20 лет в заботах о людях

 Ёсць такая работа – людзям дапамагаць. З гэтымі абавязкамі спраўляюцца супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёлета ўстанове, чые адрасы дапамогі вымяраюцца сотнямі, споўнілася 20 гадоў.


У самым пачатку


Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міёрскага раёна як юрыдычная асоба зарэгістраваны 10 студзеня 2002 года. Гэтая дата лічыцца днём нараджэння ўстановы. Асновай для стварэння цэнтра стала аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома, якое дзейнічала ў раёне з 1988 года. На той час загадвала ім Алена Шамёнак. На працягу 20 гадоў яна нязменны кіраўнік ТЦСАН.
– Прапанова ўзначаліць тэрытарыяльны цэнтр стала нечаканасцю, – успамінае Алена Венядзіктаўна. – Планавала, што застануся працаваць у аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома, якое ўвайшло ў структуру ўстановы. Атрымалася інакш. Цяпер у мяне самы вялікі стаж на пасадзе дырэктара ТЦСАН у вобласці.
Тэрытарыяльныя цэнтры ў краіне ствараліся ў адзін перыяд: на працягу 2001 – 2002 гадоў. Па ўспамінах Алены Шамёнак, у Міёрах установа пачала дзейнічаць раней, чым у Шаркаўшчыне і Верхнядзвінску. За вопытам дырэктар ездзіла да калег у Глыбокае і Докшыцы.
ТЦСАН пачаў работу з двух аддзяленняў. Аддзяленнем сацыяльнай дапамогі дома стала загадваць Клаўдзія Граковіч. У горадзе і раёне сацыяльныя работнікі абслугоўвалі 388 пажылых людзей. Спецыялістам у аддзяленні адраснай сацыяльна-эканамічнай дапамогі, якое прызначала дзяржаўную падтрымку і аказвала разавыя платныя паслугі, пачынала працаваць Ліліяна Батарчук, якая цяпер займае пасаду намесніка дырэктара ТЦСАН. Узначальвала гэтае аддзяленне Людміла Астукевіч. Цяпер загадвае аддзяленнем першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання. Тут вядуць банк дадзеных катэгарыраваных грамадзян, вывучаюць попыт на сацыяльныя паслугі, аказваюць кансультацыйна-інфармацыйную падтрымку, забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі грамадзян, якія маюць у гэтым патрэбу. Па-ранейшаму прызначаюць дзяржаўную адрасную дапамогу, дапамагаюць матэрыяльна пенсіянерам і інвалідам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Бухгалтарскія справы з самага пачатку знаходзіліся ў зоне адказнасці галоўнага бухгалтара Алены Захарэнь, якая і цяпер працягвае імі займацца.
Усяго ў калектыве цэнтра было занята 70 пастаянных супрацоўнікаў, 16 працавалі па сумяшчальніцтве.


Пастаяннае развіццё


Восенню 2003 года ў цэнтры з’явілася аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі. Яго супрацоўнікі на чале з Таццянай Шульга ўзялі пад апеку шматдзетныя, нядобранадзейныя і сем’і з дзецьмі-інвалідамі. Асаблівую ўвагу надавалі непаўналетнім з праблемных сем’яў, праводзілі з імі заняткі ў розных гуртках.
З часам на базе гэтага аддзялення ўзніклі два новыя. Таццяна Шульга ўзначаліла аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і загадвала ім да мінулага года. Цяпер з гэтымі задачамі спраўляецца Жанна Закрэўская. Аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ўзначальвае Ала Федарэц. Тут аказваюць падтрымку асобам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, курыруюць нядобранадзейныя сем’і, выконваюць шэраг дзяржаўных праграм, у рамках якіх праводзяць разнастайныя мерапрыемствы як лакальнага, так і раённага маштабу.
Дзверы аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў адчынены з 2004 года. Яно было створана ў Дзісне і размяшчалася ў будынку медустановы. У 2012-м – пасля рэарганізацыі мясцовай школы-інтэрната – пераехалі ў памяшканні былой установы адукацыі. Першым загадчыкам аддзялення была Ірына Мільяновіч. Восем гадоў як пра камфортныя ўмовы для падапечных клапоціцца Наталля Кураш.
Самае маладое ў структуры ТЦСАН – аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання, якое з нядаўняга часу ўзначальвае Ганна Ліскова. Заснаванае ў 2016 годзе ў Дзісне, праз год яно ўжо дзейнічала ў Міёрах. Сюды прыходзяць вучыцца новаму, развіваць свае творчыя здольнасці, цікава бавіць час. Мінулы год запомніўся заняткамі па камп’ютарнай граматнасці, што праходзілі падчас рэалізацыі ініцыятывы «Сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост». Ініцыятыва завяршылася, а кафэ працягвае сваю работу. Сёлета запланаваны сустрэчы з насельніцтвам Дзісны, Узмёнскага і Язненскага сельсаветаў. Першачарговая мэта – навучанне камп’ютарнай граматнасці і прававая асвета.
Таксама аддзяленне курыруе дзяцей-сірот да 23 гадоў, інвалідам аказвае паслугі асістэнта і памочніка па суправаджэнні.


Шматгранная дапамога


Сучасны ТЦСАН – установа з калектывам у 128 супрацоўнікаў і шасцю аддзяленнямі, якія аказваюць падтрымку розным катэгорыям насельніцтва. Напрыклад, пашырыла кола прапаноў аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома, якім цяпер загадвае Валянціна Кукуць. Акрамя сацыяльных работнікаў, што па-ранейшаму спяшаюцца да пажылых людзей, дабавіліся няні і сядзелкі. За паслугамі апошняй звяртаюцца да 15 чалавек у год. Усяго ў аддзялення 570 адрасоў дапамогі.
Запатрабаваны паслугі сацыяльнай цырульні, што дзейнічае з пачатку 2011 года. Цяпер тут гаспадарыць Ірына Вальтэр. У Дзісне са снежня 2012-га ў грамадзян, што знаходзяцца пад апекай ТЦСАН, прымаюць заказы на мыццё бялізны. Хапае спраў у рабочага Аляксандра Крука, які і дровы распілуе, і падворак абкосіць, і гаспадарчыя пабудовы адрамантуе. Усе вышэйпералічаныя паслугі аказваюцца на платнай аснове, аднак па сацыяльна нізкіх цэнах.


Міласэрнасць як частка прафесіі


Калі тэрытарыяльны цэнтр пачынаў сваю дзейнасць, сюды ўладкоўваліся на працу людзі з рознай адукацыяй. Цяпер прафесію спецыяліста па сацыяльнай рабоце можна атрымаць у вну, сацыяльных работнікаў рыхтуюць прафесійна-тэхнічныя ліцэі. Між тым наяўнасць дыплома – яшчэ не ўсё.
– Міласэрнасць, уменне спачуваць і прымаць чужыя праблемы, як свае, чуласць да людзей, – пералічвае Алена Шамёнак важныя для работнікаў сацыяльнай сферы якасці і падкрэслівае: – Раўнадушны чалавек не зможа тут працаваць.
Ва ўстанове 25 супрацоўнікаў заняты з дня яе заснавання. Калектыў сфарміраваўся. Прыходзіць моладзь са сваімі поглядамі і крэатыўнымі ідэямі.
– Люблю працаваць з маладымі лю- дзьмі, цаню работнікаў, якія шмат гадоў прысвяцілі ўстанове. Кожны займае сваё месца. Для мяне тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва як другая сям’я. Гэта штосьці большае, чым проста работа, – адзначае Алена Венядзіктаўна. – Хочацца, каб у нашай краіне захоўвалася сацыяльна арыентаваная палітыка і заставалася магчымасць дапамагаць шырокаму колу насельніцтва. Будзем старацца ўвасо- біць у жыццё важныя ідэі і працягваць добрыя справы.


Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з архіва рэдакцыі

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.