Фестиваль ""Жураўлі і журавіны" развернулся на Миорщине
gazeta 21-09-2024, 18:33 1 546 На Міёршчыне / Навіны
Больш чым у тры разы старэйшае за егіпецкія піраміды балота Ельня вабіць чароўнымі краявідамі і россыпамі журавін. Па запасах карысных ягад займае першае месца ў Беларусі. Дзясяткі тысяч птушак спыняюцца тут падчас асенняй міграцыі. І адсюль бярэ выток экасвята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», якое прайшло ў трынаццаты раз.
Каларыт і самабытнасць сельскіх падворкаў
Эпіцэнтр святочных падзей – гарадскі парк «Паўвостраў». Атмасфера экафэсту ахінае з уваходу: атракцыёны, гандаль сувенірамі, прадукцыяй з сада-агарода і, канешне, журавінамі. Па традыцыі, задаюць тон сельскія падворкі. Кожны нібы асобны свет са сваімі цікавосткамі.
У вобразе паляўнічага на перабродскім падворку сустракае старшыня сельвыканкама Віктар Дзеравянчык.
– На гэты раз я з намеснікам, – заўважае жартам і ўказвае на макет паляўнічага ў цэнтры фотазоны. – Адказна, шчыра і з душой мы штогод рыхтуемся да гэтага свята. Прадумваем навінкі, але па традыцыі акцэнт на адметнасцях нашага краю – паляўнічых і рыбалоўных угоддзях. Дзейнічаем камандай, таму нам лёгка і проста.
Падворак Міёрскага сельсавета адметны работамі мясцовых умельцаў. Здзіўляюць вырабы з газетнай лазы Раісы Крэнь з Чэрасаў. Першы раз прадстаўляе на свяце кухонныя рэчы з дрэва Мікалай Дуброўскі з Мацюкоў.
– З дзяцінства з дрэвам працую. Гэтыя ўменні ў спадчыну ад дзеда і бацькі атрымаў, – гаворыць майстар. – І цяпер гэта мая асноўная справа.
Узмёнскі падворак нібы міні-кірмаш. У «Лізавецінай лаўцы» можна набыць сыр з казінага малака і гародніну, вырашчаную Лізаветай Грызлюк. Мёд і прадукцыю пчалярства прадстаўляе Андрэй Сцепулёнак. Захоплены пчаляр ужо стаў брэндам падворка, заўважае старшыня сельвыканкама Ганна Барэйша. Таксама пастаянная фішка – «Юшка з петуха», што гатуе Святлана Свілёнак і рэцэпт якой на працягу многіх гадоў трымаюць у сакрэце. Упершыню на падворку прадставіла сваю прадукцыю прадпрыемства «Інвет» з Верхнядзвінскага раёна.
– У нас ёсць журавіны, а ў іх тара пад ягады па прывабных цэнах, – заўважае Ганна Барэйша. – Яшчэ прапануем набыць кансерваваныя салаты з гародніны ад нашых узмёнскіх гаспадынь. На кожным слоіку змешчаны рэцэпт іх прыгатавання.
Асенняя казка пануе на падворку Туркоўскага сельсавета, перад якім размясцілася стракатая фотазона з жураўлём і аздобленым жывымі кветкамі парасонам. На Новапагосцім падворку затрымліваюць позірк распісныя лялькі і іншыя рукатворныя цуды супрацоўніцы Чапукоўскай школы Таццяны Дубніцкай, шыкоўна глядзіцца выстава творчых работ бібліятэкара з Чапукоў Наталлі Тумаравай і мясцовай умеліцы Юліі Протас. Мікалаёўскі падворак упрыгожваюць вышытыя карціны Наталлі Будо і фотапейзажы старшыні сельвыканкама Алены Матылёнак. Што да святочнага меню, на працягу многіх гадоў тут фірменная страва – клёцкі ад кіраўніка спраў сельвыканкама Наталіі Белазорчык.
