Республиканский автопробег «Символ единства» встретили на Миорщине

 Трэцяга верасня ад Брэсцкай крэпасці стартаваў рэспубліканскі аўтапрабег «Сімвал адзінства». Яго маршрут пралягае па 118 райцэнтрах краіны і завяршаецца 17 верасня ў Мінску. Пасля Брэсцкай і Гродзенскай абласцей эстафету пераняла Віцебская. На Міёршчыне патрыятычную акцыю сустракалі ў мінулы аўторак.

 

Аўтакалона міярчан з хлебам-соллю вітала рэспубліканскі аўтамарафон на граніцы нашага раёна з Браслаўскім. У акцыі, прысвечанай Году і Дню народнага адзінства, прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў, моладзь, усе, каму неабыякавыя мір, спакой і будучыня краіны. Затым доўгі картэж на чале з прадстаўнікамі рэспубліканскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» накіраваўся ў райцэнтр. Па дарозе калону з дзяржаўнымі сцягамі аўтасігналамі віталі сустрэчныя машыны, махалі мінакі.

 

На плошчы Памяці Загінулых барацьбітоў ужо чакалі мясцовыя жыхары, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, хлебаробы. Настрой прыўзняты, на вуснах усмешкі. Вядучы мітынгу Аляксандр Тронькін нагадаў, што ўсе мы сабраліся ў святым месцы, дзе знайшлі вечны спачын нашы землякі, якія змагаліся за родную зямлю і былі адзіныя ў памкненні абараніць яе. Менавіта адзінства валодала той сілай, якая дапамагала стаяць да апошняга. Верная дружба, адданасць малой радзіме, любоў да зямлі і блізкіх – тыя каштоўнасці, дзякуючы якім развівалася наша незалежная Беларусь. Усё гэта трэба берагчы.

 
Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў адзначыў, што па-ранейшаму наша сіла ў адзінстве. Выказаў упэўненасць, што толькі разам мы справімся з усімі складанасцямі, нягодамі, супольна зробім нашу краіну яшчэ лепш і прыгажэй для нашых дзяцей і ўнукаў. Галоўнае, заставацца ўсім здаровымі.

 
 Яшчэ адзін сімвал нашага народа – тое, без чаго немагчыма жыць, што з даўніх часоў лічылася святым у нашых продкаў і застаецца каштоўным для ўсіх пакаленняў – гэта хлеб. Яшчэ працягваецца ўборка, але ўжо сабраны важкі ўраджай і можна сцвярджаць, што і на наступны год забяспечана харчовая бяспека. Нарэшце старшыня рэспубліканскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі» Сяргей Рачкоўскі трымае ў руках чарговы мяшэчак з зернем. На ім герб Міёрскага раёна, арнамент і каляровыя стужкі. Уручыць сімвал адзінства даверылі маладому механізатару філіяла «Павяцце» Аляксею Маразу. Ён вырошчвае і ўбірае хлеб у роднай гаспадарцы і нязменна пацвярджае статус лепшага аграрыя. Часцінку міёрскага ўраджаю мы перадалі арганізатарам аўтапрабегу для таго, каб 17 верасня ў сталіцы і з нашым удзелам спяклі каравай як сімвал міру, дабрыні, адзінства беларускага народа і Беларусі ў цэлым.

 
У сваю чаргу ўдзельнікі аўтапрабегу ўручылі міярчанам сувенір – сімвалічны крышталь, на якім контур краіны са словамі: «Нас усіх яднае родная зямля». Такі ж прэзентуюць у кожным пункце прыпынку па шляху следавання, як напамін, што мы адзін народ, адна краіна.
Поспех Беларусі залежыць ад кожнага рэгіёна, ад асабістага імкнення змяніць жыццё да лепшага. Толькі супольна магчыма зрабіць наш край  паспяховым і квітнеючым. Напрыклад, прадстаўніца моладзі Міёршчыны Анжэла Маляўка запэўніла, што новае пакаленне гатова ўмацоўваць яго добрымі справамі.

 
Якая прыгожая наша краіна, якія добрыя людзі тут жывуць, захапляліся кіраўнікі грамадскага аб’янання «Патрыёты Беларусі» Сяргей Рачкоўскі, Ганна Харута і Мікалай Зарубіцкі. Уся ўвага ўдзельнікаў аўтапрабегу на светлыя і пазітыўныя моманты. Гасцей асабліва прывабіла міёрская набярэжная, ад якой захоплівае дух. А вабных воку мясцін паўсюль надзвычай шмат, што абуджае яшчэ большы патрыятызм.
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Памяці Загінулых барацьбітоў, ушанавалі памяць воінаў хвілінай маўчання. З Міёр аўтамабільная калона на чале з патрыётамі Беларусі накіравалася ў Верхнядзінскі раён, каб далучыць новых удзельнікаў. Гэта эстафета працягнецца да 17 верасня.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.