Шматлюдным быў нядзельны кірмаш у райцэнтры. З раніцы амаль усе пакупнікі скіраваліся да машын сельгасвытворцаў. А суседнія гаспадаркі—СВК “Любінова”, “Пад’ельцы”, “Туркова”, УП “Міёрскі” прывезлі зерне і бульбу, СВК “Узмёнскі”—мёд, падсобная гаспадарка камбікормавага завода “Павяцце”—парасят, сельгаскааператыў “Чэрасы”—ялавічыну. На ўсё быў попыт. Яўна не хапала капусты. І ўсё ж гараджане папоўнілі свае зімовыя запасы.
На рынку прапаноўваўся шырокі асартымент саджанцаў і пладовых кустоў. Цяпер самы спрыяльны час для пасадкі іх у грунт.
Гараджане маглі набыць розную агародніну, у тым ліку і памідоры, якія захавалі добрыя смакавыя якасці.
Віцебскі цэнтр верхавой язды па-сапраўднаму пацешыў юных міярчан катаннем на поні. Не толькі хлопчыкі, а і дзяўчынкі з радасцю садзіліся на спіны прыгожых жывёлін і з задавальненнем каталіся, атрымліваючы незабыўныя ўражанні.
У гэты дзень гучала цудоўная музыка, паўсюдна панавалі шчаслівыя ўсмешкі. Інакш кажучы, кірмаш стаў сапраўдным восеньскім святам.