Ігар Валер'евіч падзякаваў тэхнікам-асемянатарам за працу і выказаў спадзяванне, што кожны пастараецца прадэманстраваць навыкі і ўменні. Аднак галоўная мэта конкурсу не ў вылучэнні мацнейшых, а ў павышэнні прафесіяналізму, бо гэта своеасаблівы форум, дзе спрактыкаваныя дзеляцца вопытам з навічкамі і ўдасканальваюцца ў майстэрстве.
Перад пачаткам выпрабаванняў дырэктар райплемстанцыі А. Клубань прааналізаваў работу тэхнікаў-асемянатараў за мінулы год. У сельгасарганізацыях раёна атрымалі 11 510 цялят, што на 239 менш, чым у 2014-ым. Выхад маладняку знізілі ў 10 гаспадарках, а найбольш—у ААТ "Мікалаёўскі" (-151), "Любінова" (-81). Пры гэтым быў прырост да 2014 года ў ААТ "Гвардзейскі" (+84), СУП "Павяцце" (+68), "Цітова" (+51), ААТ "Узмёнскі край" (+42).
Сёлета ў першым квартале на фермах нарадзілася 4 639 цялят і зноў адмінусавалі на 117 галоў. Нагнаць адставанне некаторым гаспадаркам не ўдасца, бо летась і сёлета недапрацавалі па асемяненні кароў і цялушак. Між тым, істотна павялічылі выхад маладняку за студзень-сакавік у ААТ "Мікалаёўскі" (+69) і "Любінова" (+67), СУП "Павяцце" (+34).

Па забеспячэнні выхаду цялят на 100 кароў і цялушак за мінулы год у бясспрэчных лідарах работнікі ААТ "Туркова" (тэхнікі-асемянатары А. Чалала і Т. Кожух)—144 галавы, а ў разліку на 100 кароў іх атрымалі па 117. Усяго на фермах сельгаставарыства нарадзілася 1140 цялят. Высокая і эфектыўнасць асемянення кароў—91%. Але апярэджвае іх ААТ "Міёрскі райаграсэрвіс", дзе 98% пакрытых "пяструшак" далі прыплод. Трэба падкрэсліць, што малады тэхнік-асемянатар з падсобнай гаспадаркі гэтага прадпрыемства І. Загорская працаўладкавалася нядаўна і атрымала першы маладняк летась. Вынікі парадавалі: у разліку на 100 кароў выхад склаў 106 цялят, на 100 кароў і цялушак—108.
Кіраўнік райплемстанцыі не выпадкова акцэнтаваў увагу на эфектыўнасці асемянення, бо кожная семядоза каштуе каля 45 тысяч рублёў, а пры двухкратным асемяненні каровы падчас ахвоты, як таго патрабуе тэхналогія, грашовы расход падвойваецца. Між тым, нярэдка ў гаспадарках пакрываюць жывёлу па 2-3 разы, а яна пры гэтым застаецца ялавай. Каб не дапусціць такога, варта строга захоўваць тэхналогію асемянення і якасна лячыць гінекалагічна хворую жывёлу. Гэта найперш мае дачыненне да ААТ "Папшулі" і ВУПКУ "Юбілейны", дзе эфектыўнасць асемянення летась склала адпаведна 54% і 46%. Са станоўчага боку адзначана работа тэхнікаў-асемянатараў СУП "Цітова" (Ю. Курган), ААТ "Мікалаёўскі"(В. Брыгіс), "Туркова" (Т. Кожух і А. Чалала), "Міёрскі райаграсэрвіс" (І.Загорская), "Дрыгучы" (В. Паніжнік), "Пад'ельцы" (В. Пінчук), "Чэрасы" (С. Зямец) і шэрагу іншых гаспадарак, дзе эфектыўнасць асемянення жывёлы за мінулы год была вышэй сярэднераённай.

