Авторизация
 

Злучыліся ў творчы карагод у Чэрасах

+
Соединились в творческий хоровод в ЧересахКалі ў Чэраскім СДК рыхтуюцца да агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці, першачарговая задача—выбраць народны абрад для тэатралізацыі. З кожным годам гэта складаней: у творчай спадчыне дзействаў назапасілася багата. Гуканне вясны, хрэсьбіны, дажынкі і іншыя каляндарныя і сямейныя святы прадстаўлялі на суд журы і гледачоў. Чым яшчэ здзіўляць і радаваць?!
 
—Накірунак дзейнасці ўстановы—фальклорны, таму выступленне з абрадамі традыцыйнае. У аснове мясцовыя звычаі,—адзначае дырэктар СДК Сняжана Аксёнава і дадае:—У розных рэгіёнах вобласці абрады свае. Да прыкладу, на маёй роднай Дубровеншчыне ўлетку праводзілі свята калодзежа. Выбіралі самы стары ў вясковым двары калодзеж, бо лічыцца, што ў ім вада найбольш чыстая і карысная, упрыгожвалі яго кветкамі, частаваліся вадой, песні спявалі. Для Міёршчыны падобнае не характэрна. Між тым у ваколічных вёсках адрозніваюцца падыходы да адных і тых жа абрадавых дзеянняў. 

З адраджэннем мясцовых традыцый клубным работнікам актыўна дапамагае бібліятэкар Надзея Аркадзеўна Федуковіч. Прымае ўдзел і ў пастаноўках. Ураджэнка гэтых мясцін, яна добра ведае тутэйшых жыхароў і памятае мінулыя дні ваколіц. Варта заўважыць, што чэраскія артысты дэманструюць народныя абрады не толькі на сцэне. У святочныя зімовыя дні адпраўляюцца калядаваць па вёсцы, прытрымліваючыся даўніх правіл.  

Творчая каманда СДК—згуртаваная і зладжаная. Надзейныя памагатыя дырэктара—мастацкі кіраўнік Юлія  Вішнеўская і акампаніятар Дзмітрый Радзіка. Чысціня і парадак ва ўстанове культуры—сфера адказнасці Людмілы Шамшур. Даўно не навічкі на сцэне самадзейныя артысты. У ліку пастаянных "няштатных супрацоўнікаў" Ларыса Раманоўская і Надзея Грэцкая з Чэрасаў, супрацоўнік мясцовага ФАПа Вольга Дабіжа, Зінаіда Скавародка з суседняй вёскі Пціцкія, Святлана Бакевіч і Дзмітрый Радзіхоўскі з Міёр. З сольнымі нумарамі выступаюць Юрый Казлоў, Ганна Шчасная з дачушкай, Люда Скавародка. 

Па выніках аглядаў-конкурсаў нумары і пастаноўкі Чэраскага СДК ацэньваюцца высока і ў "табліцы змагання" выходзяць на лідарскі п'едэстал.
—Першапачатковы сцэнарый нярэдка змяняецца падчас рэпетыцый,—заўважае Сняжана Мікалаеўна.—Удзельнікі канцэрта падказваюць ідэі, варыянты размяшчэння дэкарацый, пастаноўкі нумароў. Увогуле, узнікае адчуванне, што нашы самадзейныя артысты не горш за спецыялістаў у справе разбіраюцца. Імкнёмся да творчай разнастайнасці. Выступоўцам і гледачам прыйшліся даспадобы гумарыстычныя тэатралізаваныя канцэрты на манер "Крывога люстэрка" ці "Уральскіх пельменяў". Рыхтуем іх да розных дат календара. Здаровы гумар амалоджвае, артысты нібы перараджаюцца на сцэне і скідваюць з жыццёвага рахунку некалькі год. Заўсёды радасна, калі ў глядзельную залу, разлічаную на 150 месцаў, уносяць дадатковыя крэслы. Пасля гледачы актыўна абмяркоўваюць канцэрты і чакаюць новых.

Прыемны творчы падарунак для сяльчан—дзень вёскі. Такім мерапрыемствам заўсёды рады жыхары. Праходзяць святы на высокім душэўным уздыме. Як у саміх Чэрасах, так і ў невялікіх ваколічных вёсачках. Цікавым і змястоўным канцэртам папярэднічае значная падрыхтоўка: даведацца гісторыю мястэчка, бліжэй пазнаёміцца з яго жыхарамі, раскрыць, так бы мовіць, "душу" вёскі. Трэба і ў карэспандэнта, і ў псіхолага пераўвасобіцца.

Ёсць у прафесіі культработніка і пэўная доля рызыкі. Даводзілася супрацоўнікам установы падчас дыскатэк бойкі разнімаць. Дарэчы, Чэраскі СДК адзін з нямногіх у раёне можа пахваліцца выручкай за білеты. Гады два таму выйшлі на рэкорд—за адну дыскатэку прадалі 277. Сёлета найбольшая колькасць—86. Аднак і гэта добры вынік, калі мець на ўвазе, што дыскатэкі як форма адпачынку пакрысе застаюцца ў мінулым. Мясцовых танцораў у Чэрасах няшмат. Прыязджае моладзь з Узмён, Наўгарод, Міёр, Браслава, Верхнядзвінска. 

—Маладыя людзі, нібы птушкі пералётныя. Адно лета ў нас танчаць, на наступны год у Наўгароды спяшаюцца ці яшчэ ў які клуб. Пэўны перыяд суботнімі вечарамі і наш СДК пуставаў,—расказвае дырэктар.—У кожнага пакалення свае музычныя сімпатыі. Цяпер больш аддаюць перавагу замежным кампазіцыям, клубнай музыцы, падабаецца рэп-выканаўца Мот, час ад часу гучаць рэміксы на хіты 90-х.
Клапоцяцца ва ўстанове культуры і пра вольны час дзяцей. На гурткі "Умелыя рукі" і драматычны "Весялушкі" школьнікі малодшага і сярэдняга ўзросту ходзяць з ахвотай. Чытаюць па ролях казкі і п'есы, развучваюць танцавальныя нумары, малююць, нядаўна ўзяліся асвойваць пляценне з газетных трубачак.

—Дзяцей трэба зацікавіць адзін раз, і пасля яны будуць прыходзіць на гурткі,—упэўнена Сняжана Мікалаеўна, якую некаторыя падапечныя часам называюць настаўніцай.—Просяць заданні на дом. Неяк на выхадныя прапанавала прачытаць па апавяданню. Адна дзяўчынка нават на памяць тэкст вывучыла.
І малым, і дарослым цікава завітаць у СДК. Падтрымаць артыстаў на аглядзе-конкурсе, прыгадаць традыцыі і звычаі сваіх продкаў, ад душы пасмяяцца, адпачыць за цікавай справай.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва рэдакцыі.


рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 936
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 72 499
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 38 291
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 36 951
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 35 673
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 33 883
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 904
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2019
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2019
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта