Восеньскі кірмаш у нядзелю прайшоў у Міёрах
gazeta 17-10-2023, 14:48 1 005 На Міёршчыне
Нядзельным ранкам запрашаў на плошчу ля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці святочны восеньскі кірмаш. Здалёк вабіла разнастайнасць гародніны, садавіны, збожжа, саджанцаў і кветак. Нярэдка зварочваў сюды нават той, хто ішоў міма па сваіх справах. Скіраваліся на кірмаш і карэспандэнты газеты, каб ацаніць прапановы і попыт.
Ажыятаж на паліва і збожжа
Улічваючы вопыт мінулых гадоў, адразу бяром курс да прычэпаў з дрывамі. Іх на кірмашы звычайна разбіраюць «як гарачыя піражкі». Не памыляемся, бо ў кабіне МАЗа ўжо сядзіць пакупніца. Дамовілася з вадзіцелем філіяла аблпаліва, каб адвёз у Чэрасы. Кажа, дровы не дастаць. За 4,9 куба заплаціць 288 рублёў плюс дастаўка. На гадзінніку хвілін 20 а дзясятай. Крышку раней выехала другая машына з дрывамі на адну з вуліц райцэнтра. Камусьці пашанцавала набыць шчапаныя дровы, іншы рады і цуркам.
Ля лесавоза Міёрскага лясніцтва яшчэ дзяжураць двое пакупнікоў з райцэнтра і Пад’ельцаў. Ім дасталіся дровы лісцёвых парод чатырохмятровыя. За пяць кубоў давядзецца выкласці 336 рублёў. Першы прычэп гатовы да адпраўкі, яшчэ два чакаюць на чыгунцы. Адзін з мужчын дзеліцца, што гэта адзіная пакупка на сёння, паколькі збожжам і гароднінай забяспечаны.
Так шанцуе не ўсім, таму ля машын сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікоў сялянска-фермерскіх гаспадарак і фізічных асоб шматлюдна. Прапануе азімую пшаніцу ААТ «Мерыца». Прывезлі 3,5 тоны, але большасць цікавіць ячмень. Яго хвілін за пятнаццаць разабралі ў філіяле «Павяцце» па 23 рублі. Не так спорна ідзе гандаль азімай пшаніцай па 27 рублёў. Дадае імпэту пакупнікам дастаўка дадому.
Ураз размялі і авёс з ААТ «Узмёнскі край». А вось з фуражнай пшаніцай складаней. Падобная сітуацыя ў ААТ «Пад’ельцы». Да таго ж прапануюць бульбу па 15 рублёў за 35 кілаграмаў і мёд па 11 рублёў за літр. Самая цікавая паслуга – перагной, яго даставяць за 150 рублёў.
Каму гародніна, а каму – абноўка
Шмат людзей праходзіць уздоўж радоў з гароднінай, хтосьці затрымліваецца. Прадаўцы ўздыхаюць: сёлета ва ўсіх усё ўрадзіла, таму попыт сціплы. Капусту па 60 капеек бяруць нямногія, але адразу па сетцы ці дзве. Буракі і морква па рублю таксама не надта папулярныя. А вось сіняя цыбуля па 2,5 рубля карыстаецца попытам.
Скіроўваюцца да машыны з сеткамі буракоў, цыбулі і капусты муж з жонкай. Вырошчваюць агародніну, але надзел невялікі і не задавольвае ўсе патрэбы.
Побач яшчэ адна сямейная пара з мяхамі. Шкадуюць, што сёлета няма ў продажы жывых карпаў. Затое шырокі выбар мясной прадукцыі не толькі завадской, але і ўласнай вытворчасці. Да таго ж прыгледзелі вінаград, закупіліся буракамі на зіму.
– Падабаецца традыцыя сельскагаспадарчых кірмашоў, – кажа жанчына. – Тут усё на віду і радуе вока, да таго ж добры, якасны прадукт і больш танны.
Побач дамаўляецца пра дастаўку пенсіянерка з вуліцы Чапаева. На зіму ёй хопіць шасці мяхоў бульбы, астатняе вырошчвае сама. Справіла і абноўку, у якой адразу адпраўляецца дадому. Усміхаецца: а дзе ж яшчэ пакрасавацца ў новай куртцы?!
Шырокі выбар, бойкі гандаль
Дзве жанчыны з сеткамі адыходзяць ад машыны Верхнядзвінскага філіяла аблспажыўтаварыства. Кажуць, тут самая танная цыбуля – па 85 капеек, у астатніх па 1,5 рубля. Журавіны па 10,90 бяруць па некалькі кілаграмаў, а вось квашаная капуста застаецца ў цені. Па словах прадаўца, купляюць сырую, каб нарыхтаваць на свой густ. У палатцы прадпрыемства побач ідзе бойкі гандаль мясной прадукцыяй. Прадавец хутка раздае рэбры, косткі, фарш, каўбаскі. Кажа, з раніцы нават у накладную зазірнуць некалі. Прывезла 186 кілаграмаў, з іх прыкладна за гадзіну каля паловы прадала.
Густа і ля палаткі мясакамбіната. Прадавец з усмешкай заўважае, што такога ажыятажу не чакалі. Карыстаецца попытам і гатовая, і ахалоджаная прадукцыя. Ацанілі наведвальнікі каўбасу з актываваным вугалем па 21,99 за кілаграм.
Хутка разыходзяцца булачкі з розным начыннем ад хлебазавода. Не застаюцца без увагі торты і пірожныя, круасаны.
На пляцоўцы Дзісненскага лясгаса самы хадавы тавар – журавіны і бярозавыя венікі для лазні па 10 і 3,6 рубля адпаведна. Добра разбіраюць і мётлы для ўборкі па 2,4. Бяруць на заметку ўзоры прадукцыі – брус і дошку. У іх калег з Глыбокага добра разыходзяцца туі.
Чакае пакупнікоў Уладзімір Жабёнак. Ураджай на «Сядзібе аратага» сёлета добры, а вось са збытам не вельмі. Прапануе таматы па 1,2 рубля.
Няма адбою ад пакупнікоў у міярчанкі, якая рэалізуе лішкі сваёй прадукцыі. Квашаныя агуркі, таматы і капуста па 5 рублёў за кілаграм. Толькі паспявае падаваць рэдзьку: чорную, дайкон і кавунную.
Прывабліваюць і жанчын, і мужчын пышныя хрызантэмы. У адной з рэалізатараў іх каля 50 відаў. Каштуюць ад 10 да 15 рублёў. Вялізныя шары вясной можна падзяліць на некалькі кусцікаў.
Шыкоўны выбар саджанцаў ад фермерскіх гаспадарак і гадавальнікаў. Найбольш карыстаюцца попытам яблыні і грушы, чарэшні і слівы. Цікавімся ў аднаго з прадаўцоў гародніны і садавіны, што набыў. Кажа, персік з абрыкосам. Яны заўсёды вымярзаюць, а вось прышчэпліваць іх на дзікую сліву выходзіць цудоўна. Што б ні гаварылі вытворцы сельгаспрадукцыі, а кірмаш атрымаўся. Кожны з яго наведвальнікаў папоўніў запасы гародніны, садавіны, закупіўся збожжам. Хтосьці справіў абноўкі, іншы нарыхтаваў паліва. Увогуле, задаволіў свае патрэбы.
Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.