Деревня Татары — не татарская?
gazeta 26-11-2013, 12:03 0 Гісторыя краю
На публікацыю "Стэпавыя назвы" ў №83 за 15 кастрычніка даслаў водгук аматар краязнаўства С. Васільеў. Прыводзім яго ў скарачэнні.
— Сляды татараў у нашых мясцінах аўтар бачыць у назвах тутэйшых вёсак. Па-першае, гэта Татары непадалёку ад Чэрасаў. Назва цікавая, але ў гэтай вёсцы і па дадзеных усіх перапісаў, і па ўспамінах старажылаў, заўсёды жылі праваслаўныя беларусы. Назва, хутчэй за ўсё, пайшла ад мянушкі. Вёска Фурсяны паходзіць ад нямецкага "фурс". Бушава таксама ад нямецкага "буш", што азначае куст, ад яго ж даволі распаўсюджанае прозвішча сярод немцаў і галандцаў. А ў Паўднёвай Афрыцы ёсць народ бушмены, які так назвалі галандскія каланізатары. У перакладзе гэта азначае "чалавек з кустоў". Назва Бірукі магла прыйсці і з рускай мовы (дзіклівы, замкнёны чалавек), тым больш, што ў тых мясцінах і цяпер жыве шмат стараабрадцаў.
Больш складана з назвай Кабякі. У ХІІ стагоддзі быў палавецкі хан Кабяк. Пазней у адным з улусаў кіраваў Кепек-хан. Але і тут магчымы варыянты. Больш цікавая назва Калганава. Справа ў тым, што ў крымскіх ханаў першы міністр насіў тытул калга.
Але татараў у нашых мясцінах было мала. Па перапісе 1897 года ў Дзісенскім павеце іх адзначана 209 на 203 тысячы насельніцтва, непасрэдна ў павятовым цэнтры жыло 13 на 9000. У Друі на 6000 жыхароў не было ніводнага. Невялікія татарскія асяродкі знаходзіліся ў Паставах, Глыбокім, Докшыцах. А татарскіх вёсак у нашым раёне ніколі не адзначалася. Па апошнім перапісе 2009 года на Міёршчыне выяўлена 5 татараў, а ўвогуле цюркамоўнага насельніцтва-усяго 32 чалавекі. Гэта крыху больш адной тысячнай часткі. Усе яны прыезджыя.
А вось на Павятчыне яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі былі вёскі з назвамі Нейланд, Шэйланд, Атланд, Вейтланд, у перакладзе з нямецкай гэта азначае Новая зямля, Прыгожая зямля, Старая зямля, Далёкая зямля. Цяпер аб існаванні тых населеных пунктаў ніхто і не ўспамінае. Але іх назвы не маглі з'явіцца выпадкова. У Мікалаёўскім сельсавеце некаторыя жыхары носяць прозвішчы Шляпеціс, Брыгас, Кодзіс. Яны па паходжанні летувісы. У вёсцы Фядосава яшчэ пасля вайны размаўлялі па-летувіску. І ў Полацкім раёне жыве 92-гадовая ўраджэнка з Фядосава, якая памятае летувіскую мову. У Жміндзіне (Новапагосцкі сельсавет) 3 гады таму памерла бабуля, якая памятала летувіскую мову.
Што да назваў Палякі, Палшчызна, то яны таксама не маюць дачынення да палякаў, тут заўсёды жылі праваслаўныя беларусы.
***
Нам прыемна, што тэма паходжанняў нашых населеных пунктаў аказалася цікавай для чытачоў. Будзем удзячны і за іншыя водгукі. Хаця адразу адзначаем, што ў паходжанні назваў магчымы варыянты, якія могуць быць навеяны і далёкімі стэпамі, і заходнімі ці нейкімі іншымі матывамі. Напрыклад, землі за Сіцьковам мясцовыя механізатары называюць Абісініяй не таму, што там жылі эфіопы, проста размешчаны надта далёка, як і тая Афрыка.
Запрашаем працягваць гэтую размову.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.