Стремительный творческий ритм держат в Чепуковском сельском Доме культуры
gazeta 12-10-2025, 10:00 454 Культура / Грамадства / На Міёршчыне
Тэматычныя дыскатэкі з арыгінальнымі фотазонамі, народныя абрады ў дзеянні, забавы для дзяцей, канцэрты для шырокай аўдыторыі. Імклівы творчы рытм трымаюць у Чапукоўскім сельскім Доме культуры, куды на мерапрыемствы збіраюцца як мясцовыя, так і госці з ваколічных вёсак і райцэнтра.
Задумкі афлайн
Сёлета ў студзені ўзначаліла Чапукоўскі СДК Вераніка Хаданёнак. Раней загадвала мясцовым аддзяленнем сувязі.
– Працаваць на пошту я пайшла адразу пасля школы. Сёлета ў лістападзе было б 13 гадоў у паштовай сферы, – расказвае суразмоўніца. – Аднойчы ўдзельнічала ў ролі Снягуркі ў шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурачак у райцэнтры. Тагачасны загадчык нашага СДК Міраслава Цыцына спытала, ці не жадаю змяніць прафесію. Прапанова зацікавіла, я задумалася. Паспрабавала – і ніколькі не пашкадавала. Вельмі падабаецца тут працаваць. Пастаянна ў думках пра работу, з імі кладуся спаць і прачынаюся. Сям’я мой выбар падтрымала. Часам далучаю да мерапрыемстваў трох сыноў-школьнікаў, муж дапамагае падбіраць музыку да дыскатэк.
У Веранікі багатая фантазія і ўмелыя рукі. Заўважае, ідэі фантануюць пастаянна. Разам з калегамі прыдумваюць і майструюць рэквізіт да мерапрыемстваў. Інтэрнэтам карыстаюцца зрэдку. Цікава ствараць самім.
«Фішка» – дыскатэкі
«Фішкай» установы сталі тэматычныя дыскатэкі. На першую – у стылі 80-90-х – завітала звыш 50 чалавек. У большасці гэта мясцовыя і госці ва ўзросце 30-40+, якія ў юнацтве бавілі на дыскатэках вольны час.
– Праводзілі конкурс на найлепшы вобраз 90-х. Амаль усе, хто прыйшоў, былі апрануты ў стылі той пары. Самі не чакалі, што такі варыянт адпачынку стане папулярным. Прыязджалі танцаваць нават сем’ямі: бацькі з дарослымі дзецьмі, – заўважае Вераніка. – Ладзілі тэматычную дыскатэку з фотазонай да Міжнароднага жаночага дня. Да дыскатэкі на выпускны пашылі школьную форму, самі завязалі банты, апранулі белыя фартухі і ў такім уборы сустракалі наведвальнікаў.
Памочнікі ў творчых справах – рэжысёры Наталля Тумарава і Вольга Пятрова. Наталля занята са снежня мінулага года і сумяшчае гэтыя абавязкі з работай у бібліятэцы, што знаходзіцца пад адным дахам з СДК. Вольга прыйшла ў калектыў сёлета ў сакавіку. Ад вёскі Кубелеўшчына ў Шаркаўшчынскім раёне, дзе цяпер жыве, да месца працы недалёка.
– Мы з Вольгай разам вучыліся ў Волкаўшчынскай школе, сядзелі за адной партай, – расказвае Вераніка пра сяброўку і калегу. – Я ведаю, што яна ўмее і на што здольная. Таму і прапанавала працаваць разам. Атрымліваецца.
Трэнд на народныя звычаі
У СДК дзейнічаюць творчыя аб’яднанні для дзяцей і дарослых. Накірункаў некалькі: танцавальны, вакальны, тэатральны, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ладзяць дзіцячыя мерапрыемствы. Адно з запамінальных – летняя гавайская вечарынка.
У трэндзе народная культура. На Вялікдзень, які сёлета адначасова святкавалі праваслаўныя і католікі, культработнікі паспрабавалі сябе ў ролі валачобнікаў.
– Развучылі велікодныя песні і ледзь не ўвесь дзень хадзілі па вёсцы з двара ў двор. Атрымалася цікава, і вяскоўцам спадабалася, дзякавалі, – прыгадвае Вераніка. – Хочацца паспрабаваць калядкі ў вёсцы правесці. Навагоднія дэкарацыі ўжо прыдумала.
Пакуль жа актыўна рыхтуюцца да канцэрта, прысвечанага Дню маці. Вершы і песні са сцэны СДК прагучаць у выкананні вучняў мясцовай школы, якой культработнікі вельмі ўдзячны за супрацоўніцтва.
Склалася надзейная каманда ўдзельнікаў самадзейнасці. У іх ліку Ала Байчук, Ірына Беразоўская, Святлана Сцяпанава, Святлана Паперадзень.
Супрацоўнікі сельскага Дома культуры спадзяюцца, што кола самадзейных артыстаў будзе пашырацца.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.