"Горячая линия" — в помощь
gazeta 19-01-2018, 15:51 2 492 На Віцебшчыне
"Гарачая лінія" — у дапамогу
З 1 студзеня ўступілі ў сілу змяненні ва Указ ад 16.10.2009 года №510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці", накіраваныя на мінімізацыю ўмяшальніцтва кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці і змяшчэнне акцэнтаў у рабоце правяраючых органаў з праверкі на прафілактыку. Кантроль за выкананнем Указа ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю, нагляд — на Генеральнага пракурора і падпарадкаваных яму пракурораў.
З уступленнем у сілу новаўвядзенняў павялічылася адказнасць службовых асоб кантрольных і наглядных органаў за грубыя парушэнні пры правядзенні праверкі. Да іх аднесены: парушэнні тэрміну праверкі; неўнясенне запіса аб яе правядзенні ў кнігу ўліку; адсутнасць падстаў прызначэння праверкі; праверка пытанняў, якія не адносяцца да кампетэнцыі правяраючага органа; патрабаванне дакументаў і (ці) інфармацыі, калі яны не ўказаны ў прадпісанні; непрадастаўленне суб'екту гаспадарання ва ўстаноўлены тэрмін выніковага дакумента; адбор проб і ўзораў у колькасці, якія перавышаюць устаноўленыя заканадаўствам нормы, неабходныя для правядзення даследаванняў, выпрабаванняў, экспертыз і тэхнічных аглядаў.
Для папярэджання парушэнняў пры ажыццяўленні кантролю і нагляду за дзейнасцю суб'ектаў і аналізу практыкі выканання Указа №510 (з улікам новаўвядзенняў) у Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці з 19.01.2018 года пачынае працаваць пастаянная "гарачая лінія".
Звярнуцца па пытаннях дзеяння службовых асоб кантралюючых (наглядных) органаў, паведаміць пра парушэнні патрабаванняў Указа №510 можна на працягу першага паўгоддзя 2018 года па тэлефонах "гарачай лініі" Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці 8 (0212) 42 61 95, 42 61 49.
Званкі прымаюцца ў рабочыя дні з 9.00 да 18.00 (перапынак з 13.00 да 14.00).
Вадой карысталіся, плацілі не ўсе
На выязным прыёме грамадзян у Балбасаўскім пасялковым выканкаме, які праводзіў старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзім Заранкін, паступіў калектыўны зварот. Грамадзяне катэгарычна не згодныя з сумамі аплаты за гарачае водазабеспячэнне, асабліва за жнівень 2017 года. Сапраўды, па асобных кватэрах плацілі ад 22 да 38 рублёў, а ў іншым аналагічным доме не больш за пяць рублёў. У чым прычына такіх разыходжанняў, у ходзе прыёму мясцовыя камунальнікі патлумачыць не змаглі. Камітэт дзяржкантролю разам з Упраўленнем ЖКГ Віцебскай вобласці разабраліся, вынік нечаканы.
Плата за гарачае водазабеспячэнне (падагрэў вады) вылічваецца, зыходзячы з фактычнага спажывання ў натуральным выражэнні па дадзеных прыбораў індывідуальнага ўліку цеплавой энергіі, выкарыстанай на падагрэў,—на падставе прыбора групавога ўліку, а таксама тарыфаў на камунальныя паслугі, устаноўленых адпаведна заканадаўчым актам.
Ёсць меркаванне, што грамадзяне аплачваюць фактычнае спажыванне вады (куб.м), зыхо-дзячы з паказанняў індывідуальнага прыбора ўліку гарачага водазабеспячэння.
Зыходзячы з паказанняў групавога прыбора ўліку спажывання цеплавой энергіі на падагрэў вады (Гкал) і звестак аб аб'ёмах спажывання гарачай вады грамадзянамі (куб. м) фарміруецца паказчык расходу цеплавой энергіі на падагрэў кубаметра вады, які памнажаецца на колькасць спажытых у кватэры кубаметраў і ўстаноўлены тарыф. Атрыманая сума і належыць аплаце.
Аднак дадзеная формула ў пэўных дамах не працавала. Паказчык расходу цеплавой энергіі на падагрэў аднаго кубаметра вады за жнівень 2017 года ў разы перавышаў устаноўлены Аршанскім райвыканкамам нарматыў па жылых дамах, не абсталяваных прыборамі групавога ўліку расходу цеплавой энергіі, і дасягаў 0,2426 Гкал/куб.м і 0,2512 Гкал/куб.м пры ўстаноўленым 0,0670 Гкал/куб.м.
Падчас разбіральніцтва выяўлена: тэмпература цепланосьбіта была ў нарматыўных значэннях, а гэта выключае залішні нагрэў вады. Прыборы правераны і прыняты да камерцыйнага ўліку, значыць, скажэння дадзеных не дапушчана.
З улікам, што паказчык расходу цеплавой энергіі на падагрэў кубаметра вады напрамую залежыць ад спажытых і аплачаных жыхарамі ўсяго дома кубаметраў, праведзена пазапланавая зверка паказанняў прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады. Аказалася, не ўсе жыхары разлічваліся ў поўным аб'ёме за спажытую ваду. У сувязі з пераразлікам плацяжы ў тры разы знізіліся ў адных і значна выраслі ў тых, хто не даплачваў.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.