папулярызаваць айчынныя брэнды і стварыць пакупнікам камфортныя ўмовы для іх набыцця ў адным месцы. Важны момант: для беларускіх вытворцаў па рашэнні Урада ўстаноўлены асаблівыя стаўкі арэнднай платы – ніжэй за рыначныя. Аляксандру Лукашэнка такі падыход імпануе, і ён тут жа даў даручэнні стварыць падобны аб’ект на месцы іранскага даўгабуду «Магніт Мінска», што на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Каліноўскага:
– Беларускае, беларускае і беларускае! Нас ніхто не папракне з іншаземцаў. Пайшлі – ідзіце. Мы будзем прадаваць сваё. Таму там павінен быць такі ж гандлёвы цэнтр.
Пастаянна ў ГЦ «Сталіца» праходзяць кірмашы беларускіх дызайнераў і майстроў, маркетынгавыя мерапрыемствы па руху наперад айчынных тавараў, дні зніжак, выставы, спартыўныя мерапрыемствы, разнастайныя рэкламныя акцыі. Прэзідэнт азнаёміўся з работай і перспектывамі развіцця ўстановы, наведаў фірменныя магазіны, аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, дзе прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі. І ўсюды арыентаваў чыноўнікаў, кіраўнікоў канцэрнаў і прадпрыемстваў на больш актыўнае асваенне ўнутранага рынку. Задача, якую ставіць Прэзідэнт, – умацоўваць пазіцыі на перспектыву.
Куды ні заходзіў Прэзідэнт, паўсюль гаварылі пра ўмовы працы, пра развіццё, прычым не толькі канкрэтных кропак ці вытворцаў, але і галін у цэлым. Не абышлося без дэгустацыі. Беларускі лідар разам з журналістамі паспрабаваў на смак прапануемы асартымент прадуктаў. Адзнака толькі выдатная!
Першы ў «Першым»
Зазірнуў Прэзідэнт і ў магазін мерча «Першы». Тут прадстаўлена і базавая калекцыя, якая актыўна карыстаецца попытам, і апошнія навінкі. Дарэчы, прадукцыю рэалізуюць падчас выязнога гандлю на разнастайных святах і фестывалях. Карыстаецца мерч попытам і ў іншаземцаў.
– Сербы, літоўцы, з Ізраіля госці, з Расіі – усе выбралі такую прадукцыю на падарункі сваім родным, – адзначыла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна.
Як расказалі прадаўцы на касе, самыя любімыя цытаты «Распранайся і працуй» і «Любімую не аддаюць». Прэзідэнт даў некаторыя практычныя рэкамендацыі па дызайне тавараў і акцэнтаваў увагу, што цэны павінны быць даступнымі.
Вырабляць тое, што купляецца
У гутарцы Таццяна Лугіна звярнула ўвагу і на тое, што ў камерцыйных гандлёвых цэнтрах даволі высокія стаўкі арэнды, для многіх беларускіх кампаній легпрама яны надта вялікія:
– Тут нам стварылі цудоўныя ўмовы па арэндзе. Заходзячы сюды, мы разумелі, што бізнес будзе эфектыўны.
Прэзідэнт адразу ж даў даручэнне старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, каб па гэтым стандарце (па арэндзе) выраўняць усіх. Так павінна быць па краіне.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся складанасцямі, з якімі зараз сутыкаюцца прадпрыемствы лёгкай прамысловасці. Па словах Таццяны Лугінай, адна з праблем – рост цэн пасля пандэміі на сыравіну, у прыватнасці на бавоўну. Між тым беларускія кампаніі мадэрнізуюць вытворчасці і асвойваюць выпуск новай прадукцыі.
– Вельмі добрая бялізна! – пахваліла Таццяна Лугіна.
– Добрае тое, што прадаецца. Трэба вырабляць тое, што купляецца на рынку. Ну і ад класікі, ад традыцыйнага не адыходзіць, – рэзонна заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БЕЛТА і СМІ
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.