Аўтапрабег «Дарогамі вайны, дарогамі Перамогі» прайшоў у статусе міжнароднага
gazeta 12-05-2023, 15:30 222 На Віцебшчыне
Аўтапрабег «Дарогамі вайны, дарогамі Перамогі» – эстафета памяці паміж пакаленнямі. Кожны год яго ўдзельнікі скіроўваюцца па маршрутах, дзе праходзілі франтавыя дарогі нашых дзядоў і прадзедаў, дзе грымелі баі і гінулі салдаты, дзе здзяйсняліся подзвігі і набліжалася Перамога. Сёлета мерапрыемства прайшло ў статусе міжнароднага.
Дзісна – мемарыяльны комплекс «Дзісненскі рубеж» – Полацк – вёска Кузняцоўка і гарадскі пасёлак Ідрыца Себежскага раёна Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Такі маршрут праклаў арганізатар аўтапрабега Эдуард Цярэшка. Дарогамі вайны і Перамогі скіраваліся дэлегацыя Міёрскага раёна, студэнты і выкладчыкі Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, кадэты Полацкага кадэцкага вучылішча, прадстаўнікі сілавых структур і іншыя патрыёты сваёй краіны. У ліку ўдзельнікаў – 95-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны, падпалкоўнік контрразведкі, ветэран органаў дзяржбяспекі Раман Раманавіч Прыбышчук з Полацка. Яго вайна ішла ў партызанскім атрадзе, у мірны час шукаў былых паліцаяў і карнікаў на тэрыторыі Савецкага Саюза.
Стартам аўтапрабегу стаў мітынг у Дзісне ля брацкай магілы і мемарыяльнага знака воіну-вызваліцелю горада, танкісту Міхаілу Кузьміну. Побач з мемарыяльным комплексам «Дзісненскі рубеж» удзельнікі пасадзілі памятную алею. У Полацку аўтакалону чакалі на плошчы Свабоды ля помніка воінам-вызваліцелям горада. Вітаючы ўдзельнікаў, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч адзначыў, што на гэтай зямлі 117 воінскіх пахаванняў, больш за 50 тысяч палачан аддалі свае жыцці за Перамогу, 17 удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Мемарыяльны знак у гонар савецкіх салдат, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, адкрылі ў вёсцы Кузняцоўка. Себежскі раён быў адным з участкаў пабудаванай у канцы 30-х гадоў лініі ўмацаванняў, што ўвайшла ў гісторыю як лінія Сталіна. У канцы чэрвеня – пачатку ліпеня 1941 года тут стрымлівала націск праціўніка 170-я стралковая дывізія. Шмат яе байцоў засталіся ў гэтай зямлі. У іх ліку Іван Васільевіч Байдак, ураджэнец вёскі Строчыцы Мінскага раёна. Салдат лічыўся зніклым без вестак. Два гады таму яго рэшткі адшукалі і перадалі для перазахавання родным валанцёры расійскіх пошукавых атрадаў «Вышыня 102» і «Забыты батальён». Усяго знайшлі рэшткі 15 байцоў, аднавілі імёны траіх. У памяць пра іх удзельнікі аўтапрабегу заклалі алею з 15 дрэў. У мясцовую школу перадалі капсулу з зямлёй з памятных месцаў Дзісненшчыны і Полаччыны.
Фінішная кропка маршрута – мемарыял «Знамя Перамогі» побач з гарадскім пасёлкам Ідрыца. Гэты манумент адчынілі год таму ў памяць пра воінаў 150-й стралковай дывізіі. З лістапада 1943-га да 12 ліпеня 1944-га яны вялі цяжкія баі за Ідрыцу, каля 12 тысяч салдат пахаваны тут у брацкіх магілах. У гонар вызвалення населенага пункта Масква дала салют, якім адзначалі вызваленне буйных абласных цэнтраў. Восем воінскіх частак і злучэнняў атрымалі найменне – Ідрыцкія. 150-я ордэна Кутузава ІІ ступені Ідрыцкая стралковая дывізія з баямі дайшла да Берліна. У ноч з 30 красавіка на 1 мая 1945 года яе байцы ўстанавілі свой штурмавы сцяг над Рэйхстагам. Ён і стаў Знамем Перамогі.
На кожным прыпынку ўдзельнікі аўтапрабегу хвілінай маўчання ўшаноўвалі памяць усіх, хто не шкадаваў свайго жыцця за мірнае неба, ускладалі кветкі да помнікаў і манументаў. У прамовах выступоўцаў лейтматывам гучала: «За намі – Перамога!»
Каментары ўдзельнікаў чытайце ў новым выпуску газеты..
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.