Госконтроль проверил

Правяраючых  правяраюць
У адпаведнасці з патрабаваннямі Указа ад 16.10.2009г. №510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", Камітэтам дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці сумесна з дзяржаўнымі кантралюючымі органамі сфарміраваны каардынацыйны план дзейнасці на першае паўгоддзе 2015 года, які апублікаваны на афіцыйным сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю рэспублікі.
У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць планавых праверак значна паменела. Так, ва ўказаны каардынацыйны план уключаны 3034 праверкі суб'ектаў гаспадарання вобласці, што на 288 ці на 8,7% менш, чым на першае паўгоддзе 2014-га.

 

Аднак звяртаем увагу, што заканадаўствам прадугледжана магчымасць уключэння ў план праверак іншых кантралюючых органаў пры наяўнасці ў іх падстаў, прапісаных ва Указе №510. Акрамя гэтага дапускаецца ўнясенне змяненняў у каардынацыйныя планы па тэрмінах правядзення праверкі ці яе выключэння, выхаду са складу сувыканаўцаў. Інфармацыю пра гэта можна прачытаць на сайце Камітэта дзяржкантролю.


У рамках пастаяннага кантролю за выкананнем кантралюючымі і нагляднымі органамі патрабаванняў заканадаўства выяўляліся факты парушэнняў Указа №510. Сярод іх неўнясенне звестак аб правядзенні праверкі ў кнігу праверак, парушэнне парадку выканання каардынацыйнага плана кантрольнай дзейнасці, непадпарадкаванне тэрмінам накіравання паведамленняў аб правядзенні планавай праверкі, падпісанне выніковага дакумента ў інтэгрыраваную аўтаматызаваную сістэму кантрольнай дзейнасці. Усяго да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 8 службовых асоб кантралюючых і наглядных органаў вобласці.


Несвоечасовае рэагаванне
Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці не толькі клапоціцца пра эканамічную бяспеку рэгіёна, але і ажыццяўляе кантроль па разнастайных відах дзейнасці, у тым ліку адсочвае выкананне Указа №630 "Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі", які абавязвае кіраўнікоў дзяржорганаў і арганізацый у месячны тэрмін рэагаваць на атрыманыя ад СМІ паведамленні аб апублікаваных крытычных матэрыялах. Невыкананне патрабаванняў цягне да дысцыплінарнай адказнасці, нават да вызвалення ад займаемай пасады.


Як сведчыць маніторынг, у вобласці наладжана сістэмная работа ў гэтым накірунку. Аднак асобныя кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў несвоечасова інфармавалі СМІ аб выніках разгляду апублікаваных крытычных матэрыялаў і прынятых мерах. Так, на 113 дзён пазней устаноўленага тэрміну адрэагаваў на публікацыю ў "Браслаўскай звяздзе" кіраўнік ААТ "Агравідзы", на 80—ААТ "Слабодка-агра". Са спазненнем былі накіраваны Сенненскім УП ЖКГ матэрыялы аб выніках разгляду 2-х крытычных публікацый, надрукаваных у раённай газеце ў ліпені 2014 года .
Усяго за 2014 год з-за падобных парушэнняў да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 13 службовых асоб: у Сенненскім (2), Браслаўскім (2), Гарадоцкім (2), Талочынскім (1), Дубровенскім (2), Ліёзненскім (1), Аршанскім (2).


Прадпрымальны  махляр
Па матэрыялах праверкі, праведзенай Глыбоцкім міжраённым аддзелам УДФР КДК па Віцебскай вобласці, узбуджаны 2 крымінальныя справы па прыкметах злачынства ў адносінах да дырэктара прыватнага прадпрыемства г Глыбокае, які шляхам падману і злоўжывання даверам, выкарыстоўваючы заведама несапраўдныя дакументы на атрыманне таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і дзейнічаючы ад імя аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Верхнядзвінскага раёна, у чэрвені 2014 года атрымаў у ААТ "Полацкі камбінат хлебапрадуктаў" 40 тон пшанічнай мукі на суму звыш 200 млн. рублёў. У жніўні на тым жа прадпрыемстве аналагічным чынам атрымаў яшчэ 40 з лішнім тон мукі на 228 млн. рублёў. На гэты раз грамадзянін дзейнічаў ад імя сельгаспрадпрыемства Расонскага раёна. Цяпер устанаўліваецца, як у махляра аказаліся недааформленыя бланкі сельгаспрадпрыемстваў.


Без акцызных марак
У снежні мінулага года Аршанскім міжраённым аддзелам УДФР КГК па Віцебскай вобласці сумесна з супрацоўнікамі Аршанскага мытнага паста Віцебскай мытні на аўтадарозе "Брэст-Мінск-граніца Расійскай Федэрацыі" затрымалі аўтамашыну "Mercedes-Benz 518 CDI", на якой вадзіцель ААТ вёз па тэрыторыі нашай краіны з Маскоўскай вобласці 50000 пачак цыгарэт агульным коштам 860 млн. рублёў без акцызных марак Рэспублікі Беларусь.
За гэта парушэнне ў адносінах ААТ складзены адміністрацыйны пратакол па частцы 1 артыкула 12.23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае адміністрацыйны штраф да 300 базавых велічынь з канфіскацыяй. Матэрыял накіраваны ў эканамічны суд Віцебскай вобласці.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.