Акценты в сфере образования обсудили на августовской педконференции в Миорах
gazeta 4-09-2024, 10:00 151 Адукацыя і выхаванне / На МіёршчынеВыставка методических разработок учреждений образования и обмен опытом, награды для педагогов и музыкальные поздравления от учащихся, знакомство с молодыми специалистами, подведение итогов прошлого и акценты на новый учебный год. Все это составляющие августовской педагогической конференции, что является своего рода прологом к новому учебному году.
Выстава метадычных распрацовак устаноў адукацыі і абмен вопытам, узнагароды для педагогаў і музычныя віншаванні ад вучняў, знаёмства з маладымі спецыялістамі, падвядзенне вынікаў мінулага і акцэнты на новы навучальны год. Усё гэта складнікі жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, што з’яўляецца свайго роду пралогам да новага навучальнага года.
Дашкольная, сярэдняя, дадатковая, спецыяльная адукацыя. На акцэнты дзейнасці ў кожнай з абазначаных сфер звярнуў увагу начальнік аддзела па адукацыі Уладзіслаў Кашкур. Адзначыў станоўчыя моманты і накірункі для развіцця.
Забяспечанаць дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 94 %. Пры гэтым рэспубліканскі нарматыў 85 %. На 100 % ахоплены падрыхтоўкай да навучання ў школе дзеці ва ўзросце пяці гадоў.
Што да сярэдняй адукацыі, стабільным застаецца сярэдні бал паспяховасці па раёне – 7. Па выніках ЦЭ, якія сёлета здавалі 107 выпускнікоў, сярэдні бал – 60. Уладзіслаў Часлававіч звярнуў увагу на работу з адоранымі вучнямі. Гэта абавязковы складнік якасці адукацыі. Поспехі мінулага навучальнага года – дыпломы ІІІ ступені на абласных алімпіядах па хіміі і фізіцы ў старшакласнікаў СШ № 2 імя М. Ізварына і СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Дыпломы ІІ і ІІІ ступені з абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры прывезлі вучні 7-8 класаў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі.
22 дыпломы на конкурсах, у тым ліку міжнародных, заваявалі выхаванцы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. У мінулым навучальным годзе ў 52 аб’яднаннях па інтарэсах займалася 539 дзяцей.
На 100 % ахоплены карэкцыйнай дапамогай дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Іх у раёне 365, у тым ліку 26 маюць інваліднасць.
Сістэмная работа вядзецца па забеспячэнні аховы правоў дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах уліку. 75 непаўналетніх з сарака сем’яў прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. 11 атрымалі статус сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Дзесяць бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Застаецца актуальным пытанне своечасовага выяўлення дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы і дапамогі сям’і на гэтым этапе.
Аналізуючы прафарыентацыйную работу, начальнік аддзела па адукацыі нагадаў пра запатрабаванасць на рынку працы педагогаў і аграрыяў. У школах раёна створаны профільныя класы педагагічнай і аграрнай скіраванасці. Так, у Павяцкай СШ імя В. Бабічава агракласы арганізаваны з 2018 года. З шасці выпускнікоў – 2022 – чацвёра сталі студэнтамі сельгасакадэміі, прычым на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Сёлета ў дзясяты аграклас залічаны чатыры вучні. Як адзначыла дырэктар установы Алена Паўлоўская, прафарыентацыйную работу з вучнямі ў школе пачынаюць з восьмага класа. Пры гэтым індывідуальныя размовы і кансультацыі праводзяць як з дзецьмі, так і з іх бацькамі.
У наш час недастаткова выпускаць са школы проста адукаванага чалавека. Гэта павінен быць патрыёт, гатовы працаваць на карысць сваёй краіны, адзначыў начальнік аддзела па адукацыі. Вопытам работы ў гэтым накірунку падзялілася намеснік дырэктара Новапагосцкай СШ Марыя Маляўка. Для вучняў школы прыклад працавітасці і патрыятызму – фалькларыст-даследчык, народны артыст Савецкага Саюза, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР, стваральнік дзяржаўнага акадэмічнага хору Генадзь Цітовіч, чыё імя носіць установа і дзе ў 1992 годзе быў створаны музей, прысвечаны знакамітаму земляку. У мінулым навучальным годзе ў школе пачалі рэалізоўваць інавацыйны праект «Духоўна-маральнае развіццё і станаўленне асобы навучэнца ў працэсе супрацоўніцтва школы, сям’і і царквы». Адбыліся экскурсіі ў мясцовыя царкву і касцёл і сустрэчы са святарамі, віталі ва ўстанове епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація, наладжана супрацоўніцтва з моладзевым праваслаўным рухам «Ладанка», мерапрыемствы па духоўна-маральным выхаванні праводзілі класныя кіраўнікі. Рэалізацыя праекта прадоўжыцца.
Разам з духоўна-маральным і патрыятычным выхаваннем важную ролю адыгрывае фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця. У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі раёна дзейнічала 21 спартыўнае аб’яднанне і 12 профільных факультатываў. Школьнікі з Міёршчыны паспяхова выступаюць на рэспубліканскім спартыўным свяце «300 талентаў для каралевы», такая тэндэнцыя захоўваецца пяты год. Трэцяе месца ў абласным конкурсе на найлепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы ў зімовы перыяд заняла Павяцкая СШ імя В. Бабічава. Чапукоўская СШ у прызёрах абласнога этапа конкурсу на найлепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў рамках шостага школьнага дня.
Садзейнічае аздараўленню дзяцей летні прышкольны лагер. Як бавілі час на канікулах 20 выхаванцаў Туркоўскай БШ, расказала намеснік начальніка лагера «Сонейка» Алена Лапіцкая. У арганізацыі адпачынку ўлічылі патрыятычны, экалагічны, крэатыўны, працоўны і іншыя накірункі выхаваўчай работы.
Сістэма адукацыі Міёршчыны павінна працаваць на развіццё, падкрэсліў Уладзіслаў Кашкур. Акцэнты, як у мінулым, так і ў новым навучальным годзе застаюцца на якасці, стварэнні роўных магчымасцяў для навучэнцаў, удасканаленні выхаваўчай работы, паляпшэнні матэрыяльнай базы, фарміраванні кадравага патэнцыялу.
У ТЭМУ
Свае вопыт работы і адукацыйныя фішкі асобныя ўстановы адукацыі прадставілі на метадычнай выставе. Так, у дзіцячым садзе № 1 шмат увагі надаюць выхаванню ў дашкольнікаў беражлівых адносін да прыроды, удзельнічалі ў міжнародным праекце экалагічнай скіраванасці. Праходзяць мерапрыемствы на экасцежцы, створанай на тэрыторыі ўстановы.
Выхаванцы дзіцячага сада № 2 ацанілі інтэрактыўную падлогу з мноствам гульняў з заданнямі рознага ўзроўню складанасці. Сучасны сродак навучання садзейнічае развіццю маўлення, крэатыўнасці, творчых навыкаў.
Камп’ютарныя гульні распрацоўваюць выхаванцы педагога дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Надзеі Радзьковай. У адну з іх – «Скарбы балота Ельня» – прапанавалі пагуляць гасцям мерапрыемства. Дарэчы, у абласным конкурсе па крэатыўным праграмаванні ў асяродку Scratch «Junior coder» выхаванцы ЦДМ з 2021 года займаюць прызавыя месцы.
Свой адукацыйны стандарт вывелі педагогі Чапукоўскай СШ. У ім чатыры складнікі: грамадзянскасць, адукацыя, сацыялізацыя, творчасць. Ва ўсім акцэнт на якасць. Дырэктар установы Уладзімір Кляўцоў заўважыў, што сёлета 50 % выпускнікоў сталі студэнтамі вну, з іх 30 % заключылі дагаворы мэтавай падрыхтоўкі ў сферы сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі.
Адукацыя дазваляе смела ісці па жыцці, адзначылі вучні Павяцкай СШ імя В. Бабічава. Прадставілі выставу, дзе мінулае сустракаецца з сучаснасцю. У цэнтры экспазіцыі – партрэт Героя Савецкага Саюза Віктара Бабічава, чыё імя прысвоена школе. Біяграфію Міхаіла Кузьміна, які пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза за бой за Дзісну, нагадаў экскурсавод музея Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна, дзе воіну-танкісту прысвечана асобная экспазіцыя.
Прадставілі метадычныя распрацоўкі педагогі раённага Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Падзялілася вопытам работы настаўніца СШ № 2 імя М. Ізварына Алена Яфімава, чый вучань Яўген Івашкевіч на працягу двух гадоў паспяхова выступаў на абласной алімпіядзе па хіміі, а яго вынік ЦЭ па гэтым прадмеце – 100 балаў.
Яркім завяршэннем работы метадычных выстаў стала выступленне каманды юных выратавальнікаў-пажарных СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі, якія сталі другімі на занальным этапе агляду-конкурсу.
ВІНШУЕМ!
У рабоце педканферэнцыі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў, яго намеснік Аляксандр Жук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба.
Ад кіраўніцтва раёна атрымалі ўзнагароды педагогі Міёршчыны. Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны настаўнік інфарматыкі Туркоўскай БШ Уладзімір Цітовіч. Па- дзяка старшыні аб’яўлена метадысту Іне Сіповіч і кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Максіму Філіповічу. Граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана дырэктар Узмёнскай БШ Вольга Рамза.
Граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама атрымалі настаўнік матэматыкі і фізікі СШ № 2 імя М. Ізварына Вольга Лакотка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сіцькоўскай БШ Алена Шамшур, дырэктар Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча Вольга Усціновіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Павяцкай СШ імя В. Бабічава Яўген Вішнеўскі, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 3 Ірына Арсоба, выхавацель дзіцячага сацыяльнага прытулка Марыя Падзява, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Святлана Яцкоўская.
Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджана загадчык дзіцячага сада № 3 Валянціна Аляксеева. Граматай Міністэрства па адукацыі – настаўнік геаграфіі Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна Васіль Шамшур.
ДАРЭЧЫ
Каманду педработнікаў раёна папоўнілі тры маладыя спецыялісты. Выпускніцы Полацкага каледжа ВДУ імя П. Машэрава Вікторыя Кудраўцава і Марыя Адамовіч прыступілі да абавязкаў выхавацеля ў дзіцячых садах № 3 і № 2. Аляксандра Кавалёнак скончыла ПДУ імя Е. Полацкай і будзе выкладаць замежную мову ў СШ № 2 імя М. Ізварына.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.