Авторизация
 

У Міёрах адзначылі 86-ю гадавіну з дня нараджэння віцэ-адмірала Ягора Томкі

 Віцэ-адмірала Ягора Томку памятаюць на малой радзіме. У яго гонар у Міёрах названа вуліца новай забудоўлі. Ужо пяць гадоў гордае імя Героя Савецкага Саюза носіць сярэдняя школа № 3. Трэцяга жніўня ў райцэнтры адзначылі 86-ю гадавіну з дня нараджэння славутага ўраджэнца нашага краю, мужнага падводніка, які праплыў калісьці пад ільдамі Арктыкі.

 

Па традыцыі вучні СШ № 3 імя Ягора Томкі з педагогамі сабраліся ля мемарыяльнай дошкі знакамітага земляка, што ўстаноўлена па аднайменнай вуліцы. Бываюць тут часта: даглядаюць навакольную тэрыторыю, прыносяць жывыя кветкі. На гэты раз падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю памяці. Аддаць даніну павагі Герою Савецкага Саюза прыйшлі і прадстаўнікі раённай улады. Аднак мерапрыемства атрымалася неафіцыйным, шчырым і больш нагадвала сустрэчу нераўнадушных нашчадкаў.

 
Такой асобай, як Ягор Андрэевіч Томка, трэба ганарыцца. Гэта заўважылі вучні і нагадалі, што ён выхадзец з простай сялянскай сям’і, якая жыла на хутары Лявонаўцы, што ў Перабродскім сельсавеце. Скончыў Міёрскую сярэднюю школу. Вучыўся выдатна, захапляўся спортам, але вырашыў звязаць жыццё з флотам. У 1958 годзе скончыў Архангельскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча падводнага плавання, пасля Ленінградскую ваенна-марскую акадэмію імя Г. К. Жукава. Звыш 30 гадоў прысвяціў марской службе. На першым часе служыў на тарпедных катарах, з 1962-га – на падводных лодках, пазней – на атамаходах. Шматгадовыя пагружэнні, рызыкоўныя паходы, калі ад прынятага рашэння залежыць жыццё дзясяткаў членаў эпіпажу. У летапісе славутага падводніка шмат падзей, ёсць і самыя знакавыя.

 
Ягор Андрэевіч кіраваў падрыхтоўкай падводных лодак, якія з ім на чале ў 1978 годзе ажыццявілі пераход з Паўночнага на Ціхаакіянскі флот пад ільдамі цэнтральнай Арктыкі. Такога ў гісторыі Ваенна-марскога флоту яшчэ не было: аперацыя па пераводзе караблёў скарацілася на тыдзень. Аднак падчас пагружэння ўзнікла надзвычайная сітуацыя, яму асабіста прыйшлося, апрануўшы вадалазны касцюм, весці падводнікаў на выпраўленне няспраўнасці. Тады ўсё атрымалася, маракі шчасліва вярнуліся дадому. Ягор Томка быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У паслужным спісе падводніка шмат яшчэ розных ордэнаў і медалёў.

 
Удзельнічаў Ягор Андрэевіч у выпрабаваннях падводнай лодкі К-525 з пагружэннем яе на межавую глыбіню, атамных падводных крэйсераў з крылатымі ракетамі вялікай далёкасці. Быў на сваім месцы і на пасадзе начальніка Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча падводнага плавання імя Ленінскага камсамола.

 
Пасля звальнення ў запас Ягор Томка жыў у Санкт-Пецярбурзе, працаваў у праектным інстытуце і наведваўся ў Міёры да сястры Ноны Саркісян. Ужо 13 гадоў, як яго няма сярод нас. У райцэнтры Ягора Андрэевіча памятаюць прыгожым, статным, бадзёрым, вясёлым і трапным на слова.

 
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава звярнула ўвагу, што Героя Савецкага Саюза выхавала міёрская зямля. Тут закладваліся яго найлепшыя чалавечыя якасці, фарміраваўся мужны, валявы характар. У адрас юнага пакалення прагучала пажаданне мець сваю мэту, настойліва імкнуцца да яе. Можа быць, хтосьці таксама загарыцца жаданнем прайсці па такім жа шляху, як Ягор Андрэевіч. У кожнага складзецца па-свойму, але ўсе павінны заставацца дастойнымі нашчадкамі роднага краю.

 
Памятаць заслугі земляка, прыносіць карысць грамадству справамі і ўчынкамі нагадваў дзецям старшыня савета ветэранаў Часлаў Кашкур. Раённы ваенны камісар Сяргей Пунтус адзначыў, што Ягор Томка быў дастойным абаронцам Айчыны. Варты прыклад для пераймання моладзі.

 
Роднай сястры Ноне Саркісян стан здароўя не дазволіў прысутнічаць ля мемарыяльнай дошкі ў дзень нараджэння брата. Са слязьмі на вачах узгадвала яго дома, дзякавала за тое, што героя-земляка ведае юнае пакаленне і шануе доблеснае імя. За клопат пра памяць словы прыязнасці Нона Андрэеўна адрасавала старшыні райвыканкама Ігару Кузняцову, яго намесніку Валерыю Драба, старшыні райсавета дэпутатаў Марыі Баніфатавай, ідэалагічнаму, маладзёжнаму актыву раёна, дырэктару УП ЖКГ Ігару Войтаву, начальніку ўчастка па добраўпарадкаванні Аляксею Смерцьеву, вучням і педагогам СШ № 3 імя Ягора Томкі. Гэта агучыла ля мемарыяла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Федуковіч.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта