Непадалёк ад вёскі Дзедзіна знаходзіцца крынічка. Існуе легенда, што яна ўтварылася са слёз Божай Маці, якая аплаквала свайго ўкрыжаванага сына.
А яшчэ мясцовыя жыхары расказваюць, што калісьці ў старажытныя часы ў гэтых мясцінах з'явілася невядомая страшная хвароба, ад якой скура ў людзей пакрывалася язвамі і пухірамі. Але тыя, хто хадзіў да крыніцы, адразу станавіліся здаровымі. Таксама лічыцца, што цудадзейная вада лечыць вочы і паляпшае зрок. Нездарма людзі ездзяць сюды і цяпер.