Міёры старажытныя
gazeta 23-02-2011, 14:50 3 352 Гісторыя краю

На працягу дзесяцігоддзяў пошукам звестак пра мінулае Міёршчыны найбольш актыўна займаўся выкладчык гісторыі СШ №3 В. А. Ермалёнак. Выдатна, што ў яго заўсёды знаходзіліся памочнікі і нават апаненты. Адзін з іх—С. М. Васільеў, які накіраваў у рэдакцыю вялікі допіс “Ці былі Міёры старажытныя”. Поўнасцю размясціць яго на старонках раёнкі мы не маем магчымасці, але з асноўнымі выказваннямі аўтара пазнаёмім.
С. М. Васільеў не пагаджаецца, што назва райцэнтра паходзіць ад назвы фінавугорскага племя “меря”, бо яно жыло на тэрыторыі Маскоўскай і суседніх абласцей. А гэта сама менш 600 км ад нашых мясцін. І нельга гэтае племя атаясамліваць з цяперашнім народам мары, што знаходзіцца яшчэ далей—за 1,5 тысячы км.
У старажытнасці фінавугры жылі на поўначы Беларусі, ім належыла неалітычная культура ямкава-грабеньчатай керамікі. Але гэта ўсход і цэнтр цяперашняй Віцебшчыны, Вілейскі рэгіён Міншчыны. Аднак на Міёршчыне яе помнікі пакуль не выяўлены. Аўтар абгрунтоўвае меркаванне, што на мясцовыя тапонімы не маглі ўздзейнічаць культура Кунда, якая потым трансфарміравалася ў нарвінскую, фінавугры і балты.
С. М. Васільеў лічыць звесткі, прыведзеныя В. А. Ермалёнкам у публікацыі “Міёры старажытныя” за 7 лістапада 2009 года, хаця і цікавымі, але ўскоснымі, якія не пацвярджаюць існаванне нашага райцэнтра ў старажытнасці. Першае ўпамінанне пра Міёры адносіцца да 1514 года, калі маёнткі Орцы і Мярэя былі падараваны Г. Калініковічу. Але ж раней існавала некалькі Мёраў у ваколіцах цяперашняга горада. Тое ж самае можна сказаць і пра паведамленне 1548 года пра Чэраскі і Мёрскі грунты. Большай увагі заслугоўвае вестка пра стадолу на беразе возера ў маёнтку Мёры па дарозе на Іказнь і Браслаў. Але калі і дапусціць, што той маёнтак знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняга райцэнтра, то ён яшчэ не паселішча, нават не хутар. Гэта месца жыхарства пана, яго сям’і і прыслугі, з гаспадарчымі пабудовамі. Да таго ж, стадола магла быць і ў Клётавым Двары, які раней таксама называўся Мёрамі, быў на беразе возера і непадалёку ад дарогі на Браслаў.
У вопісе войска Вялікага княства Літоўскага таксама згадваецца некалькі маёнткаў Мёры. Адзін з іх размяшчаўся на цяперашняй вуліцы Ізварына. А тады маршалак Браслаўскага павета Януш Дзмітрыевіч Пуцята наказваў пахаваць яго тут на полі і ўзвесці капліцу.
Потым быў аналагічны тэстамент Анастасіі Мірскай, у якім яна нагадвала пахаваць яе ў маёнтку Мёры на беразе возера ў новай царкве. Гэта адносіцца да цяперашняга райцэнтра, але таксама не згадваецца населены пункт, а толькі маёнтак, могілкі і царква.
Дарэчы, могілкі ў сучасным райцэнтры былі ўжо ў 15 стагоддзі паблізу цяперашняга аўтапарка. Але ж гэта не сведчыць пра існаванне сталага паселішча.
В. А. Ермалёнак лічыць, што спачатку павінен быў узнікнуць населены пункт, а потым з’явіцца культавая пабудова. Але ж бывае і наадварот. Пра гэта сведчаць нават школьныя падручнікі. І ў Міёрах Себасцьян Мірскі таксама спачатку заснаваў праваслаўны манастыр.
Нельга сцвярджаць і пра існаванне паселішча ў 15-16 стагоддзях у раёне цяперашніх вуліц Кірава, Леніна, Школьнай і Паштовай толькі па наяўнасці ў зямлі манет і керамікі. Гэтыя рэчы маглі застацца і на месцы правядзення кірмашоў. А яны адбываліся двойчы за год у тутэйшых мясцінах, арганізоўваліся бліжэй да касцёла, недзе ў раёне названых вуліц. Пра тое сведчыць апісанне 1871 года. Вось каб былі знойдзены рэшткі жытлаў і гаспадарчых пабудоў...

У 1784 годзе пры апісанні Міёрскай парафіі Міёры ўпершыню названы мястэчкам, пэўна, зноў жа дзякуючы касцёлу.
Пры апісанні парафіі за 1823 год у мястэчку згадваюцца 4 двары. Калі нават у пералік трапілі сядзібы толькі з каталіцкім насельніцтвам, ці магло быць істотна больш з ліку праваслаўных, уніятаў, іўдзеяў, мусульман. Тым больш, што праваслаўных да скасавання ўніі ў 1839 годзе тут зусім не было. А ўніяты сяліліся за 6 вёрст у Чэрасах, побач з уніяцкай царквой, валасным праўленнем.
За польскім часам у Міёрах жыў толькі адзін мусульманін, і той прыезджы.
Больш складана з іўдзеямі, якія ў пачатку мінулага стагоддзя складалі большасць насельніцтва Міёр. Але ў 1823 годзе і іх тут хутчэй за ўсё не было. Ва ўсякім выпадку ў апісанні кірмаша за 8 верасня 1871 года яны не ўпамінаюцца.
Такім чынам, гэтыя чатыры двары каталікоў хутчэй за ўсё і былі адзінымі сядзібамі ў Міёрах у 1823 годзе. Такія лічбы суадносяцца і з іншай статыстыкай. Так, у 1886 годзе ў Міёрах было 17 двароў і 110 жыхароў.
С. М. Васільеў робіць вывад, што сталае паселішча на тэрыторыі сучаснага райцэнтра стала фарміравацца толькі ў 19 стагоддзі. Да гэтага тут быў толькі духоўны цэнтр, магчыма, гандлёвы і адміністрацыйны. Але гандлёва-рамеснага мястэчка, хутчэй за ўсё, у старажытнасці не існавала.
ххх
Гістарычныя пошукі С. М. Васільева сведчаць, што ў гісторыі нашага райцэнтра яшчэ вельмі шмат “белых плям”. Яны тычацца як самой назвы, так і лёсу паселішча. Тым больш цікава працягваць пошукі нашым краязнаўцам.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.