Святочны стол на падворку Завуццеўскага сельсавета накрываюць гаспадыні клуба «Цвецінскія прысмакі». Сярод апетытнай смакаты вылучаюцца зялёныя бліны з вяндлінай і сырам у ажурнай жоўтай абгортцы ад Таццяны Базылевай.
– Сакрэт зялёнага колеру просты: у цеста для бліноў дадаюць здробненую ў блэндары пятрушку, – дзеліцца гаспадыня. – Ажурная абгортка – з яечных бліноў.
Дэгустацыю дамашняга хлеба ладзіць на Язненскім падворку Уладзімір Пашковіч. Побач гаспадыня Іна Вітальеўна. У ліку яе захапленняў – нарыхтоўка іван-чаю, роспіс і дэкупаж кухонных лапатак. Незадоўга да жураўліна-журавінавага свята сямейная пара адзначыла каралавае вяселле.
Цікавымі фотазонамі вылучаецца падворак Дзісненскага гарсавета. Для гэтага пастараліся выхаванцы дзіцячага садка з бацькамі, майстры Дома рамёстваў, супрацоўнікі лясгаса. Падворак Павяцкага сельсавета сабраў разам гаспадароў і майстроў. Журавіны і ўраджай з сада прапаноўвае Андрэй Чарнавок. Побач Аляксандр Цітоў з багатым асартыментам сыроў уласнай вытворчасці. У гаспадыні аграсядзібы «Ля вадаспада» Галіны Урбановіч можна набыць сувенірную прадукцыю – валяных з воўны жураўля і журавіны. Прайсці майстар-клас па вырабе дзіцячых масак можна ў настаўніцы Павяцкай СШ імя В. Бабічава Марыны Друз. Упершыню на свяце Марына Шыпкова з плеценымі з джута шапкамі для лазні, мачалкамі, дыванкамі і іншымі рэчамі.
– Сама я з Гомеля. Падарожнічалі з маладым чалавекам па Міёршчыне, і нам вельмі спадабаліся гэтыя мясціны. Знайшлі домік у Мілашове, цяпер тут пастаянныя жыхары, – расказвае Марына. – Прыемна пабываць сёння на свяце. Яшчэ не ўсё пабачыла. Абавязкова прагуляюся па паўвостраве.
Асартымент цікавостак святочнага паўвострава
На святочным паўвостраве шмат цікавых прапаноў. Аматараў паэзіі і інтэлектуальных забаў чакаюць бібліятэкары. Для дарослых – літаратурная віктарына «Паэзія восені»: трэба ўгадаць аўтара па фота ці вершаваных радках. Для дзяцей – экалагічная віктарына пра балота Ельня, яго флору і фаўну.
Упершыню на экасвяце супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У рамках рэспубліканскага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі» праводзяць акцыю: мяняюць цыгарэты на мяшэчкі з журавінамі. Прыхільнікам здаровага ладу жыцця прапаноўваюць пакруціць «Кола фартуны» з пытаннямі. За правільны адказ – прыз. Урокі фінансавай граматнасці для дзяцей і дарослых праводзяць супрацоўнікі філіяла Белаграпрамбанка. У якасці адзнакі – памятныя прызы.
Чацвёрты год працуе на свяце «Жураўліная пошта». Як заўважаюць паштавікі, з кожным годам усё больш жадаючых перадаць прывітанне паштоўкай. Як па Беларусі, так і за мяжу. Ёсць пастаянныя кліенты.
– Вельмі люблю гэтую акцыю, пастаянна паштоўкі адпраўляю, – гаворыць Юлія Няміра з Завуцця. – Набыла паштоўкі для маці, сястры і дзвюх сябровак. Выбрала з журавінамі. Яркія, запамінальныя.
– Адаслалі прывітанне нашым бабулям. Ім прыемна будзе, – адзначае міярчанка Анастасія Зуева. – Кожны год прыходзім на свята сям’ёй. Дзяцей перш-наперш атракцыёны вабяць. Дарослым цікава па падворках прагуляцца. Журавін купілі, мёд набылі. Свята прыгожае, цікавае, сямейнае.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.