Адзіны народ непераможны
gazeta 15-09-2023, 15:11 1 773 На Віцебшчыне
У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці прайшла адкрытая анлайн-сустрэча «У адзінстве наша сіла і будучыня». Удзельнікі абмеркавалі гістарычную і грамадска-палітычную значнасць Дня народнага адзінства.
Два гады таму ў краіне з’явілася новае дзяржаўнае свята. Яно было заклікана не толькі нагадаць пра падзеі 1939 года і важнасць уз’яднання заходнебеларускіх земляў з БССР, але і дапамагчы згуртавацца цяперашняму грамадству, зберагчы яго ад расколу пад уплывам звонку. Таму 17 верасня перастала быць толькі датай з гісторыі. Гэта ўжо і напамін пра сённяшнія рэаліі, пра новы ўзровень нашай дзяржаўнасці. Пра свае адносіны да Дня народнага адзінства і падзеі 1920-1930-х гадоў на сустрэчы ў Медыяцэнтры расказалі намеснік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама – начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю і ўзаемадзеянні са СМІ Анатоль Гуцуляк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта МІПСА, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ірына Мікалаева і кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і культурнай спадчыны ВДУ імя П. Машэрава, лектар абласной аргструктуры Беларускага таварыства «Веды» Расціслаў Цімафееў.
У зале і ста анлайн-студыях прысутнічалі кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, прадстаўнікі гаррайвыканкамаў і працоўных калектываў, студэнты вну ВІцебшчыны.
Незалежныя, суверэнныя і шчаслівыя. Такія прыметнікі асацыююцца з Днём народнага адзінства ў Анатоля Гуцуляка. Ён адзначыў:
– Гэта самае маладое дзяржаўнае свята, але сапраўды важнае і ніколькі не саступае іншым важным датам – такім, як Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Ігар Марзалюк падкрэсліў, што гэты дзень – каласальныя ўрок і памяць. Дэпутат і вядомы гісторык дэталёва разабраў безгрунтоўнасць тэзісаў, у якіх Заходняя Беларусь малюецца квітнеючай, а ўз’яднанне тэрыторыі нашай краіны ў 1939 годзе імкнуцца ператварыць у захопніцкія дзеянні. У рэальнасці пасля Рыжскага мірнага дагавору большасць беларускіх нацыянальных дзеячаў выступіла супраць польскай акупацыі. На заходніх тэрыторыях вялася партызанская антыпольская барацьба. А палітыка, якая праводзілася ўладамі, – знішчэнне беларускіх палітычных партый, закрыццё школ, дзе можна было вучыцца на нацыянальнай мове, – зусім не спрыялі пазітыўным настроям мясцовага насельніцтва. Ішло мэтанакіраванае знішчэнне культуры, мовы, нацыянальнай самасвядомасці – па сутнасці, этнас імкнуліся цалкам асіміляваць, сцерці. Таму паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь стаў сапраўды вызваленчым, як бы некаторыя ні даказвалі зваротнае.
– Аб’яднанне Беларусі адбылося таму, што народ гэтага хацеў, – падкрэсліў Ігар Марзалюк і абверг яшчэ адзін тэзіс – што Беларусі «падарылі» яе заходнія землі ў выніку змовы Гітлера і Сталіна. – Мы адваявалі гэтыя тэрыторыі ў ходзе барацьбы ў 20-30-я гады. Гэта вынік намаганняў беларускіх палітыкаў, падпольшчыкаў – усіх тых, хто хацеў бачыць Беларусь адзінай.
Выступленне дапоўніла Ірына Мікалаева. Падрабязна расказала пра тое, якія даты прапаноўвалі для новага дзяржаўнага свята, і чаму было выбрана ўсё ж 17 верасня. Расціслаў Цімафееў нагадаў яшчэ шэраг фактаў, што пацвярджаюць актыўную барацьбу з польскай акупацыяй у Заходняй Беларусі. Напярэдадні Дня народнага адзінства ён пажадаў усім веры ў свае сілы і пад- крэсліў важнасць кансалідацыі грамадства ў сучасных умовах:
– Мы пераадолеем усе цяжкасці, якія сёння адчуваем праз складаную міжнародную абстаноўку, возьмем на ўзбраенне гістарычны вопыт дастаткова далёкага і блізкага мінулага, а ён сведчыць, што народ, які дзейнічае разам, непераможны, і ніякія ворагі яго не адолеюць.
Па матэрыялах сайта vitvesti.by.
Фота для ілюстрацыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.