Мінсельгасхарч вызначыў, а Савет Міністраў зацвердзіў пералік раёнаў, якія адносяцца да неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Але спачатку ўсе 118 рэгіёнаў прааналізаваны па чатырох паказчыках: балу кадастравай ацэнкі сельгасзямель, удзельнай вазе забруджаных радыёнуклідамі ўгоддзяў, удзельнай вазе працаздольных і ўзроўні беспрацоўных. Ніжэй сярэдняга ўзроўню аказалася больш 60, у тым ліку 18 з Віцебскай вобласці. Сярод іх — Міёрскі і ўсе суседнія раёны.
Навошта такая вялікая работа? Сельская гаспадарка больш за ўсё мае патрэбу ў дзяржпадтрымцы, але яна не можа быць бязмежнай. Узровень і меры яе абумоўлены дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, іншымі міжнароднымі дакументамі. Яны і патрабуюць вызначэння неспрыяльных раёнаў, якія могуць разлічваць на павышаную падтрымку, механізм якой вызначаны мінулагоднім указам №347 "Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы". У мясцовых бюджэтах ужо закладзены пэўныя сумы. А вось хто і колькі атрымае, вырашыць абласны выканаўчы камітэт. Гэта могуць быць прамыя выплаты на адзінку атрыманай ці рэалізаванай прадукцыі, аграхімічнае абслугоўванне, фінансаванне праграм, правядзенне спаборніцтва і іншае. Неспрыяльныя раёны для вытворчасці сельгаспрадукцыі будуць вызначацца раз у пяць гадоў.