Осенняя сказка приглашает на Миорщину
gazeta 22-09-2025, 16:40 335 Культура / На Міёршчыне
Россыпы журавін, фігуры жураўлёў, багацце дароў прыроды, рукатворны дэкор, забавы на любы густ, цёплыя ўсмешкі гаспадароў… Добрая восеньская казка панавала на падворках сельсаветаў, якія напоўнілі экасвята мясцовым каларытам.
Край паляўнічых і рыбаловаў – Пераброддзе. Штораз падкрэсліваюць гэта ў афармленні падворка. У вобразах паляўнічага і рыбачкі вітаюць гасцей старшыня сельвыканкама Віктар Дзеравянчык і загадчык Забалоццеўскай бібліятэкі-клуба Людміла Белая. Можна сфатаграфавацца ў паляўнічай фотазоне, пагуляць у дартс, праспяваць тэматычныя прыпеўкі, згуляць у бяспройгрышную латарэю, вывудзіўшы рыбку са шчаслівым нумарам са стылізаванага возера.
Свая рыбалка на падворку Язненскага сельсавета. У якасці рыб тут летні жаночы абутак, які не так проста зачапіць на кручок. Дамашнім хлебам частуюць Уладзімір і Іна Пашковічы. «Другі хлеб» язненцы выкарысталі як рэквізіт для бульбянога хакею. Перанесці клубень качаргой у кацялок – задачка не з простых.
Згуляць у гольф прапаноўваюць на туркоўскім падворку. Замест шароў – бульба.
– Можна сфатаграфавацца ў фотазоне «Балота Ельня». З жыццём нашага месцейка знаёміць фотавыстава. Асобны куточак прысвечаны 80-годдзю Перамогі, – праводзіць экскурсію загадчык Туркоўскага СДК Алена Кадушкевіч.
Падворак Мікалаёўскага сельсавета вабіць банерам у вясковым стылі. Кружыць гасцей у імклівым танцы жыхарка Бычыншчына Ніна Шупейка ў вобразе Журавінавай каралевы, спявае для гасцей загадчык Мікалаёўскага клуба Ігар Мятла. Упрыгожваюць падворак работы Наталлі Буда з Сіцькова ў тэхніцы алмазнай мазаікі.
Магніцікі на драўляных спілах з яльнянскімі пейзажамі, вязаныя бірулькі ў выглядзе журавінак і іншыя рэчы на падворку Міёрскага сельсавета прадстаўляе майстрыца з райцэнтра Жанна Пушкель. Частуе яблыкамі са свайго сада і прапаноўвае драўляныя вырабы для кухні Мікалай Дуброўскі з Мацюкоў. У бібліятэкара Чэраскай бібліятэкі Валянціны Пальчэўскай можна набыць журавіны ў цукровай пудры. Дзейнічае лялечны тэатр Чэраскага СДК. Кіраўнік музейнага аб’яднання СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Максім Філіповіч з вучнямі праводзяць віктарыну на веданне прадметаў сельскага побыту.
З адметнасцямі Міёршчыны знаёміць інтэрактыў, які на падворку Новапагосцкага сельсавета прапаноўвае гасцям настаўніца Чапукоўскай СШ Іна Гродзь. Абавязкова залюбуешся пейзажамі, лялькамі, мылам ручной работы і іншай прыгажосцю, якую стварае яе калега Таццяна Дубніцкая. Загадчык Чапукоўскага СДК Вераніка Хаданёнак запрашае пагуляць у «Жураўліны калаўрот».
Барабан «Поля цудаў» кру- цяць на павяцкім падворку. Яблыкі са свайго саду, мёд з уласнага пчальніка, сабраныя на балоце журавіны прапаноўвае Андрэй Чарнаок. З аграсядзібай «Ля вадаспада» знаёміць Іна Урбановіч. Хатнія і вулічныя кветкі розных відаў і гатункаў прапаноўвае Галіна Шук з Паташні. Вырошчвае расліны яе дачка Кацярына.
Шпарка ідзе гандаль у «Лізавецінай лаўцы» на падворку Узмёнскага сельсавета.
– Сыр з казінага малака амаль увесь прадала. Памідоры, бульбу, цыбулю разабралі. Яйкі таксама разышліся, – расказвае гаспадыня Лізавета Грызлюк.
Загадчык Узмёнскага СДК Крысціна Пасцеева ў вобразе цыганкі прадказвае гасцям будучыню. Традыцыйны пачастунак ад узмёнцаў – юшка з пеўня. Карыстаецца попытам медавуха мясцовага пчаляра Андрэя Сцепулёнка.
Колькі семечак у адной журавінцы? Колькі часу захоўваюцца журавіны? Азадачваюць пытаннямі на дзісненскім падворку Яўген Налівайка з гарадскога Дома культуры і ўдзельніца самадзейнасці Валянціна Швед у вобразе Журавінкі. «Забаўкі дзяўчынкі-журавінкі» прапаноўвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна Алена Красоўская. Пытанне, колькі гадоў жывуць жураўлі, выклікае цяжкасць ва ўдзельнікаў. Аказваецца, у няволі птушка жыве ў сярэднім 50 гадоў. Быў выпадак, калі журавель дажыў да 87. Упрыгожваюць падворак фотазона і вырабы майстроў Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў. У ліку святочных фішак – чай з Ельні. Заўважаюць: на «Славянскім базары» яго ра- забралі ўміг. Багаты стол накрылі на падворку гаспадыні з клуба «Цвецінскія прысмакі». Прапаноўваюць кулінарныя загадкі і смачныя пачастункі.
Прагулка па сельскіх падворках нібы вандроўка па казачных астраўках. На кожным свае героі і сюжэт – цікавы, вясёлы, адметны. Хочацца затрымацца ў добрай восеньскай казцы.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.