Источник "Святая вода"
gazeta 10-07-2012, 16:33 27 848 Гісторыя краю
У рэдакцыю наша чытачка Ірына даслала ліст, у якім прасіла падрабязней расказаць пра крынічку "Святая вада", што паблізу вёскі Гаране. Цікавілася таксама, ці праўда, што ля яе быў пабудаваны касцёл? Куды знік? Неяк людзі з Латвіі спецыяльна шукалі гэты выток.
Вось якія звесткі сабралі гісторык Вітольд Антонавіч Ермалёнак і яго выхаванцы, наведвальнікі гуртка "Арганаўты мінулага" з СШ №3:
Знаходзіцца крыніца "Святая вада" на адлегласці 3 км ад былой сядзібы Баравая. Шлях турыстаў ляжыць паміж прыгожымі азёрамі Глыбка, Гентава і Сумаўка — самае глыбокае ў раёне. Каб не заблудзіцца ў лесе, турыстам трэба арыентавацца на міліярацыйны канал, які ўпадае ў возера Гентава і праходзіць побач з крыніцай. "Арганаўты" запісалі паданне пра яе, даследавалі і склалі план капліцы, якая існавала тут, пра яе і гаворыцца ў паданні. Час яе пабудовы — 1909 год. На схілах канала арганаўты знайшлі рэчавы матэрыял, пачынаючы з 16 стагоддзя. "Святая вада" вядома была здаўна. Як пісаў А. Сапуноў, каб вада дапамагала, людзі заўсёды кідалі туды манеты, таму падчас ачысткі крыніцы ў 19 стагоддзі знаходзілі заходнееўрапейскія манеты 16-19 стагоддзяў.
Крыніца знаходзіцца над узроўнем мора на вышыні 149, 2 м. Існуе каля 5 тысяч гадоў. Лічыцца, што вада дапамагае ад многіх хвароб, у тым ліку і вачэй. Раней на Яна тут адбываліся фэсты.
Вада ўтрымлівае 168,42 мг/л гідракарбанату, 5,32 хлору, 31,22 сульфату, 1,25 нітрату, 50,7 кальцыю, 14,46 магнію, 2,7 натрыю, 1 калію, 0,35 жалеза, агульная мінералізацыя 285,43 мг/л, рН 8,31. Празрыстая, без колеру і паху, мае нязначны буры асадак.
Паданне аб пабудове капліцы ля крыніцы
Запісана ад А. В. Паўлоўскага, 1937 года нараджэння, а яму расказала яго бабуля Праскоўя Паўлоўская (1894-1980 года).
Вада з крыніцы заўсёды нам дапамагала ў розных хваробах. І калі страўнік забаліць, "папі нашча — то і пройдзе". Абмывалі дзіця, калі спалохаецца, або калі ноччу дрэнна спіць. Абавязкова маладуха перад вяселлем павінна гэтай вадой памыцца, каб не сурочылі.
Прыязджалі нават з іншых зямель багатыя людзі, настолькі пра яе была вялікая слава. Але каб вада дапамагла, трэба заўсёды памаліцца і кінуць манету.
Неяк наш чалавек выехаў у Амерыку і там разбагацеў. Але ў хуткім часе ён захварэў — адняліся ногі. Да якіх дактароў толькі ні звяртаўся, ніхто не мог яму дапамагчы, хоць ён і грошай не шкадаваў. Тады стаў звяртацца да розных знахараў. І вось адзін з іх параіў паслаць грошы дадому, каб на іх пабудавалі ля святой вады капліцу. Асвяціць у ёй крынічную ваду, прывезці яму гэтую ваду і памыць у ёй ногі. Хвароба пройдзе. Так і здарылася. Гэты чалавек выздаравеў.
Капліца ж была разабрана пасля апошняй вайны.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.