В Миорах на торжественном празднике хлеборобов
gazeta 8-12-2016, 15:17 0 Навіны

Самая шматлікая дэлегацыя—у складзе 18 чалавек—прыехала з ААТ "Туркова". Не выпадкова таварыства лепшае ў раёне і па вытворчасці сельгаспрадукцыі, і па прадукцыйнасці працы, і па эканоміцы. Шмат перадавікоў дэлегіравалі на свята ААТ "Дрыгучы", "Мікалаёўскі", "Узмёнскі край", "Чэрасы", УП "Цітова".
Па добрай традыцыі свята хлебаробаў Міёршчыны распачаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаслаў Бялько, які падвёў вынікі работы галоўных галін сельгасвытворчасці. Гаварыў не толькі пра поспехі. Так, з-за капрызаў надвор'я, недахопу абаротных сродкаў на набыццё мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы і гаруча-змазачных матэрыялаў хлебаробы сёлета намалацілі ў першапачаткова апрыходаванай вазе ўсяго 41, 9 тысячы тон збожжа і адмінусавалі да мінулагодняга 31 893 тоны. Забяспечылі ўраджайнасць большую за 30 ц/га толькі ААТ "Пад'ельцы" (34,3 ц/га), "Туркова" (31,6 ц/га), "Узмёнскі край" (33,5 ц/га), "Дрыгучы" (35,2 ц/га).

Раслінаводы гаспадарак раёна ствараюць дастатковы запас кармоў на пашавы і стойлавы перыяд. Радуе, што травяністых кармоў нарыхтавалі ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы больш леташняга—па 25 цэнтнераў кармавых адзінак. А ў ААТ "Туркова" забяспечанасць складае 33 ц к. адз., у ААТ "Гвар-дзейскі"—32,6 ц к. адз., УП "Цітова"—29,5 ц к. адз.
Усхваляваны кіраўнік райсельгасхарчу тым, што восенню не ў поўным аб'ёме праведзена зяблевае ворыва, што адмоўна паўплывае на ўраджайнасць сельгаскультур. Прычына такой сітуацыі—недахоп паліва і ранняя зіма. Пад асаблівым кантролем—азімыя зерневыя, якіх пасеялі 10 440 га, і вага коласу гэтых культур—вызначальная ў агульным аб'ёме вытворчасці збожжа.
Сёлетні год складаны і для жывёлаводаў. Па выніках работы за 10 месяцаў сельгасарганізацыі рэалізавалі на забой у жывой вазе 3,4 тысячы тон жывёлы, што менш мінулагодняга на 173 тоны. Аднак ва УП "Цітова" павялічылі рэалізацыю на 35,8%, у ААТ "Дрыгучы"—на 23,9%, "Чэрасы"—на 6,7%. У ліку важных фактараў—рост прадукцыйнасці статка. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ на дарошчванні і адкорме ў ААТ "Чэрасы" склалі за 10 месяцаў 685 грамаў, што на 176 г больш за сярэднераённы паказчык. Ва УП "Цітова" маладняк прыбаўляў у вазе па 684 г. І менавіта аператары па доглядзе за жывёлай з гэтых гаспадарак сталі пераможцамі раённага спаборніцтва.

