Борисовы камни Миорщины: Забытые свидетели истории

 Мала хто ведае, што на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна калісьці размяшчаліся маўклівыя сведкі даўніны – так званыя «Барысавы камяні». Сустракаліся гэтыя валуны, якія засталіся з часоў ледавіка, у асноўным на поўначы Беларусі. У рэчышчы Заходняй Дзвіны, у розных месцах, пачынаючы з Полацка, віднелася нямала велічных гранічных камянёў з высечанымі на іх рознай формы крыжамі і надпісамі, дзе гэтае імя і ўпаміналася: «Госпадзе памажы рабу свайму Барысу». У народзе іх называлі Барыс-Хлебнік, Пісанік, Барыс-Глеб.

Захавалася ўсяго чатыры «беларускія» Барысавы камяні. У нашай краіне ўсяго тры, у тым ліку Варацішын крыж у вёсцы Камяно Вілейскага раёна на Міншчыне.

Знойдзена іх было некалькі, аднак сёння ніводнага з іх на тэрыторыі раёна вы не ўбачыце. Бліжэйшыя вядомыя нам Барысавы камяні знаходзяцца не так далёка – ля сцен Сафійскага сабора ў Полацку і на цэнтральнай плошчы ў аграгарадку Друя Браслаўскага раёна. Абодва былі калісьці паднятыя з фарватэра Заходняй Дзвіны.

Друйскі дайшоў да нашых дзён у выглядзе некалькіх фрагментаў адзінага маналіту з высечанымі надпісамі і выявай крыжа на ім. У 1982-1984 гадах пасля ўстаноўкі Полацкага валуна пад кіраўніцтвам археолага Людмілы Дучыц праводзіліся пошукі Друйскага камня, але яны не ўвянчаліся поспехам. Падняць яго атрымалася нядаўна – летам 2002-га. Год выдаўся вельмі спякотным, і ўзровень ракі настолькі ўпаў, што край валуна выглянуў з вады. З вялізнымі намаганнямі Барысаў камень выцягнулі на бераг, але ён расклоўся на некалькі частак. Яго ўсталявалі непадалёк ад першапачатковага месцазнаходжання. У 2011 годзе камень перанеслі з берага Дзвіны на цэнтральную плошчу.

Камень жа ў Полацку ўзвышаецца над Заходняй Дзвіной ля сцен легендарнай Сафіі ўжо чатыры дзясяткі гадоў. Доўгі час ён таксама знаходзіўся ў водах ракі.

Аднак яшчэ як мінімум пра тры Барысавы камні, якія знаходзіліся раней на тэрыторыі нашага раёна, цяпер мала каму вядома. Гісторыю знікнення аднаго з іх можна прасачыць больш дэталёва. Другі згублены незваротна. Абодва яны размяшчаліся ў цячэнні ракі Заходняя Дзвіна недалёка ад сучаснай Дзісны.

Былі розныя меркаванні аб паходжанні малюнкаў і надпісаў на іх, але да гэтай пары ні адно з іх не можа быць прызнана цалкам пераканаўчым. Вылучаліся версіі пра тое, што валуны абазначалі граніцы Полацкага княства, але ўсе яны знаходзяцца ў глыбіні яго тэрыторыі. Ёсць версіі і пра тое, што гэта сімвалы барацьбы новай веры з язычніцтвам.

Віцебскі гісторык 19-га стагоддзя Аляксей Сапуноў у сваёй рабоце «Дзвінскія ці Барысавы камні» (Віцебск, 1890 год) падрабязна апісвае кожны з іх, прысвойваючы ім умоўныя нумары.

Першы ляжаў калісьці ўніз па цячэнні Дзвіны непадалёк ад Полацка, ля вёскі Падкасцельцы. Падчас паводкі камень памерам 3,5 на 2,6 метра цалкам хаваўся пад вадой. Менавіта гэтаму валуну пашанцавала больш за ўсё. Першы раз падняць яго з дна ракі і перамясціць на плошчу ў Полацку спрабавалі яшчэ ў 1889 годзе, але тады ўсе намаганні былі дарэмныя, нягледзячы на тое, што за справу ўзяліся адначасова звыш 100 палачан, якія справілі адпаведны малебен. І толькі праз 100 гадоў, спа- дзеючыся на тэхнічны прагрэс, камень змаглі выцягнуць члены Мінскага спартыўна-тэхнічнага клуба «Геолаг», якія мелі вялікі вопыт работы з затопленымі аб’ектамі. Каб засцерагчы глыбу ад пашкоджання, яе абклалі дошкамі і ўзялі ў жорсткі каркас са сталёвых бэлек. З дапамогай спецыяльных прыстасаванняў пад валуном праклалі траншэю. Да металічных асноў замацавалі цэпы, здольныя вытрымаць нават карабель. Тую работу, што стагоддзе таму не змаглі адолець сотні людзей, лёгка зрабілі ваенныя цягачы. Пасля таго, як валун аказаўся на беразе, самы магутны кран, які толькі змаглі знайсці будаўнікі, без асаблівых намаганняў перанёс яго на трэйлер. Глыба важыла каля 50 тон. Бліжэйшы мост праз Дзвіну мог не вытрымаць такі груз, таму давялося рабіць круг праз Наваполацк, каб усталяваць яго ля сцен Сафійскага сабора ў Полацку. Было гэта ў 1981 годзе і гэта адзін з Барысавых камянёў, што засталіся ў Беларусі, які могуць бесперашкодна бачыць турысты.

Другі камень ляжаў амаль на сярэдзіне Дзвіны, на водмелі бліжэй да правага берагу, кіламетраў за пяць ніжэй за Дзісну, ля былой вёскі Накаўнікі Верхнядзвінскага раёна. Гэты шэры гранітны валун быў насколькі фотагенічны, што яго асабліва любілі маляваць і фатаграфаваць. Ён самы вядомы і прыгожы, мае вышыню звыш двух метраў і перыметр каля 11 м. Надпісы і крыж былі добра бачныя. У 1818 годзе пры расчыстцы рэчышча Заходняй Дзвіны камень спрабавалі падарваць, але толькі пашкодзілі вяршыню.

Працяг будзе...

Дзмітрый ВАСІЛЕНКА.

0 комментариев

Добавить комментарий