Саюз рукатворных i творчых набыткаў
gazeta 28-09-2022, 14:08 1 167 Культура
Традыцыйна свае набыткі – агульныя і асабістыя, прамысловыя і творчыя – прадставілі на экалагічным свяце падворкі сельсаветаў. У кожнай намінацыі журы адзначыла пераможцаў.
Мой дом – мая радзіма
Перабродскі маляўнічы куточак заўсёды славіўся паляўнічымі традыцыямі, што і прадставілі на падворку ў прэзентацыі. Трафеі – ваўкі, дзікі, казулі, куніцы, гусі і качкі. На багатым стале вылучаюцца сканцы (аладкі). Гасцей самабытнай тэатралізаванай праграмай сустракаюць супрацоўнікі дзіцячага санаторыя «Расінка» ў вобразе Бабы Ягі і Балотніка. Гэтыя «фішкі» заслужана сталі найлепшым увасабленнем асаблівасцей Міёрскага раёна.
Традыцыі і сучаснасць
На Завуццеўскім падворку чакаюць песні, танцы, забавы, жарты-прымаўкі і багаты мяснымі стравамі стол. Запрашаюць паслухаць і пакаштаваць, каб адчуць усе смакі свята.
Аўтарскай песняй пра дранікі пад гармонік распачынае прэзентацыю мясцовая жыхарка Ніна Мятла. Словы – яе брата Феафана з Віцебска.
Іх праграма найлепш адлюстроўвае народныя традыцыі.
Жураўліная песня
У выглядзе стылізаванага балота паўстае падворак Міёрскага сельсавета. Супрацоўнікі раскрылі тэму журавоў і журавін. Рэалізаваў насельніцтву ягады ў сырым выглядзе і ў цукры рамеснік з Міёрак Іван Загорскі. Прадставіў вырабы з дрэва – табурэты і дошчачкі для апрацоўкі харчовых прадуктаў, а таксама смакату – вэнджаную грудзінку, рыбу.
З калекцыі самавараў ад жыхара Дворнага Сяла Пятра Савіцкага частавалі гарачым чаем. Мёд упрыкуску прапаноўваў пчаляр ААТ «Пад’ельцы» Віктар Паўлоўскі. Сярод далікатэсаў – мёд з сотамі ад дзікіх пчол.
Смак журавін
На Язненскім падворку ўвасоблены рог багацця. Гаспадарка забяспечыла хлебны каравай у 3 тысячы тон. Акрамя збожжа тут і гародніна. Хлебам хатняй выпечкі частуе гаспадар Уладзімір Пашковіч. У язненскай гасцёўні адзначылі шыкоўны стол са страў беларускай нацыянальнай кухні: піражкамі з бульбы, з тварагом, з мясам, капустай і інш. А яшчэ сала ўласнай гадоўлі, блінчыкі з начыннем, бутэрброды з салам, хлебам, агурком і журавінамі.
У вясёлым карагодзе
Ля ўваходу ва ўзмёнскія ўгоддзі прыпаркаваўся конь з павозкай. Гаспадары гучна заклікаюць гасцей і хлебасольна вітаюць. Кожнага прысаджваюць на чароўную лаву, якая вызначае, што турбуе чалавека, і аператыўна вырашае праблемы. Адбою ад паслугі не было. Гэтую конкурсную праграму прызналі найлепшай.
Падтрымліваюць святочны настрой восеньская фотазона і карціны з алмазнай вышыўкай ад Тамары Пятроўны Шчарбаковай.
За талент, майстэрства
і сумесную працу
Узор сумеснай дзейнасці арганізацый у падрыхтоўцы да конкурсу дэманструе Новапагосцкі сельсавет. Фотазону з элементамі Года гістарычнай памяці стварылі педагогі Новапагосцкай школы. Фотаздымкі франтавікоў, яблыневы цвет, Міёршчыну і балота Ельня паяднала восеньская тэматыка.
Агразону з ураджаем-2022 прадставіла Чапукоўская школа, дзе чацвёрты год дзейнічае аграклас. Гаспадынькі частуюць журавінавым кісялём і рознымі стравамі. Майстар-клас па вязанні кручком дыванкоў са смеццевых пакетаў праводзіць майстрыца Тэрэза Корсак. Побач і яе аўтарскія вырабы.
Каравай
Міёршчыны
За прэзентацыю асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва ўзнагароджаны Павяцкі сельсавет. Гаспадар «Нашага падвор’я» з Суромшчыны Аляксандр Цітоў знаёміць са сваёй прадукцыяй – сырамі.
Павяцкая школа частуе мафінамі і травяной гарбатай. Расліны вырошчваюць і збіраюць на сваіх градках. Меліса, мята, чабор, маліна, ліпа – водар лунае нерэальны. У інтэрактыўнай гульні неабходна адгадаць расліну па фота. За правільны адказ атрымліваеш упакоўку смачнага чаю.
Паташнянскі сельскі клуб прадстаўляе праграму з лыжкарамі. Каля года пад кіраўніцтвам Дар’і Мілашэвіч займаецца самабытны дзіцячы ансамбль.
Восеньскае натхненне
Па меркаванні журы, найбольш арыгінальна аформіў падворак Туркоўскі сельсавет. У глыб балота вядзе экасцежка, дзе сярод рагозу хаваюцца лясныя звяры, густа рассыпаны журавіны. Прапаноўвае мёд Аляксандр Маляўка – патомны пчаляр, яго дзядуля Уладзімір Алеська даўно заняты на гэтай ніве.
На кастры ўжо даспяваюць юшка і шашлыкі. На стале вабіць зялёным бачком вінаград ад былога старшыні сельсавета Пятра Ціхановіча.
Зямля бацькоў –
жыцця крыніца
Мікалаёўскі падворак упрыгожвае сноп новага ўраджаю. Яго стварылі разам супрацоўнікі сельсавета і школы. Сустракалі гасцей прыпеўкамі і песнямі артысты мясцовага СДК. Атрымалася найлепшая прэзентацыя вырабаў народных майстроў. Карысталася папулярнасцю фотазона дзяўчынкі-восені.
Шчодрасць
роднай зямлі
У прэзентацыі сельскагаспадарчых і прамысловых арганізацый вылучаецца Дзісна. Лясгас прыехаў з тронам, што служыць выдатнай фотазонай. Гэта работа Вадзіма Маліноўскага. Прапануюць журавіны, венікі, пасадачны матэрыял.
Разнастайны стол прадставілі мясцовыя гаспадынькі. Распісныя пернікі перадала на свята супрацоўніца «Віцябчанкі» Юлія Воюш.
Журавінавыя матывы, любоў да роднага краю, захаванне гістарычнай спадчыны развілі работніцы Дзісненскага дома рамёстваў. Яны ж забаўлялі гасцей гульнёй «Меч вікінга». Найбольш спрытным атрымлівалася злавіць на меч кардонныя кольцы.
Алена ВАРОНІНА
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА
Саюз рукатворных i творчых набыткаў
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.