На 1 лістапада сёлета арганізацыі АПК вырабілі сельгаспрадукцыі ў супаставімых цэнах на суму больш за 42,2 мільёна дэнамінаваных рублёў, што складае да аналагічнага перыяду 2015 года 89,9%, у тым ліку раслінаводчай—на 21 млн. (81,3% да мінулагодняга ўзроўню), жывёлагадоўчай—на 21,2% (100,5%).
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг за студзень-кастрычнік склала 33,5 млн. рублёў, што перавышае мінулагодні ўзровень на 1,5%. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі —322 тысячы рублёў пры рэнтабельнасці 1,1%. Чысты прыбытак —555 тысяч дэнамінаваных рублёў.
У сельскай гаспадарцы раёна сканцэнтравана вялікая колькасць работнікаў: на 1 кастрычніка сёлета ў вёсцы працавала 2096 чалавек, што на 196 менш, чым летась. Выручка на аднаго работніка—16 тысяч рублёў (+1,6 тыс. да мінулагодняга ўзроўню). Налічаны фонд заработнай платы за 10 месяцаў зменшыўся ў параўнанні з леташнім на 842 тысячы рублёў і склаў 6785 тысяч рублёў. Сярэднямесячны заробак па сельгасгаліне—302,7 рубля. Тут актуальная прыказка: як дбаем, так і маем. Напрыклад, у перадавым ААТ "Туркова" атрымліваюць па 492,5 рубля, а ў ААТ "Наўгароды" і "Юбілейны", якія заўсёды "ў хвасце"—толькі па 97 рублёў.
Начальнік райсельгасхарчу адзначыў работу не толькі сельгасарганізацый, якія непасрэдна займаюцца вытворчасцю прадукцыі, але і іх галоўных памочнікаў у жывёлагадоўлі—ветстанцыі і племстанцыі. Узгадаў пра работу мясакамбіната, камбікормавага завода, ільнозавода. Падзякаваў работнікам райаграсервісу, якія пасабляюць гаспадаркам у сельгасработах і рамонце трактараў і збожжаўборачных камбайнаў. Міёрская і Язненская ПМС асушалі землі, рэканструявалі і будавалі меліярацыйныя сістэмы. Дапамагаюць яны выконваць будаўніча-мантажныя работы, выязджаюць на палеткі ў складзе мехатрадаў.
У вырашэнні важных задач падстаўляюць плячо сельгасарганізацыям ПМК-55 і ДРБУ-203. Фінансава падтрымлвае іх аддзяленне Белаграпрамбанка.
Асаблівую падзяку Вячаслаў Бялько выказаў школам раёна, вучні якіх удзельнічаюць у розных сельгасработах летам, а восенню дапамагаюць ва ўборцы бульбы і агародніны.
Добрыя словы пачулі ўсе, хто самаадданай працай насуперак адмоўным уплывовым фактарам забяспечвае харчовую бяспеку не толькі нашага раёна, але і краіны ў цэлым.
Затым на галоўную святочную сцэну ўзняліся старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў і кіраўнікі—Віктар Сташкевіч з ААТ "Туркова", Франц Вершалоўскі з УП "Цітова" і Уладзімір Жылінскі з ААТ "Дрыгучы", іх гаспадаркі прызнаны пераможцамі ў раённым спаборніцтве як па асобных паказчыках і галінах, так і ў цэлым. Дзяўчына ў нацыянальным строі прыпаднесла духмяны здобны каравай кіраўніку раёна, які шчыра падзякаваў за выніковую працу лідарам лепшых калектываў, усім перадавікам і тым, хто не прыехаў на свята ў ліку пераможцаў, але карпатліва працуе не фермах і палетках. Затым адбылося ўзнагароджанне рэспубліканскімі, абласнымі і раённымі граматамі.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Тронькін дзякаваў моладзі, якая, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, застаецца ў вёсцы і штогод на жніве дэманструе ўзорную працу. Так, камбайнер Алег Тычко з ААТ "Узмёнскі край" лідзіраваў не толькі сярод маладых, але і па раёне. Не першы год займае прызавыя месцы на адвозцы збожжа ад камбайнаў вадзіцель ААТ "Гвардзейскі" Васіль Аўхаронак. Удала дэбютаваў на жніве самы малады хлебароб Дзмітрый Будо з ААТ "Мікалаёўскі", які намалаціў больш за 1000 тон зерня. Толькі 9 камбайнераў сёлета пераўзыйшлі такі высокі рубеж. Цяпер хлопец служыць у арміі. Маладыя пераможцы спаборніцтва атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.

Работнікі РДК, Дзісенскага ГЦК і Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі для перадавікоў вытворчасці канцэрт. І гледачы не шкадавалі мазолістых далоняў, гучна апладзіравалі.
Дадому са свята ўсе хлебаробы вярталіся з Граматамі, дыпломамі, важкімі прэміямі і добрымі эмоцыямі.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.