Найбольшы агульны выхад цялят летась атрымаў ААТ "Мікалаёўскі"—1458 галоў (98 на 100 кароў і цялушак), але да папярэдняга года гаспадарка адмінусавала на 151 галаву, што не радуе. Аднак нельга папракаць тэхніка-асемянатара В. Брыгіса, які не толькі абслугоўвае вялікі дойны гурт дзвюх аб'яднаных гаспадарак, але і якасна лечыць гінекалагічна хворых кароў. Летась у яго "рабочай зоне" праведзена асемяненне 2276 кароў і цялушак. Для параўнання: у ААТ "Туркова"—1479, у ВУПКУ "Міёрскі" —1513, і ў гэтых гаспадарках працуюць па 2 асемянатары. Сёлета кіраўніцтву ААТ "Мікалаёўскі" нарэшце ўдалося вырашыць кадравую праблему: Л. Цімафеева закончыла спецкурсы пры Віцебскай ветакадэміі і абслугоўвае статак на сіцькоўскім участку.
Летась у сельгасарганізацыях раёна асемянілі 17 237 кароў і цялушак, што на 1086 галоў менш да папярэдняга года. Найбольш адмінусавалі ААТ Любінова" (-184) і "Мерыца" (-160). Многія гаспадаркі не выконваюць даведзеныя заданні, таму планы па атрыманні цялят у 2016-ым і ў наступным го-дзе могуць быць парушаны. Летась рост па асемяненні да ўзроўню папярэдняга года забяспечылі толькі ААТ "Дрыгучы", "Туркова" і "Чэрасы". І сёлета за першы квартал у гаспадарак адставанне. Спрацавалі з "плюсам" толькі ў пяці, а ў ліку лепшых ААТ "Пад'ельцы" (+53), СУП "Павяцце (+53) і ААТ "Гвардзейскі (+51). Пастаўлена задача ў летні сезон забяспечыць высокаэфектыўнае асемяненне максімальнай колькасці кароў і цялушак.
Вядучы спецыяліст абласнога племпрадпрыемства па штучным асемяненні сельгасжывёлы А. Барысенка адзначыў, што Міёрскі раён летась не выйшаў у лік пераможцаў па атрыманні маладняку (выхад цялят у разліку на 100 кароў склаў 81 галаву), але па-ранейшаму значыцца сярод мацнейшых, бо тут працуюць высокапрафесіянальныя спецыялісты і стаж работы ў многіх значны, ёсць тэхнікі-асемянатары з вышэйшай адукацыяй. Вядучы спецыяліст расказаў пра вынікі праверак некаторых гаспадарак і адзначыў работу па штучным асемяненні ў ААТ "Мікалаёўскі". Нават парэкамендаваў арганізаваць на яго базе раённы семінар. Высока ацэнены не толькі вытворчы прафесіяналізм тэхніка-асемянатара, але ідэальнае вядзенне неабходнай дакументацыі.
У практычным "экзамене" канкурсанты дэманстравалі ўменне падрыхтаваць рабочае месца, адтайвайць гранулы, ацэньваць жыццяздольнасць семя пад мікраскопам і г. д. Сачылі дырэктар райплемстанцыі А.Клубань і прадстаўнік аблплемпрадпрыемства У. Барысенка.
Адказвалі канкурсанты і на тэарэтычныя пытанні ў білетах. Многія прыехалі са спецыяльнымі дапаможнікамі, канспектамі, каб перад экзаменам "асвяжыць" свае веды. Як прызналася адна з канкурсантак: "Не страшна, але заўсёды перад прадстаўнічай камісіяй узнікае хваляванне, ад якога многае "вылятае" з галавы". Экзаменаваліся і па правілах вядзення дакументацыі—тэхнікі-асемянатары прывезлі журналы па асемяненні жывёлы. Тэорыю ацэньвалі галоўны заатэхнік-селекцыянер райплемстанцыі В. Найдзёнак і вядучы спецыяліст гэтага ж прадпрыемства І. Смір-нова, ветурач-гінеколаг райветстанцыі В. Бондар.
Пакуль ішлі выпрабаванні, у суседнім памяшканні заатэхнікі-селекцыянеры з дапамогай вядучага спецыяліста аблплемпрад-прыемства А. Арловай больш дасканала асвойвалі праграму па вядзенні камп'ютарнай базы дадзеных аб жывёле. Яе стварэнне—важны крок на шляху да павышэння эфектыўнасці племянной работы ў гаспадарках.
Па выніках выпрабаванняў з улікам вытворчых паказчыкаў лепшымі спецыялістамі па штучным асемяненні БРЖ прызнаны Аляксей Чалала (першае месца) і Таццяна Кожух (другое) з ААТ "Туркова", Юрый Курган з СУП "Цітова" (трэцяе). Ім уручаны каштоўныя падарункі і граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.