Экологической тропой прошли дипломаты
gazeta 25-09-2015, 15:25 0 Навіны
Балота "Ельня" даўно даспадобы шэрым журавам. Штогод яны спыняюцца тут на адпачынак падчас асенняй міграцыі. І гэта з'ява надта прываблівае турыстаў. Паназіраць за птушкамі ў натуральным асяродку іх знаходжання, проста пабываць у краявідах, якія даўно ва ўсіх на слыху, імкнуцца не толькі беларусы з буйных гарадоў. Як сцвярджае дырэктар ландшафтнага заказніка "Ельня" Іван Іванавіч Барок, акрамя расіян, літоўцаў і латышоў, праяўляюць цікаваць немцы, італьянцы, палякі. А літаральна ў мінулую суботу на балота наведаліся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Брус Бакнелл і Павераны ў справах ЗША у Рэспубліцы Беларусь Скот Роланд са сваёй другой палавінай. Перад гэтым пачэсныя госці нанеслі візіт у райвыканкам, сустрэліся са старшынёй Ігарам Валер'евічам Кузняцовым.
Дыпламаты завіталі на Міёршчыну дзеля адпачынку. Натхніў на паездку прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, які пазней далучыўся да іх са сваёй сям'ёй. Замежныя госці пабывалі ў экацэнтры, прайшліся з экскурсіяй па экасцежцы, назіралі за журавамі, а вечарам глядзелі на вячэрні лёт. Як расказаў Іван Барок, турысты прыйшлі ў захапленне і ўзнагародзілі наш край мноствам маляўнічых эпітэтаў. З іх слоў, Ельня—адно з найпрыгажэйшых месц, якія ім даводзілася бачыць. Спадабалася ўсё: цёплы прыём на "Мацейкавай сядзібе" ў гаспадыні Галіны Уладзіміраўны Паўлоўскай, надта смачнае частаванне. Сілкаваліся і ў міёрскім кафэ "Чайка", дзе таксама захапіліся кухняй і цэнамі. Па іх меркаванні, стравы тут падаюць амаль дармавыя. Шаноўныя госці вельмі хацелі затрымацца і папрысутнічаць на экалагічным свяце "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю", аднак служба паклікала іх зноў у офіс. А вось прадстаўніку ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха належыла выканаць пачэсную місію адкрыцця мерапрыемства разам са старшынёй райвыканкама Ігарам Кузняцовым. За чатыры гады існавання фестывалю, Самарасінха наведвае яго другі раз і ганарыцца тым, бо шлях у Беларусь з востраўнай дзяржавы Шры-Ланка, адкуль ён родам, няблізкі—11 тысяч кіламетраў. Сёлета ён пераадолеў яго з жонкай, двума маленькімі дачушкамі і нават з сабакам.
—Беларуская зямля—неверагодная, а ваш рэгіён, асабліва Міёры і Ельня—незабыўныя,—гаварыў на свяце Самарасінха.—А яшчэ больш цудоўныя людзі. Ваша шчодрасць, гасціннасць і цеплыня скараюць сэрцы. Ад гэтага атрымліваем асалоду ўсе тры гады, пакуль знаходзімся ў Беларусі, гасцюем у Міёрах. Таму трэба заяўляць пра сябе, працягваць традыцыю фестывалю, перадаць яе дзецям і ўнукам. А мы з боку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый паспрыяем таму, каб як мага больш турыстаў наведвалася ў гэты непаўторны край. Прадстаўнік ПРААН адзначыў, што пашыраць гарызонты вядомасці патрэбна супольна і прапанаваў далучыцца да цікавай ініцыятывы, якая адбудзецца ў нашай краіне 23-30 кастрычніка з нагоды 70-годдзя ўтварэння Арганізацыі Аб'ядНаных нацый. На працягу гэтага тыдня праз усе абласныя цэнтры праедзе экспрэс-ААН.
Падчас прыпынкаў, працягласць якіх адзін дзень, пройдуць кірмашы, музычныя і тэатральныя прадстаўленні, разнастайныя шоу. Кожны можна вырашыць асабіста: ехаць у цягніку ці наведвацца ў месцы прыпынку. Да ініцыятывы далучацца знакамітыя людзі, сярод іх Дар'я Домрачава, замежныя асобы. Падчас такога падарожжа госці змогуць увачавідкі пабачыць Беларусь і ацаніць яе вартасці, а беларусы—знайсці новых сяброў сярод прадстаўнікоў іншых краін.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.