Адразу скажу, што цікавасць да восеньскага кірмашу, які прайшоў у райцэнтры 13 кастрычніка, была вялікая. У першую чаргу ў тых, у каго не ўрадзіла агародніна. Асаблівы попыт быў на бульбу, дарэчы, яе прывезлі ААТ "Пад'ельцы" і "Туркова", а таксама капусту. Райспажыўсаюз некалькі разоў папаўняў яе запасы. Бойка ішоў гандаль у індывідуальных прадпрымальнікаў і ААТ "Пад'ельцы". Працяглы час стаялі чэргі ля машын з зернем. Вёдрамі рэалізоўвалі пшаніцу ААТ "Мерыца", мяшкамі — "Узмёнскі край", "Дрыгучы", "Чэрасы", райаграсэрвіс. Прадавалі ячмень сельгаставарыствы "Туркова" і "Гвардзейскі". Зразумела, пакупнікі спачатку "падмялі" зерне, што прапаноўвалі па больш нізкай цане.
Пастаянныя чэргі знаходзіліся ля прылаўкаў райспажыўтаварыства і прамысловых прадпрыемстваў. Хлебазавод прапаноўваў пакупнікам не толькі традыцыйныя хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, ласуны маглі набыць цудоўны "хвораст" прама з гарачай пліты. А ў мясакамбіната асаблівым попытам карысталіся навінкі, у першую чаргу каўбаса "Купалінка новая", заплеценая ў касічку. Не засталіся без увагі свежыя шашлыкі з пахам дымку.
Забаўляльную праграму прапанавалі культработнікі, дзейнічала некалькі бяспройгрышных латарэй.