17 тэхнікаў-асемянатараў з гаспадарак раёна сустрэліся на конкурсе ў Туркоўскім сельскім Доме культуры

Калі добра ведаеш прадмет, здаць экзамен можна без папярэдняй падрыхтоўкі. Так і з конкурсам прафмайстэрства для тэхнікаў-асемянатараў, які штогод праходзіць у раёне. З прапанаванымі іспытамі ўдзельнікі кожны дзень сустракаюцца на працы, таму падчас спаборніцтва адчуваюць сябе ўпэўнена. У чарговы раз 17 тэхнікаў-асемянатараў з гаспадарак раёна сустрэліся на конкурсе 21 красавіка ў Туркоўскім сельскім Доме культуры.

Шпаргалкі не патрэбны

Да пачатку спаборніцтва хвілін дзесяць. Адны ўдзельнікі ўжо занялі месцы ў зале, іншыя яшчэ прагульваюцца на пляцоўцы ля СДК. Зусім не бачна, каб хтосьці хваляваўся, напружана паўтараў матэрыял ці раскладаў па кішэнях шпаргалкі. У гэтым  няма неабходнасці.
– Конкурсныя заданні – гэта тое, з чым штодня маем справу, – заўважае Іван Протас з ААТ «Туркова». – Тэхнікам-асемянатарам у гаспадарцы працую тры гады і на конкурсе не ўпершыню. На перамогу не разлічваю, для гэтага трэба мець куды большы стаж. 
– Удзел у конкурсе – магчымасць даведацца штосьці новае, – дадае Міхаіл Няміра з ААТ «Міёрскі райаграсэрвіс». – У гэтай прафесіі я толькі паўтара года, таму далёка не ўсё здаецца простым.
Стаж тэхніка-асемянатара ААТ «Мікалаёўскі» Віктара Брыгаса налічвае 15 гадоў. Да гэтага быў ветурачом. Ёсць чаму ў яго павучыцца калегам.
– Ды што тут вучыць? Галоўнае, каб жаданне было, – заўважае Віктар Мікалаевіч. – У гаспадарцы пад маім наглядам каля 1 200 галоў матачнага статка і больш за сто цёлак. Апошнія на бяспрывязным утрыманні. У гэтым свой плюс, бо лягчэй выявіць жывёлу ў ахвоце. У стойле заўважаць гэта складаней. Часам даяркі падказваюць, на якую карову трэба ўвагу звярнуць. Вопытная даярка – добры памочнік у нашай справе.

Мінусы трэба выпраўляць

Пра тое, што здароўе буйной рагатай жывёлы, у тым ліку рэпрадукцыйнае, – агульны клопат жывёлаводаў, заўважалі падчас нарады, з якой пачалі сустрэчу. Падвялі вынікі па ўзнаўленні буйной рагатай жывёлы за першы квартал года, абазначылі задачы на летні перыяд. Дырэктар філіяла «Міёрская племстанцыя» Анатоль Клубань адзначыў, што за мінулы год у раёне недаатрымалі 588 галоў прыплоду. Пайшлі ў мінус УП «Цітова», ААТ «Дрыгучы», «Туркова», «Пад’ельцы», КУП «Язна» і іншыя гаспадаркі. Сёлета ў першым квартале таксама ёсць мінусы, якія трэба імкнуцца выправіць.
Звярнулі ўвагу тэхнікаў-асемянатараў на належнае вядзенне дакументацыі, санітарны стан інструментаў, абсталяванне пунктаў штучнага асемянення, абазначэнне біркамі нованароджаных цялят і так далей. Па сутнасці, гаварылі пра тое, што добра вядома. Між тым паўтарэнне лішнім не бывае.

І тэорыя, і практыка

Пасля абмеркавання актуальных пытанняў перайшлі да конкурсу, які нагадваў экзамен з дзвюх частак. Тэарэтычныя веды правяралі ветурач-гінеколаг ветстанцыі Юрый Корсак і галоўны заатэхнік племстанцыі Ірына Смірнова. Практычныя навыкі ацэньвалі дырэктар племстанцыі Анатоль Клубань з калегай – вядучым заатэхнікам Ларысай Корсак. Канкурсанты павінны былі паказаць алгарытм падрыхтоўкі матэрыялаў для асемянення. Адзін з элементаў – адтайванне саломінак і гранул. 
– Тэмпературу вады для адтайвання – ад 37 да 38 градусаў – нават без тэрмометра вызначаю, – заўважае Таццяна Дзям’янава з ААТ «Пад’ельцы», якая першай прыйшла на практычны экзамен і хвіліны за дзве беспамылкова справілася з заданнем.
Надоўга ля століка з рабочым інвентаром ніхто з удзельнікаў не затрымліваўся. Як табліцу множання, кожны ведае, што пінцэт трэба апрацоўваць спіртам, саломінку трымаць у гарачай вадзе 20 – 30 секунд, а асемяніць карову неабходна на працягу 15 хвілін пасля адтайвання біяматэрыялу.
Тэорыю таксама здавалі, што называецца, на раз. Тэхнік-асемянатар з ААТ «Любінова» Людміла Усцінава выцягнула білет № 8. У ім тры пытанні. Першае, да прыкладу, гучыць так: «Выбар аптымальнага часу асемянення кароў і цёлак. Палавое ўзбуджэнне, ахвота, авуляцыя».
– Усе пытанні ў білеце лёгкія, – гаворыць канкурсантка. – Толькі мне куды прасцей справу рабіць, чым на словах тлумачыць. Работу сваю ведаю.
Дзевяць гадоў таму Людміла Генадзьеўна з-за прылаўка магазіна перайшла ў жывёлагадоўчую галіну. З абавязкамі тэхніка-асемянатара азнаёмілася на месячных курсах у Віцебску і з таго часу паспяхова выконвае іх на практыцы. 
 
Чацвёрка лідараў

Экзамен для прафесіяналаў доўжыўся менш за гадзіну. Пасля чайнай паўзы сабраліся ў зале павіншаваць выдатнікаў.
Як заўважыла журы, пры вызначэнні пераможцаў разам з іх выступленнем на конкурсе ацэньвалі і вынікі штодзённай працы. Адзін з паказчыкаў – выхад цялят на сто кароў за мінулы год. 
У ліку найлепшых чацвёра тэхнікаў-асемянатараў. Трэцяе месца падзялілі Леанід Паніжнік з ААТ «Дрыгучы» і Людміла Усцінава з ААТ «Любінова». На другім Вольга Карзянок з УП «Чэрасы». Першае месца прысудзілі Аляксандру Ізаітку з СУП «Цітова». Ён прадставіць Міёршчыну на абласным спаборніцтве, якое адбудзецца ў маі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.