Краткая история Миор
gazeta 15-09-2015, 16:25 0 Гісторыя краю
Зусім нядаўна ў пастаўскім выдавецтве "Сумежжа" намаганнямі раённага грамадскага аб'яднання "Экаагратур", што дзейнічае пад эгідай тамашняй структуры Таварыства беларускай мовы, выйшла невялікая кніжачка—толькі 48 старонак—пад назвай "Кароткая гісторыя Міёр". Анатацыя сцвярджае, што "хаця Міёры сталі горадам не так даўно, яны маюць цікавую і адметную гісторыю, пра якую і распавядае гісторык Сяргей Васільеў".
Гартаю выданне пад прыгожай вокладкай і адразу заўважаю, што спасылак на архівы зусім няма, вартых увагі новых гістарычных фактаў—таксама, а недакладнасцей, суб'ектыўных ацэнак і супярэчнасцяў хапае. Вось аўтар нагадвае, што першабытныя стаянкі ля Міёрскага возера вядомы з часоў неаліту, жыло тут насельніцтва розных культур у бронзавым і жалезным вяках. Каменныя нажы і сякеры, крэмневыя сярпы знойдзены і непасрэдна ля вытокаў Мерыцы. А рэчы жалезнага веку ўжо выяўлены на ўскрайку сучаснага райцэнтра. Толькі з канца І тыс. да н.э. і да 17 стагоддзя н.э. сляды чалавечай жыццядзейнасці тут нібыта знікаюць. І вывад: "пра мястэчка ці пра які іншы тып населенага пункта казаць яшчэ вельмі рана". Пры тым спадар Васільеў нібы забывае толькі што ўласнаручна напісанае: у цэнтры горада, на вуліцы Школьнай, падчас пракладкі цеплатрасы, знойдзена кераміка 16 стагоддзя, нават збан на стагоддзе старэйшы. Ды там яшчэ выяўлены і культурны слой!
Вось гэтая ўласцівасць не зважаць на толькі што ўласна прыведзеныя факты і характэрна для "кароткай гісторыі". Яе аўтар можа пагадзіцца, што першае пісьмовае ўпамінанне пра Міёры адносіцца да 1514 года і тут жа сказаць: а ці была тая Мерэя, выслужаная Гетаўтам Калініковічам у вялікай княгіні Алены, цяперашнімі Міёрамі. Сумнявацца ў гэтым не толькі можна, а нават патрэбна, але са спасылкай на архіўныя дакументы, а не толькі на ўласныя разважанні.
Цяпер пра гісторыю назвы Міёр. Прывязка да забалочанага ляснога возера (ад прызнанай многімі вучонымі магчымага фіна-вугорскага -- марь) спадара Васільева не задавальняе. Але гэта толькі адна з найбольш верагодных версій, якая адпавядае тыпу мясцовасці. Большасць з названых аўтарам "Міёр" знаходзіцца на беразе вадаёмаў ці паблізу іх, а балот нават пасля масавай меліярацыі нядаўняй пары і цяпер хапае. Не выпадкова свой край мы нярэдка называем азёрным, Паазер'ем. Адсюль сучасны герб райцэнтра—белы лебедзь на азёрных хвалях. Прапаную паразважаць, як будзе выглядаць такі лагічны ланцужок, калі зыходзіць, што "хутчэй за ўсё яна (назва горада) паходзіць з балцкага Міёр, што значыць "мёртвы" альбо "спакойны"". Дарэчы, што тут фенаменальна "мёртвае" ці "спакойнае" было, каб назаўсёды застацца ў назве? І дзе ў свеце назва "жывога" населенага пункта паходзіць ад слова "мёртвы"?
У касцёльным перапісе 1784 года цэнтр парафіі Міёры ўпершыню названы мястэчкам. Разважаючы над тагачаснай дэмаграфічнай сітуацыяй, аўтар "Кароткай гісторыі" прыходзіць да высновы, што "нават тэарэтычна" ў 1514 годзе "ні горада, ні мястэчка, ні вёскі тут не было". Люд трымаўся Русачкоў, Дворышча, Пад'ельцаў. А што было, "чыстае поле"?
Ды не зусім, з кнігі вынікае, што ў 1641-1690 гадах тут быў праваслаўны манастыр (настолькі вядомы, што па тэстаменту Сімяон Полацкі перадае яму значную частку сваіх сродкаў, а лёсам святыні цікавіцца цар Пётр І—толькі пра гэта "скарочана"). Пазней паяўляецца касцёл, спачатку невялікі, потым дабудоўваецца, узводзяцца пры ім жыллё ксяндза, нават шпіталь. Паблізу "Міёры Некрашэвіча—цяпер вуліца Азёрная (дадам—і Набярэжная); Міёры Завадскага—цяпер вуліца Ізварына; Міёры Заазёрныя—цяпер вёска Міёркі 2…"
Працяг у "МН" №40.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.