Щедрые порции ласки теляткам дарит Элла Немененок из Повятья

 Прастору запаўняе гук бурлівага ручая. На імгненне заплюшчваю вочы, і здаецца, што побач невялікі вадаспад. Мы ў адным з хлявоў малочнатаварнага комплексу філіяла «Павяцце». Жывёлавод Эла Немянёнак толькі што раздала сваім 94 гадаванцам камбікорм. І гэты прыемны гук – сведчанне таго, што цяляты ядуць з апетытам.

– Хто ў гэты момант у хлеў зазірне, абавязкова заўважыць, што дзесьці вада працякае. Штораз адказваю: цяляты харчуюцца, – з усмешкай гаворыць жывёлавод.

Раздаць камбікорм – апошняе звяно ў ланцужку штодзённых клопатаў Элы Немянёнак. Першай справай поіць малаком самых маленькіх гадаванцаў, якім ад трох тыдняў да трох месяцаў. Пасля ўсім – і малодшым, і старэйшым – трэба раздаць сена, наліць вады ў паілкі. Затым уборка: выдаленне і вываз арганікі, падсыпка пілавіннем. Так два разы на дзень: з васьмі раніцы да апоўдня і з пяці да васьмі вечара, часам рамкі рабочага дня расцягваюцца. Усе дзеянні жывёлавод выконвае ўручную. Выхадных і святочных дзён у яе раскладзе няма.

– Фізічна цяжкая работа. Моладзь, можа быць, так і не працавала б, – заўважае Эла Леанідаўна. – Я ў вёсцы вырасла, да работы звыклая. Дома свая гаспадарка: дзве каровы, свінні, куры.

У жывёлагадоўлі Эла Немянёнак дзявяты год. Прыйшла сюды са сферы гандлю, па дыпломе – цырульнік і прыёмшчык заказаў комплексна-прыёмнага пункта.

– Родам я з вёскі Пуцінава. Пасля вучылішча ўладкавалася ва Узмёны на мясцовы КПП, затым выйшла замуж і пераехала ў Павяцце. Тут цырульнікам працавала, у школе тэхработнікам была, прадаўцом у магазіне, – знаёміць са сваёй біяграфіяй суразмоўніца. – Пайсці ў жывёлаводы не пабаялася. Клопаты па гаспадарцы былі добра вядомы, таму складанасцяў не ўзнікала.

Якой бы справай ні займаўся, яе трэба любіць, лічыць Эла Леанідаўна. Пра сваіх гадаванцаў клапоціцца з адказнасцю. Сведчанне таму сярэднясутачныя прывагі, якія ў красавіку складаюць 904 грамы. Разам з выпойваннем і кармленнем жывёлавод дае цялятам шчодрыя порцыі ласкі. Штораз пагладзіць, паразмаўляе з імі. Адгукаюцца гадаванцы на «кыс-кыс».

– Не верыце? Зараз паклічу, – гаворыць гаспадыня хлява, і на яе бадзёрае «кыс-кыс-кыс» падымаюцца ўсе 94 галавы. – Яны ж як кацяняты, ласку любяць. Любімчыкі ў мяне ёсць. Ззаду ходзяць і за адзенне грызуць. Адна цялушачка была – Ірыска. Так назвала з-за яе любові да салодкага. Шкада расставацца, калі ў шэсць месяцаў цялят у іншы хлеў пераводзяць. На іх месцы з’яўляюцца новыя гадаванцы.

Заўважаю на руцэ жывёлавода фітнес-гадзіннік. Бліжэй да апоўдня крокамер налічыў каля трох тысяч крокаў. Са слоў суразмоўніцы, гэта яшчэ няшмат, да канца дня набягае 10 тысяч, а то і больш.

Дома Эла Леанідаўна таксама ў руху. На сельскім падворку спраў заўжды хапае. У многім спрасціла бытавыя клопаты нядаўна падведзенае газавае ацяпленне. Гаспадары не нарадуюцца. У шчыльным графіку штодзённых турбот знаходзіцца час на адпачынак. Творчы пачатак жанчыны праяўляецца ў маляванні і рукадзеллі. З любоўю вяжа рэчы для чацвярых унукаў, усе яны тут – у вёсцы. Працуюць на малой радзіме дзеці. Сын Дзмітрый узначальвае філіял «Павяцце», дачка Наталля нядаўна выйшла на працу ў якасці заатэхніка-селекцыянера. Такім чынам у гаспадарцы ўтварыўся сямейны падрад.

Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий