Газета для Вас і пра Вас
gazeta 5-07-2011, 13:16 2 101 Навіны
Мы заўсёды рэкламуем “Міёрскія навіны” як газету для вас і пра вас, нашы паважаныя чытачы. Пра гэта сведчыць уся 70-гадовая гісторыя выдання. Не буду яе пераказваць. Галоўная сутнасць, галоўны змест раёнкі захаваецца і ў далейшым: мы заўсёды будзем пісаць пра дасягненні, справы, праблемы нашай роднай Міёршчыны, пра яе людзей. Будзем імкнуцца крочыць у нагу з часам, асвятляць тыя праблемы, якія ў першую чаргу хвалююць усіх нас.
Абяцаю новыя тэмы і рубрыкі. Не так даўно з’явілася тэматычная старонка па жывёлагадоўлі. Праблемы здароўя будзем абмяркоўваць з “Вашым доктарам”. “Жаночая альтанка” з рубрыкі ператворыцца ў тэматычную старонку. Чытачы падказваюць новыя тэмы для “Маладзёжнага весніка”, прапануюць “Суботні калейдаскоп”.
Разлічваем, што сёлета павялічыцца аб’ём раёнкі па аўторках, з’явіцца магчымасць друкаваць усе старонкі ў колеры.
Творчае супрацоўніцтва з чытачамі — гэта наша пастаяннае імкненне, якое надае сіл, жадання працаваць лепш. Разлічваем на бясконцыя сустрэчы два разы кожны тыдзень.
Мы — з вамі!
На здымку: рэдактар радыё Казімір Альбертавіч Блажэвіч, карэспандэнт Людвіг Канстанцінавіч Касаты, галоўны рэдактар Леанід Аляксандравіч Матэленак.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Прадстаўніцы новага пакалення, якое ідзе на змену ветэранам раённага друку. Яны прыўносяць імпульс навізны і новых тэхналогій, новыя фарбы на газетныя старонкі. На здымку: намеснік галоўнага рэдактара Наталля Леанідаўна СТАНКЕВІЧ і загадчыца аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем Вольга Іосіфаўна ВІШНЕЎСКАЯ (справа).
Адказны сакратар Алена Уладзіміраўна ВАРОНІНА:
Лічу, што газета павінна прымушаць чытача разважаць над тым, чаго ён не ведае, і ведаць тое, чаго ён не разумее. Ніколі не бойцеся прыступаць да нечага новага, як кажуць, навічкам шанцуе! Мы і далей будзем прытрымлівацца гэтага дэвізу ў афармленні выдання.
Добрыя ўспаміны пакінулі пра сябе старшы аператар набору тэкстаў
Эма Калікстаўна ГРАКОВІЧ і лінатыпіст, а затым бухгалтар-касір
Галіна Аляксандраўна РАДЗІШЭВІЧ,
якія нядаўна пайшлі на заслужаны адпачынак.
Карэспандэнт Эвеліна Паўлаўна БАГДАНОВІЧ:
Маё крэда — прававая тэматыка. У сваіх землякоў вучуся складанай навуцы несці ў грамадства справядлівасць, сумленнасць. Разам з імі ўдасканальваюся ў жыццёвых пытаннях.
Рэклама, фінансы і разлікі — асноўны клопат галоўнага бухгалтара Антаніны Мікалаеўны НЯПОМНЯШЧАЙ і бухгалтара па рэкламе
Валянціны Пятроўны АЛІСЕЕНКА.
Загадчыца аддзела сельскай гаспадаркі і прамысловасці Эліза Генрыхаўна БЛАЖЭВІЧ:
Кожны сельскі жыхар ведае, што шлях ад коласа да пірага вельмі доўгі. Так і ў журналісцкай справе: перш чым напісаць артыкул, трэба шмат папрацаваць, ад чаго і сам атрымліваеш задавальненне, і чытачы, калі твая праца ўдалася.
Кожны нумар газеты да апошняй літары набраны аператарам Надзеяй Пятроўнай ЗАХАРЭНЬ. Удала размясціць тэксты, загалоўкі да іх, здымкі, расставіць рэкламу на старонках умее аператар вёрсткі Таццяна Леанідаўна ЗАЯЦ.
Ветэран рэдакцыі вадзіцель Раман Лёнгінавіч ЛАГУН гарантуе: журналісты своечасова даедуць на месца «гарачай падзеі».
У маі споўнілася 70 гадоў з дня выхаду першага нумара міёрскай раённай газеты, якая першапачаткова называлася “Бальшавіцкая трыбуна”. Рэдактар Міхаіл Раманавіч Шляхценка. Яе выданне аднавілася пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рэдактарамі газеты з’яўляліся са жніўня па лістапад 1944 года Н. К. Качан, з лістапада 1944 па жнівень 1951 года — П. А. Клінаў, з верасня 1951 г. да 1957 года — М. І. Латышаў, а пазней — А. Агурцоў.
У адпаведнасці з загадам рэдактара ад 25 лістапада 1944 г. №1 “...для вядзення ўліку ў рабоце рэдакцыі і друкарні раённай газеты “Бальшавіцкая трыбуна” як грашовых так і матэрыяльных сродкаў...“ рахункаводам прызначана Н. Л. Карцяновіч.
На падставе загада рэдактара ад 26 лістапада 1944 г. №2 старшым наборшчыкам прыняты Гайдар Мікалай Іванавіч, кур’ер-прыбіральшчыцай—Удра Уладзіслава Пятроўна (дзяржархіў у г. Глыбокае. Ф. 1624. Воп. 1-лс. С. 1. Л. 1-2.).
5 снежня 1944 года выйшаў у свет першы пасляваенны нумар газеты з даваеннай назвай “Бальшавіцкая трыбуна”. Нумарацыю пачалі з №1. Газета выходзіла 2 разы на тыдні вельмі маленькім фарматам у 1/8 друкаванага аркуша на беларускай мове тыражом у 1000 экземпляраў.
У 1945-1947 гадах адказнымі сакратарамі рэдакцыі працавалі Ніна Іванаўна Лясовіч, Т. Н. Лаўранцова, І. І. Кобыш, Б. Л. Чэрніна, І. Ф. Лакотка, О. Я. Чобат, Т. С. Ярафеева.
25 снежня 1952 года газета была перайменавана ў “Зару камунізму”, а 1 мая 1962-га — у “Сцяг працы”.
Складаны і цікавы шлях прайшла раённая газета за 70 гадоў, усе важнейшыя падзеі ў жыцці краіны і раёна знайшлі адлюстраванне на яе старонках. У пасляваенны час яна шырока асвятляла аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі, выкананне планаў лесанарыхтовак, закуп сельгаспрадуктаў, дзейнасць савецкіх і партыйных органаў па мабілізацыі насельніцтва на рашэнне задач гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. Вялікае месца адводзілася пытанням эканамічнай і сацыяльнай палітыкі СССР, шырока прапагандаваліся матэрыялы партыйных з’ездаў, пленумаў, пастановы ўрада, змяшчаліся цыклы артыкулаў, прысвечаных знамянальным датам.
Падборка матэрыялаў па старонках газеты “Бальшавіцкая трыбуна” за 1946 год
Быўшыя воіны прыступаюць
да мірнай працы
У раён пачалі прыбываць воіны Чырвонай Арміі па дэмабілізацыі трэцяй чаргі. Ужо прыбылі Фёдар Маслякоў з вёскі Зачарэўе Перабродскага сельсовета, Франц Рачыцкі з вёскі Цілеўшчына Урбанаўскага сельсовета, Уладзімір Невядомскі і Леанід Вашкель з Дварнасельскага сельсовета і другія.
Быўшыя франтавікі прыступаюць да мірнай працы.
26 мая, №20 (82)
На сялянскім сходзе
На сход сабраліся ўсе сяляне вёсак Барсукі і Дварчаны. Сюды прыехалі старшыня сельсовета і ўпаўнаважаны райкома партыі.
Сход праходзіў ажыўлена. Сяляне абмяркоўвалі пытанні аб хутчэйшым выкананні плана малакапаставак і датэрміновай аплаце падпіскі на Пазыку аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі СССР...
Пасля сходу сяляне дружна распачалі ўплату грошай па падпісцы на пазыку. Усяго тут жа было аплочана па вёсцы Дварчаны (упаўнаважаная па пазыцы Алеська Люба) 1045 рублёў і па вёсцы Барсукі—850 рублёў.
26 мая, №20 (82)
Сяляне будуюць дамы
Прыгожае было да вайны мястэчка Пераброддзе. Але нямецка-фашысцкія акупанты па-зверску разграбілі ўсё тут, большую частку дамоў спалілі.
Адразу пасля вызвалення жыхары мястэчка пачалі дружна аднаўляць свае дамы. Дзяржава адпусціла для будаўніцтва сродкі, лес.
У мінулым годзе пабудавана 6 дамоў. У гэтым годзе будуецца 10 дамоў. Заканчваюць будаўніцтва і скора перайдуць у новыя дамы Нікалай Казлоўскі, Нікалай Паўлоўскі, Іван Байнаровіч і другія. Падрыхтаван матэрыял для будаўніцтва новай школы, сельсовета.
13 чэрвеня, №25 (87)
Вялікая актыўнасць
Як толькі быў аб’яўлены двухдэкаднік дарожнага будаўніцтва, камсамольцы Валькаўскага сельсовета адразу арганізавалі камсамольска-маладзёжную брыгаду і выйшлі на дарогу. Брыгаду ўзначальвае камсамолка, упаўнаважаная по вёсцы Дварчаны Зоя Аніськовіч. Яна ў першы-ж дзень выпрацавала 3 дзённых нормы.
Добра працуюць камсамольцы Георгій Крупенька і Владзімір Белавус, якія выпрацоўваюць па дзве нормы ў дзень...
13 чэрвеня, №25 (87)
Прысваенне мнагадзетным мацерам пачотнага звання “Мать-героиня”
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР прысвоена пачотнае званне “Мать-героиня” з уручэннем ордэна “Мать-героиня” і Граматы Прэзідыума Вярхоўнага Совета СССР мацерам, нарадзіўшым і выхаваўшым дзесяць і больш дзяцей, Апалька Альбіне Мар’янаўне, хатняй гаспадыні вёскі Каткоўшчына Новапагостскага сельсовета і Пяткевіч Ядвігі Александраўне, хатняй гаспадыні вёскі Дзедзіна Лебедзеўскага сельсовета.
13 чэрвеня, №25 (87)
Першая партыя цэглы
Цагельны завод сістэмы райспажыўсаюза (вёска Гараўцы Мальцаўскага сельсовета) выпусціў першую партыю апаленай цэглы. Усяго выпушчана 20 тысяч штук цаглін. Таксама закладзена пад апалу 20 тысяч цэглы сырцу.
21 ліпеня, №33 (95)
1100 пудоў збожжа звыш плана
Сяляне Павяцкага сельсовета, змагаючыся за дастойную сустрэчу 29 гадавіны Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэвалюцыі, шырока разгарнулі звышпланавую здачу хлеба дзяржаве. Сельсовет штодзённа здае дзяржаве по 50
100 пудоў хлеба.
Усяго па сельсовету здана звыш плана 1100 пудоў збожжа.
7 лістапада, №53 (115)
Новыя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы
Яшчэ ў перадкастрычніцкім соцспаборніцтве калектыў работнікаў райпромкамбіната абавязаўся абсталяваць і пусціць у эксплуатацыю лесапільныя прадпрыемствы на млынах Рачнёва і Аблятова і гантарэзны станок на млыне Павяцце. Сваё абавязацельства промкамбінат з чэсцю выканаў. Зараз на млынах у Рачнёве і Аблятове новыя лесапілкі далі першую прадукцыю. На млыне Павяцце здана ў эксплуатацыю гантарэзная ўстаноўка.
14 лістапада, №54 (116)
Падборка падрыхтавана заг. аддзела
выкарыстання і публікацыі дакументаў
Дзяржархіва ў г. Глыбокае З. Н. РАСЛЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.